Лё Карбюзье

швайцарскі архітэктар

Лё Карбюзье́ (па-француску: Le Corbusier, сапраўднае імя — Шарль-Эдуа́р Жанэрэ́-Гры, па-француску: Charles-Édouard Jeanneret-Gris; 6 кастрычніка 1887 — 27 жніўня 1965) — францускі архітэктар швайцарскага паходжаньня, стваральнік архітэктуры інтэрнацыянальнага стылю, мастак і дызайнэр. Яго ўсебаковая мастацкая дзейнасьць паўплывала ня толькі на архітэктуру, але і на ўрбаністыку.

Лё Карбюзье
Le Corbusier (1964).jpg
Лё Карбюзье
Імя пры нараджэньні Шарль-Эдуар Жанэрэ-Гры
Дата нараджэньня 6 кастрычніка 1887
Месца нараджэньня Ля-Шо-дэ-Фон, Швайцарыя
Дата сьмерці 27 жніўня 1965
Месца сьмерці Кап Мартэн, Францыя
Прычына сьмерці інфаркт міякарда
Месца пахаваньня
Занятак архітэктура, дызайн
Навуковая сфэра архітэктура
Плынь урбаністыка
Працы будынак Віла Савой
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу

Лё Карбюзье — адзін з найбольш значных архітэктараў дваццатага стагодзьдзя, яго месца ў адным шэрагу з такімі рэфарматарамі архітэктуры, як Фрэнк Лойд Райт, Вальтэр Гропіюс, Міс ван дэр Роэ. Дасягнуў знакамітасьці дзякуючы сваім збудаваньням, заўжды самабытна арыгінальным, а таксама таленавітаму пяру пісьменьніка-публіцыста. Будынкі паводле яго праектаў магчыма ўбачыць у розных краінах — у Швайцарыі, Францыі, Нямеччыне, ЗША, Аргентыне, Японіі і нават Расеі.

Незвычайную папулярнасьць творчасьці Карбюзье можна патлумаць унівэрсальнасьцю яго падыходу, сацыяльнай напоўненасьцю яго прапановаў. Нельга не адзначыць яго заслугі і ў тым, што ён адкрыў вочы архітэктарам на свабодныя формы. У вялікай ступені менавіта пад уражаньнем яго праектаў і пабудоваў адбыўся зрух у сьвядомасьці архітэктараў, у выніку чаго свабодныя формы ў архітэктуры сталі прымяняць значна шырэй і з большай нязмушанасьцю за тое, якім чынам гэта рабілася раней.

У 2016 годзе 17 яго твораў у 7 краінах сьвету былі ўключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[1].

БіяграфіяРэдагаваць

Шарль Жанэрэ паходзіць са старога, шырокаразгалінаванага роду. Бацька будучага архітэктара Жорж-Эдуар быў гадзіньнікавым майстрам, і меў уласную фабрыку па вытворчасьці гадзіньнікаў у Ля Ша-дэ-Фондс, якая ў той час была адной з асноўных цэнтраў вытворчасьці гадзіньнікаў у Швайцарыі. Маці, Мары-Шарлёт-Амэлі была піяністкай.

У маладосьці, Шарль працаваў у гравёрнай майстэрні свайго дзядзькі, дзе займаўся гравіроўкай ініцыялаў. У 1900—1904 гадах ён вучыўся на гравіроўшчыка ў мастацкай школе ў Ла Ша-дэ-Фондс. Прафэсар гэтай школы, Шарль Л’Эплатэньер, зацікавіў маладога чалавека архітэктурай. Першапачаткова Шарль Жанэрэ знаходзіўся пад уплывам архітэктуры мадэрна і ангельскага руху арт-энд-крафтс, але ў 1906—1907 гадах разам з Рэнэ Шапалазам рэалізаваў будову першага будынка па сваім праекце, багата дэкараваную вілу для гравёра Люі Фалета. У 1907 годзе Шарль зьдзейсьніў першае мастацкае падарожжа на поўнач. Ён наведаў Мілян, Флярэнцыю, Галузу, Сіену, Балёньню, Падую і Вэнэцыю, а потым пераехаў у Аўстра-Вугоршчыну, дзе наведаў Будапэшт і Вену. У Вене, некаторы час, Шарль Жанэрэ працаваў у аднаго зь вядомых аўстрыйскіх архітэктараў Джозэфа Хофмана, а таксама пазнаёміўся з ідэямі Адольфа Лоаса. У сакавіку 1908 году малады архітэктар упершыню наведаў Парыж, дзе працаваў у майстэрні парыскага архітэктара Агюста Пэрэта. Там ён працаваў 15 месяцаў, набыўшы значны вопыт у працы з жалезабэтонам. У 1909 годзе ён пазнаёміўся ў Ліёне з адным з прадстаўнікоў новай архітэктуры Тоні Гарнье.

У 1910 годзе Шарль Жанэрэ зьдзейсьніў доўгае падарожжа ў Нямеччыну, каб пазнаёміцца з дасягненьнямі дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва гэтай краіны. Працуючы ў Пэтэра Бэхрэнса, ён пазнаёміўся зь Мэса ван дэр Рохе і Вальтэрам Гропіюсам. У наступным годзе спаткаўся з Генрыхам Тэссэнам, архітэктарам гораду-сада Grünau-Falkenberg (пабудаваным у 1913 годзе). Наступнае падарожжа Шарль зьдзейсьніў ва Ўсходнюю Эўропу, Турцыю, Грэцыю і Італію, пад час якой ён стварыў шмат малюнкаў, нататкаў і здымкаў.

У 1913 годзе Жарль Жэнэрэ арганізаваў першую выставу сваіх працаў (акварэльных малюнкаў). У гэты час ён займаўся напісаньнем сваёй кнігі «Будоўля гарадоў» (La construction des villes).

У 29-гадовым узросьце Шарль пасяліўся ў Парыжы. У 1917 годзе ён стварыў там уласную архітэктурную майстэрню. З 1919 году пачаў выдаваць архітэктурную газэту «Esprit Nouveau» (Новы дух), у якой свае артыкулы падпісваў псэўданімам «Le Corbusier». Хутка ён наблізіўся да парыскіх авангардысцкіх мастацкіх асяродзьдзяў. Разам з Амэдзі Азэнфантам стварыў новы кірунак выяўленчага мастацтва — пурызм. З 1925 году ён актыўна карыстаўся сваім псэўданімам як архітэктар і мастак. З 1923 да 1940 году кіраваў майстэрняй разам са сваяком Пьерам Жэнэрэтам, зь якім разам працавалі над праектамі і артыкуламі.

У 1926 годзе Лё Карбюзье напісаў кнігу «Архітэктура машыннай эпохі» (Architecture d'époque machiniste). Праз два гады ён стаў адным з заснавальнікаў Міжнароднага Архітэктурнага Кангрэсу (Congrès Internationaux d'Architecture). У гэты пэрыяд Лё Карбюзье часта наведваў ЗША, Нямеччыну і Савецкую Расею, дзе пазнаёміўся з Усеваладам Меерхольдам і Альбэртам Айнштайнам. 19 верасьня 1930 году Лё Карбюзье атрымаў францускае грамадзянства, і 18 сьнежня гэтага ж году ажаніўся з Івон Галіс.

Пад час Другой сусьветнай вайны Лё Карбюзье з 1942 да 1943 году жыў у Францыі Вішы, а потым быў высланы з гораду ў Альжыр які ў той час быў францускай калёніяй. Мясцовая архітэктура мела пэўны ўплыў на архітэктара.

У 1942 годзе Лё Карбюзье пачаў працу над «Мадулярам» — аўтарскім узорам прапорцыі, які потым апісаў у некалькіх працах.

У канцы вайны Лё Карбюзье заснаваў «Assemblée de Constructeurs pour Rénovation architecturale», арганізацыю, якая займалася плянамі адбудовы пасьляваеннай Францыі. Пасьля вайны, Лё Карбюзье, як аднаму з самых вядомых архітэктараў свайго часу, даручалі рэалізацыі самых прэстыжных праектаў ня толькі ў Эўропе, але і ў Індыі і Бразыліі. У 1947 годзе ён увайшоў у камітэт архітэктараў, якія плянавалі будову штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, але быў прыняты плян амэрыканца Ўолеса Гарысана.

Лё Карбюзье памёр 27 жніўня 1965 году ў Кап Мартэн, падчас адпачынку на Міжземным моры.

КрыніцыРэдагаваць