Людвік Ракіцкі
Людвік Ракіцкі (5 жніўня 1774 — каля 1828[a]) — дзяржаўны службовец.
Герб «Равіч» | |
старшыня 2-га дэпартаменту Менскага галоўнага суда, маршалак шляхты Рэчыцкага павету, маршалак шляхты Менскай губэрні | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 5 жніўня 1774 |
Памёр | каля 1828 |
Род | Ракіцкія |
Бацькі | Адам Міхал Ракіцкі, палкоўнік пяцігорскі ВКЛ (1776—1777), кашталян менскі ў 1777—1779 гадах, 17 кастрычніка 1777 выбраны маршалкам Галоўнага Трыбунала ВКЛ, дэпутат Трыбунала літоўскага ў 1778 годзе. Марыяна (Марыя Юзэфа) з Аскеркаў |
Жонка | Ганна з Плятэраў |
Дзеці | Тэкля з Ракіцкіх Прозар |
Дзейнасьць | дзяржаўны службовец, скрыпач-аматар |
Подпіс |
Біяграфія
рэдагавацьЛюдвік Ракіцкі належаў да шляхецкага роду гербу «Равіч» («Урсын»), унесенага 16.07.1826 у 5-ю частку ДРК Менскай губэрні і названага «графскім», але не зацьверджанага Сэнатам у графскай годнасьці. Нарадзіўся ў сям’і Адама Міхала і Марыі Юзэфы з дому Аскеркаў Ракіцкіх. 5 жніўня 1774 году ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім прэсбітэрам Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 году з усімі ўжо касьцёльнымі цырымоніямі – айцом Эгідыюшам Піатроўскім, вікарыем Астраглядавіцкага парафіяльнага касьцёлу[2].
Выпускнік кадэцкага корпусу. У 1793 пасланец караля Рэчы Паспалітай ва Упіцкім павеце, з 1797 дэпутат ад Рэчыцкага павету для раскладкі земскіх павіннасьцей, з 1799 па 01.09.1802 старшыня 2-га дэпартамента Менскага галоўнага суда (зацьверджаны на пасадзе імпэратарам Паўлам І 27.10.1800), з 1 верасьня 1802 па верасень 1811 рэчыцкі павятовы маршалак (выбіраўся на тры 3-годдзі запар), зь верасьня 1811 па 28 верасьня 1814 менскі губэрнскі маршалак, стацкі саветнік (03.06.1812), на 24.06.1816 пражываў у фальварку Гарадзішча Рэчыцкага павету, на 1822—1824 гады – ганаровы наглядчык вучэльняў Рэчыцкага павету.
Сам таленавіты скрыпач, вучань італьянскага скрыпача і кампазытара Джавані Батысты Віёці, Л. Ракіцкі стварыў у двары Гарадзішча аркестр з 40 музыкантаў, дзе выконваў ролю першай скрыпкі. Пад кіраўніцтвам запрошанага ў 1814 годзе кампазытара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага той аматарскі аркестр дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сымфоніі Гайдна, Моцарта і Бэтговэна. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія зьязджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Менску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі опэры А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[3].
Сябра масонскай ложы «Паўночнага шэсьця пад паўночнай зоркай» у месьце Менску, на 1820 год сябра ложы 1-й ст.
На 25.10.1795 валодаў разам з братам Рафалам Алаізам добрамі Брагін Рэчыцкага павету Чарнігаўскай губэрні; з 27.08.1799 стаў уласьнікам Ялчанскага і Гарадзішчаўскага ключоў, фальваркаў Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Вуглы Рэчыцкага павету (усяго на 1800 — 11220 душ прыгонных абодвух палоў; на 10.08.1815 — 2781 душа прыгонных мужчынскага полу).
Узнагароды
рэдагавацьКамандор Ордэна Сьв. Іаана Іерусалімскага (21.01.1810); кавалер Ордэна Сьв. Ганны 2-й ст.
Сям’я
рэдагавацьУ першым шлюбе з графіняй Ганнай з Броэль-Плятэраў (каля 1780 — 26.01.1799). Памерла ад пасляродавай гангрэны, пахавана на могілках пры базыльянскім кляштары ў Сяльцы Рэчыцкага павету. Дачка ад 1-га шлюбу:
Тэкля (03.01.1799, маёнтак Гарадзішча — 06.01.1860, маёнтак Хвойнікі Рэчыцкага павету), «адзінае дзіця і адзінае суцяшэньне бацькі»; 20.08.1818 года выйшла замуж за Ўладыслава, сына Караля, Прозара (13. VI. 1793, Хвойнікі — студзень 1862, Хвойнікі), рэчыцкага павятовага падкаморага ў 1826—1829 гг., уладальніка маёнтку Хвойнікі.
У другім шлюбе з Карнэліяй, дачкой Ігнацыя Прозара, гэнэрал-маёра войскаў ВКЛ.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ НГАБ у Менску. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
- ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 160
- ^ А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65).
- ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 3адв.
Літаратура
рэдагаваць- Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016. С. 211—213