Наркагандаль
Наркага́ндаль — гандаль наркотыкамі. Уяўляе сабою шматмільярдны бізнэс, кантраляваны арганізаванай злачыннасьцю.
Падкляса ад | чорны рынак, злачынства |
---|---|
Практыкуецца | наркагандляр, drug dealer |
Выкарыстоўвае | незаконны дурман |
Выраб наркотыкаў
рэдагавацьДа асноўных рэгіёнаў вытворчасьці наркотыкаў адносяць:
- Залаты паўмесяц (Іран, Аўганістан, Пакістан) — тут вырабляецца самая вялікая колькасьць опію;
- Залаты трыкутнік (М’янма, Лаос, Тайлянд) — вытворчасьць опію;
- Паўднёвая Амэрыка (Калюмбія, Пэру, Балівія) — гадоўля кокі, зь якой робіцца какаін;
- Нідэрлянды — вытворчасьць марыхуаны і сынтэтычных наркотыкаў;
- Марока — вытворчасьць гашышу;
Варта адзначыць, што Аўганістан зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам опію ў сьвеце, на яго долю даводзіцца парадку трох чвэрцяў сусьветнай вытворчасьці опію-сырцу.
Гісторыя
рэдагавацьУ 2010 годзе сусьветны наркарынак склаў 72 мільярды $[1]. У 2012 годзе наркагандаль вырас да амаль 800 млрд даляраў, што было параўнальна з гандлем прыродным газам і нафтай. За папярэднія 5 гадоў у Калюмбіі з дапамогай авіяцыі зьнішчылі частку палёў з хмызьнякамі кокі. У выніку мафія перанесла вытворчасьць какаіну ў суседнія Балівію і Пэру. Адтуль замест ранейшых Мэксыкі, ЗША і Канады 300 тонаў какаіну за год сталі вывозіць у Аргентыну і Бразылію, дзе заставалася каля 30 тонаў. Астатнія 270 тонаў перапраўлялі праз Атлянтычны акіян у Заходнюю Афрыку. Затым дурман накіроўвалі ў Эўропу, дзе збыт какаіну вырас 5-кратна. У 2012 годзе на Аўганістан прыпала 90% сусьветнай вытворчасьці гераіну[2].
Беларусь
рэдагавацьКрымінальны кодэкс Беларусі 1999 году прадугледжваў ў 328-м артыкуле ад 3-х да 8 гадоў пазбаўленьня волі за збыт дурманаў і псыхатропаў, іх прэкурсараў і адпаведнікаў, а таксама за іх незаконны выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захоўваньне, перавозку і перасылку дзеля збыту. Да зьняволеньня ад 6 да 15 гадоў выракалі за наркагандаль групай асобаў, службовай асобай, ранейшым злачынцам ці ў дачыненьні асабліва небясьпечных дурманаў або збыт дурманаў на дзялянцы навучальнай установы, установы аховы здароўя, вайсковай часьці, папраўчай установы, арыштнага дома, месца ўтрыманьня пад вартай, лекава-працоўнага прафілякторыя, правядзеньня масавага мерапрыемства, а таксама заведама няпоўнагадоваму. Наркагандаль арганізаванай групай або спалучаны з вырабам ці перапрацоўкай дурманаў з выкарыстаньнем лябараторнага посуду і абсталяваньня для хімічнага сынтэзу цягнуў за сабой зьняволеньне ад 10 да 20 гадоў. Калі наркагандаль выклікаў сьмерць чалавека паводле неасьцярожнасьці ў выніку ўжываньня дурманаў, то за яго каралі зьняволеньнем ад 12 да 25 гадоў[3].
13 верасьня 2001 г. урад Беларусі далучыўся да Адзінага пагадненьня аб наркатычных сродках(en) 1961 году[4]. Артыкул 25 Пагадненьня прадугледжваў «Нагляд за макавай саломай» у якасьці наркатычнай сыравіны вытворчасьці опію. Артыкул 1 вызначаў: «макавая салома азначае ўсе часткі (за выключэньнем насеньня) скошанага опійнага мака»[5]. З 2004 г. на беларускім наркарынку сталі пераважаць «бубкі» (прасякнутае алькоідамі опію насеньне маку), што скарачаюць тэрмін жыцьця яго спажыўцоў да 2 год[6]. «Бубкі» пачалі пастаўляцца ў Беларусь у 2003 г., што міліцыя выявіла ў 2005 годзе. «Бубачнікі» склалі абсалютную большасьць наркаманаў, якія калоліся ў вену. Такія наркаманы ў абсалютнай большасьці хварэлі на гепатыт і вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), а таксама мелі па некалькі судзімасьцяў. У 2008 г. Цэнтар маніторынгу наркотыкаў і наркаспажываньня Гарадзенскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту на падставе статыстычнага спосабу паўторнага ахопу налічыў у Беларусі на канец 2007 г. 76,3 тыс. ін’екцыйных наркаспажыўцоў (1,3% насельніцтва ва ўзросьце 15—54 гадоў). Тым часам на ўліку Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь стаялі 10,5 тыс. наркаманаў (у 7 разоў менш)[7].
На канец 2010 г. «бубкі» ў выглядзе насеньня мака, забруджанага макавай саломай, прадаваліся праз «наркатаксі» (з замоўленага аўтамабіля), кіёскі і кватэры наркагандляроў («барыгаў»). 1 кастрычніка 2010 г. набыў моц новы дзяржаўны стандарт № 2078—2010 «Мак харчовы. Тэхнічныя ўмовы», які прадугледжваў поўную адсутнасьць дамешкаў сьмецьця ў насеньні маку. У выніку мытны дагляд стаў прыводзіць да канфіскацыі «бубачнай» кантрабанды ў грузавіках з сумежных Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь пачаў выяўляць у фурах замест заяўленай гародніны і садавіны па больш як 400 папяровых 25-кіляграмовых мяхоў з насеньнем мака (тона), забруджанага макавай саломай агульнай масай звыш 250 кг (звыш 25% ад масы мяхоў). Аднак завоз грузавымі фурамі працягнуўся з сумежнай Расеі праз удзел у Мытным зьвязе зь ёй. У рамках адзінай мытнай прасторы з Расеяй 9-ы артыкул Пагадненьня аб адзіных захадах нетарыфнага рэгуляваньня ў дачыненьні да трэціх краінаў ад 25 студзеня 2008 г. прадугледжваў: «У выключных выпадках Бакі могуць у аднабаковым парадку ўводзіць захады нетарыфнага рэгуляваньня, прадугледжаныя сапраўдным Пагадненьнем, на тэрмін, які не перавышае 6 месяцаў»[8]. У выніку гандлёвыя прадпрыемствы Беларусі сталі пераважна праводзіць закуп «бубак» на расейскіх складах у Маскве і Пецярбургу. Затым грузавымі аўтафургонамі «бубкі» перавозілі на склады пры гандлёвых цэнтрах у Менску, дзе тыя прадаваліся па $30 за кг. Адтуль «наркатаксісты» (раздробныя наркагандляры, якія прадавалі на замову з аўтамабіляў) развозілі «бубкі» па сваіх мікрараёнах. Перапродаж 30 кг забруджанага макавай саломай насеньня па $40 за кг ($10 навару на кг) даваў «наркатаксісту» $300 навара за суткі. У выніку за 15 дзён разьездаў на месяц заробак «наркатаксіста» складаў $4500, зь якіх $500 ішло на паліва і пачынку аўтамабіля, чысты прыбытак складаў $4000[7].
У 2011 г. сутачны абарот «бубак» налічваў 5,5 млрд рублёў ($981 тыс.), што складала 2007,5 млрд руб ($358,1 млн)[9] за год. Тым часам сума адміністратыўных і судовых спагнаньняў з боку Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь пры правапарушэньнях у гандлі макам за 20 месяцаў са студзеня 2010 г. па жнівень 2011 г. склала 571,3 млн рублёў ($190,8 тыс.; 20% дзённай выручкі ад гандлю «бубкамі» ў краіне). У ліпені 2011 г. Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь пачало канфіскацыі «наркатаксі» (аўтамабіляў, якія развозілі «бубкі» на замову). Крымінальная адказнасьць з адбываньнем зьняволеньня прадугледжвалася пры выцягваньні опію з насеньня мака. На пачатак лістапада 2011 г. кг «бубак» каштаваў у сталіцы Беларусі 220 тыс. рублёў ($25)[7].
На пачатак 2014 году ў турмах Беларусі знаходзілася 2294 асуджаныя за незаконны абарот дурманаў і псыхатропаў, што было 4-м найбольшым лікам асуджаных за пэўнае злачынства пасьля крадзяжу, забойства і цяжкага цялеснага пашкоджаньня. За 2013 год 358 (14%) асобаў асудзілі за сам збыт дурманаў, а 2112 — за іх незаконны выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захоўваньне, перавозку і перасылку бяз збыту. Сярод іх затрымалі 892 (36%) асобаў у адурманеным стане[10].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятлана Барысенка. Арганізаваная злачыннасьць цікавіцца «жывымі каштоўнасьцямі» // Зьвязда : газэта. — 4 сакавіка 2011. — № 42 (26906). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Юры Царык. Геапалітыка залежнасьці // Зьвязда. — 27 лістапада 2013. — № 223 (27588). — С. 1, 5.
- ^ А. Лукашэнка. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 9 ліпеня 1999 г. № 275-З // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 11 кастрычніка 2021 г. Праверана 25 студзеня 2023 г.
- ^ Адзінае пагадненьне аб наркатычных сродках 1961 г., папраўленае Пратаколам ад 25 сакавіка 1972 г. (анг.) // Збор дамоваў ААН, 2015 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
- ^ Адзінае пагадненьне аб наркатычных сродках (анг.) // Вікікрыніцы, 12 траўня 2011 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
- ^ Яўген Валошын. Чаму ў цэнтры сталіцы прадаецца опіюм // Зьвязда. — 25 чэрвеня 2010. — № 122 (26730). — С. 11.
- ^ а б в Яўген Валошын. З-за чаго пастаўкі наркатычнага маку ў Беларусь не могуць спыніць // Зьвязда. — 10 лістапада 2011. — № 214 (27078). — С. 5.
- ^ Пагадненьне аб адзіных захадах нетарыфнага рэгуляваньня ў дачыненьні да трэціх краінаў (рас.) // Прававы партал Эўразійскага эканамічнага саюза, 6 лістапада 2012 г. Архіўная копія ад 6 лістапада 2012 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2011 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2012 г. Праверана 27 лістапада 2015 г.
- ^ Надзея Паўлава. За выраб наркотыкаў у лябараторыі — больш жорсткае пакараньне // Зьвязда. — 29 сакавіка 2014. — № 58 (27668). — С. 3.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |