Люблю Беларусь (прэмія)
Прэмія «Люблю Беларусь» (па-ангельску: Love Belarus awards) — нацыянальная прэмія, распачатая грамадзкай арганізацыяй Малады Фронт.
Ідэя зьяўленьня прэміі «Люблю Беларусь»
рэдагавацьІдэя стварэньня прэміі — паспрабаваць сабраць у адной залі тых, чыю дзейнасьць у розных сфэрах грамадзкага жыцьця, можна ёміста акрэсьліць кароткім выразам «Люблю Беларусь» і адзначыць лепшых адмысловымі ўзнагародамі. Плянуецца зрабіць мерапрыемства штогадовым.
Намінанты-2010
рэдагавацьМалады Фронт вызначае намінантаў і пераможцаў у васьмі намінацыях — «Беларусізацыя», «Палітыка», «Культура», «Спорт», «Pro-Belarus», «Журналістыка», «Грамадзкая чыннасьць» і «Змагар года».[1][2]
Пераможцы-2010
рэдагавацьУ намінацыі «Беларусізацыя» прэмію атрымала кампанія «Будзьма беларусамі!» за правядзеньне сотняў культурных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. У намінацыі «Pro‑Belarus» адзначаліся замежнікі, якія ўнесьлі ўклад у разьвіцьцё беларускай культуры. Прэмію атрымаў пасол Швэцыі Стэфан Эрыксан. У журналістыцы «Малады фронт» адзначыў рэдакцыю газэты «Наша Ніва» за якасны беларускамоўны прадукт, цікавы ня толькі ў апазыцыйным асяродку. Культура — прэмію атрымае Мікалай Халезін і «Вольны тэатар». Палітыка — старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Грамадзкая чыннасьць — Міхась Пашкевіч за стварэньне кампаніі «За альтэрнатыўную службу». Спорт — фанацкая ініцыятыва па аднаўленьні футбольнага клюбу «Тарпеда», фанаты якога беларусізуюць клюб. У намінацыі «Змагар года» адзначаны палітвязень Арцём Дубскі(be), які адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі[3].
Уручэньне ўзнагародаў 2010
рэдагавацьПершапачаткова плянавалася арганізаваць урачыстую цырымонію ў адным зь менскіх гатэляў. У прыватнасьці, была заключана папярэдняя дамова з Crown Plazа. Аднак дамова па невядомых прычынах была разарваная адміністрацыяй гатэлю ў аднабаковым парадку[4]. Перамовы зь іншымі гатэлямі таксама не прынесьлі плёну. Было вырашана перанесьці цырымонію, аднак адну са статуэтак уручылі 14 лютага падчас вулічнай акцыі Маладога Фронту. Яе атрымальнікам стаў Міхась Пашкевіч. Аднак акцыя былы разагнаная, а сярод затрыманых апынуўся і сам ляўрэат. У міліцыі ўзнагароду сканфіскавалі. Толькі празь некалькі дзён статуэтка была вернута Пашкевічу кіраўніком Палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Аляксандрам Лукомскім[5]. Узгароды астатнім пераможцам былі ўручаны ў памяшканьні Беларускага ПЭН-цэнтру[6].
Уручэньне ўзнагародаў 2011
рэдагавацьУ дзень правядзеньня цырымоніі супрацоўнікі КДБ Беларусі сканфіскавалі статуэткі прэміі. Пераможцам былі ўручаныя граматы Маладога Фронту. Мерапрыемства адбылося ў сядзібе БНФ[7][8].
Пераможцы 2011
рэдагавацьУ намінацыі «Беларусізацыя» — Беларуская Вікіпэдыя. «Журналістыка» — журналіст Зьміцер Лукашук і каманда Эўрарадыё. Культура» — Лявон Вольскі. «Pro-Belarus» — Марыя Содэрбэрг. «Палітыка» — Уладзімер Някляеў. «Спорт» — Віталь Гуркоў. «Грамадзкая чыннасьць» — Беларускі Хэльсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар «Вясна», асабіста Алесь Бяляцкі і Алег Гулак. «Змагар году» — палітвязьні 19 сьнежня[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьміцер Гурневіч. Люблю Беларусь // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 3 лютага 2010 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Сьпіс намінацый і намінантаў на афіцыйным сайце прэміі (недаступная спасылка)
- ^ Валер Каліноўскі. (2010-02-11) "Малады фронт" назваў ляўрэатаў прэміі “Люблю Беларусь” (бел.). Радыё Свабода. Праверана 2021-03-20 г. Архіўная копія ад 2021-03-20 г.
- ^ «Люблю Беларусь» не пусьцілі ў Crowne Plaza // Газэта «Салідарнасьць», 5 лютага 2010 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Зьміцер Панкавец. Міхасю Пашкевічу вярнулі прэмію «Люблю Беларусь» +фота // Наша Ніва, 17 лютага 2010 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам (бел.). Радыё Свабода (2010-02-20). Праверана 2021-03-20 г. Архіўная копія ад 2021-03-20 г.
- ^ Сяргей Гудзілін. Будзем любіць і без узнагароды // Наша Ніва, 13 лютага 2011 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ Супрацоўнікі КДБ забралі статуэткі для пераможцаў прэміі «Люблю Беларусь» // Радыё «Свабода», 12 лютага 2011 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
- ^ https://web.archive.org/web/20111226192121/http://14by.info/2011-07-20-06-02-41/53-liaureaty-uznaharodzhany.html Ляўрэаты агучаны
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Бачына прэміі
- Навіны з тэгам Люблю Беларусь // Малады Фронт Праверана 29 сакавіка 2013 г.