Карпацкая Русь
Карпа́цкая Русь, Закарпа́цкая Русь, Закарпа́цкая Ўкраі́на, Закарпа́цьце, Падкарпа́цкая Русь або Падкарпа́цьце (укр. і русін. Карпатська Русь, Закарпаття; па-вугорску: Kárpátalja; чэск. і славац. Podkarpatská Rus; па-румынску: Transcarpatia або Maramureș; па-польску: Zakarpacie; па-нямецку: Karpatenukraine) — гістарычны рэгіён ва Ўсходняй Эўропе, цяпер большай часткай уваходзіць у Закарпацкую вобласьць Украіны.
Гісторыя
рэдагавацьПершапачаткова вядомая як частка ўсходнеславянскіх зямель Кіеўскае Русі, пасьля прыходу плямёнаў вуграў у Эўропу гэты рэгіён неўзабаве трапляе пад уладу вугорцаў, якімі й кантраляваўся да другой паловы XVII ст. З XVII ст., як і ўся Вугоршчына, уваходзіць у склад Аўстрыі, якая ў 1867 годзе была пераўтвораная ў фэдэрацыйную Аўстра-Вугоршчыну, дзе Закарпацьце трапіла ў склад вугорскае часткі дзяржавы. Па распадзе Аўстра-Вугоршчыны ў 1918 годзе рэгіён становіцца прадметам тэрытарыяльных спрэчак між Вугоршчынай, Румыніяй і ўкраінскімі нацыянальнымі арганізацыямі, апошнія імкнуліся да далучэньня закарпацкіх зямель да суседняй ЗУНР як зямель, дзе большасьць насельніцтва складалі ўкраінцы. Тым ня менш, празь некаторы час рэгіён замацоўваецца ў складзе суседняй Чэхаславаччыны (Трыянонская дамова), дзе атрымлівае статус адной з чатырох адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак краіны пад назваю Падкарпацкая Русь.
З 1938 году ў сувязі зь ціскам на Чэхаславаччыну суседніх Нямеччыны й Вугоршчыны поўдзень Закарпацьця пераходзіць у склад Вугоршчыны, астатняя частка атрымлівае аўтаномію, якая ўрэшце ў 1939 годзе абвяшчае незалежную рэспубліку (гл. Карпацкая Ўкраіна) са сталіцай у мястэчку Хуст. На наступны дзень Вугоршчына аб’яўляе акупацыю краіны, аднак пазыцыйныя сутычкі працягваліся цягам яшчэ некалькіх месяцаў. З 1944—1945 гг. займаецца савецкімі войскамі, пасьля чаго, нягледзячы на пратэсты новага чэхаславацкага ўраду, уключаецца ў склад СССР як Закарпацкая вобласьць УССР.
З аднаўленьнем Украінай незалежнасьці ў 1991 годзе статус і межы рэгіёну не зьмяніліся.
Насельніцтва
рэдагавацьУ дачыненьні этнічнага складу насельніцтва гістарычна большасьць складалі ўкраінцы (у тагачаснай перапісной палітыцы згадваліся як русіны), сярод якіх дзейнічалі арганізацыі ўкраінскага нацыянальнага характару, у значна меншым маштабе — прарасейскія (г.зв. русафільскія) арганізацыі, якія прытрымліваліся расейскай нацыяналістычнай канцэпцыі пра трыадзінарасейскі народ, адной са складовых якога нібыта зьяўляліся мясцовыя ўсходнія славяне. З часоў уварваньня вуграў поўдзень рэгіёну пры мяжы з сучаснай Вугоршчынай здаўна засялілі вугорцы, якія й дагэтуль складаюць большасьць ад насельніцтва ў раёнах пры мяжы з Вугоршчынай і значную (>10%) дзель ад насельніцтва ўсёй вобласьці. Існавалі таксама паселішчы немцаў (карпацкія немцы), дагэтуль існуюць супольнасьці цыганоў (паўсюдна) і румынаў (паўднёвы ўсход), у ХХ стагодзьдзі заўважную прысутнасьць мелі чэхі ды славакі.
Мясцовае ўкраінскае насельніцтва часам разглядаецца як асобны ўсходнеславянскі этнас пад назваю русіны. На падобным пункце гледжаньня настойваюць мясцовыя арганізацыі русінскай ідэнтычнасьці, ён жа часта распаўсюджаны ў заходняй і расейскай літаратуры.
Мова
рэдагавацьБольшасьць насельніцтва — украінцы — размаўляюць на закарпацкіх гаворках украінскае мовы, якія нярэдка клясыфікуюцца як асобная мова, русінская. Значныя пазыцыі дагэтуль захоўвае вугорская мова (гл. вугорская мова ва Ўкраіне), якая ёсьць роднай для практычна ўсяго вугорскага насельніцтва рэгіёну (>90%) і некаторай часткі іншых этнасаў, у тым ліку для некаторых мясцовых цыганоў і ўкраінцаў.
Гэта — накід артыкула пра Ўкраіну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
Каардынаты: 48°20′ пн. ш. 23°14′ у. д. / 48.333° пн. ш. 23.233° у. д.