Казімер Лышчынскі
Казі́мер Лышчы́нскі (4 сакавіка 1634, маёнтак Лышчыцы, Берасьцейскае ваяводзтва, ВКЛ — 30 сакавіка 1689, Варшава) — беларускі мысьляр[2], філёзаф-матэрыяліст, пэдагог і грамадзка-палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай. Аўтар трактату «Аб неіснаваньні Бога» (лац. «De non existentia Dei»). Быў зьвінавачаны ў атэізьме і згодна з прысудам пакараны сьмерцю. Рукапіс трактату быў спалены: на сёньняшні дзень вядома толькі пяць невялікіх фрагмэнтаў, знойдзеных у 1957 годзе.
Казімер Лышчынскі на камэмарацыйнай марцы Беларусі (мастак Н. Рыжы) | |
Герб «Корчак зьменены» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 сакавіка 1634 маёнтак Лышчыцы, Берасьцейскае ваяводзтва |
Памёр | 30 сакавіка 1689 (55 гадоў) Варшава |
Род | Лышчынскія |
Бацькі | Геранім Казімер Лышчынскі[d][1] Соф’я з Бабінскіх[d] |
Дзейнасьць | судзьдзя, філёзаф, пісьменьнік, вайсковец |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіў з старажытнага шляхецкага роду ўласнага гербу (варыянт герба Корчак). Бацька — Геранім Казімер Лышчынскі (1581—1670), маці — Сафія Балынская[3]. Меў трох братоў: Мацея, Пятра і Вінцэнта.
Адукацыю атрымаў спачатку ў Берасьцейскім езуіцкім калегіюме, пазьней у Кракаўскім унівэрсытэце (паводле некаторых дадзеных у Віленскай езуіцкай акадэміі). У маладосьці браў удзел у войнах Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй.
У 1658 годзе ўступіў у ордэн езуітаў у Кракаве, потым праходзіў чатырохгадовыя студыі, якія рыхтавалі пэдагогаў[4]. Пасьля году навіцыяту ў езуітаў у Кракаве Лышчынскі быў накіраваны ў Каліш, дзе ў 1660—1661 навучальным годзе студыяваў рыторыку, у 1661—1662 — лёгіку, у 1662—1663 — фізыку, у 1663—1664 — мэтафізыку. Пасьля заканчэньня філязофскіх студыяў у Калішу пачаў студыявааць тэалёгію ў Львове. Настаўнікамі Казімера Лышчынскага былі філёзафы і пісьменьнікі Ян Квяткевіч і Ян Мараўскі.
У 1663 годзе заняў пасаду прарэктара Берасьцейскага езуіцкага калегіюма. У першай палове 1666 году перарваў тэалягічныя студыі ў езуітаў, выйшаў з ордэну, ажаніўся і вярнуўся ў радавы маёнтак. З 1682 году займаў пасаду ваяводзкага падсудка ў Берасьці. Неаднаразова абіраўся дэпутатам ад шляхты Берасьцейскага павету на варшаўскі вальны сойм (1669, 1670, 1672, 1674). Адкрыў школу, над уваходам у якую быў надпіс: «Не дасьведчаны ў матэматыцы ды ня ўвойдзе…», што дае некаторыя падставы аднесьці школу да традыцыі плятонаўскай Акадэміі і клясычнай філязофскай адукацыі[5].
Перакананьні
рэдагавацьПакінуўшы ордэн езуітаў, напісаў трактат, які назваў «Аб неіснаваньні Бога». З досыць аб’ёмнага сачыненьня (трактат складаўся з 530 старонак[6] у 15 сшытках[7]) захавалася ўсяго 5 фрагмэнтаў, выяўленых толькі ў 1957 годзе, сэнс якіх зводзіцца да адмаўленьня існаваньня Бога і абвінавачваньня клерыкалаў у «гашэньні сьвятла розуму».
Бог, мяркуючы па трактату, не існуе, зьяўляючыся хімэрай чалавечай сьвядомасьці, якая выкарыстоўваецца царквой і дзяржавай у сваіх мэтах. Біблія напісана людзьмі, якія зь яе дапамогай падтрымліваюць падман:
Рэлігія створаная людзьмі без рэлігіі. Пабожнасьць выдуманая людзьмі, каб ім пакланяліся як Богу. Страх перад Богам навязаны тымі, хто яго не баіцца, каб іх баяліся. Вера, пра якую кажуць, што яна ад Бога, зьяўляецца чалавечай гісторыяй[8]. | ||
Філёзаф-езуіт Ігнат Францішак Запольскі ў лісьце ад 19 лістапада 1698 году так ахарактарызаваў філязофію Лышчынскага:
Варта заключыць, што гэты атэіст пан Лышчынскі ўсе выводзіў з прыроды. Аснова памылкі гэтага атэіста адмоўная і станоўчая. Адмоўная: ён сьцьвярджаў і даказваў у сваіх пісаньнях, якія я чытаў і па загадзе сьвятлейшага караля Яна III коратка выклаў у Гародні — «няма і ня можа быць ніякага доказу існаваньня Бога», і ён імкнуўся вырашыць пытаньні, якія звычайна ставяцца ўсімі. Станоўчай асновай было тое, што Бог існуе, што зацьвярджаецца і намі; яна ўключае складанасьці (заблытанасьці), зьвязаныя з таямніцай сьв. Тройцы і свабоднымі дзеяньнямі Бога[8]. | ||
Працэс ў справе Лышчынскага і яго пакараньне
рэдагавацьВіленскі біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі (1687—1722) атрымаў ліст ад берасьцейскага павятовага стольніка Яна Бржоскі і падаў запыт пра арышт Лышчынскага да вялікага князя літоўскага Яна Сабескага (1674—1696), які задаволіў той запыт[9]. 31 кастрычніка 1688 году Лышчынскі на данос свайго суседа Яна Казімера Бржоскі (зь якога Лышчынскі запатрабаваў вяртаньня доўгу ў 100 тыс. талераў) быў зьвінавачаны ў атэізме і пасаджаны ў Варшаўскую турму. У яго доме былі знойдзеныя творы, у якіх адмаўлялася існаваньне Бога. Супраць зьняволеньня Лышчынскага выступіў толькі берасьцейскі земскі пісар, які казаў, што прыцягваць да адказу шляхціча, за злачынства, якое не было даказана, супярэчыць праву свабоды. Ён абвінаваціў таксама духавенства ў тым, што яно хоча ўвесьці гішпанскую інквізыцыю[7].
Публічныя слуханьні ў справе Лышчынскага пачаліся толькі 15 лютага 1689 году. Раней абвінавачаны быў прыцягнуты да духоўнага суду Лівонскім біскупам, быў ім прызнаны вінаватым і адданы дзяржаўнаму суду. У ролі абвінаваўцы выступіў літоўскі інстыгатар Сымон Куровіч[10]. Азнаёміўшыся з абвінавачваньнем, Лышчынскі даў наступны адказ:
Я прызнаю моц Бога і шаную веліч яго памазанца намесьніка. <…> Я шукаю прытулку ў трона справядлівасьці, у прастола міласэрнасьці і прашу вашу каралеўская вялікасьць, каб з мною зрабілі ласку абыходзіцца тут не так жорстка, як адбывалася перад духоўным судом; там жа доказы, якія я мог прадстаўляць для абгрунтаваньня і падмацаваньня сваёй веры, не ўзялі пад увагу. Але паколькі я аб такой важным справе не маю магчымасьці шмат казаць, бо мой язык прысыхае да неба, то прашу вашу каралеўскую вялікасьць аказаць мне ласку і дазволіць ўзяць абаронцу. | ||
Аднак яму было адмоўлена ў абаронцы нібыта з той прычыны, што ня знойдзецца такі юрыст, які б захацеў абараняць атэіста. Некалькі пазьней адвакат усё-ткі быў дадзены. Спэцыяльным дэкрэтам караля чарговае слуханьне было прызначана на 25 лютага 1689 году. Абарона будавалася на тым, што Лышчынскі ніколі сам не падзяляў выкладзеных ім ідэй, а толькі прыводзіў чужыя думкі з мэтай паказаць, што доказаў існаваньня Бога, прыведзеных Альстэдам, недастаткова, што яго аргумэнты нікчэмныя і непераканаўчыя. Абарона спадзявалася на тое, што абвінавачаны раней вёў праведны лад жыцьця і выконваў усе хрысьціянскія абрады, акрамя таго, ён раскаяўся ў ерасі і просіць памілаваньня. Абвінавачваньне абвергла тэзы абароны заявіўшы, што Лышчынскі ўсё яшчэ няздольны вярнуцца ва ўлоньне царквы, што ён не ерэтык, а атэіст, сьвядома адкінуў царкву і Бога, і раскаяньне яго ня што іншае, як спроба дамагчыся памілаваньня.
Слуханьне 26 лютага не дало суду нічога новага. 28 лютага пачалі зьбірацца галасы сьвецкіх сэнатараў і амбасадараў (біскупы прагаласавалі раней). Большасьць вырашыла, што абвінавачаны павінен паплаціцца жыцьцём шляхам спаленьня. 10 сакавіка Лышчынскі ў Фарным касьцёле пакаяўся ў сваіх памылках паўтараючы тэкст пакаяньня за біскупам, аднак паводле Парыжскага штотыднёвіка «Газэтт», тэкст адрачэньня прачытаў за яго нейкі ксёндз[11].
28 сакавіка літоўскім гофмаршалам быў апублікаваны прысуд. Лышчынскага належала вывесьці з гораду і спаліць на вогнішчы разам зь яго творамі ў руках. Маёмасьць пакаранага канфіскоўвалася, а дом, у якім ён жыў, павінен быў быць разбураны і месца пакінута пусткай на вечныя часы. Пасьля чытаньня прысуду познанскі і лівонскі біскупы, а таксама сам абвінавачаны зьвярнуліся з просьбай да караля аб замене спаленьня адсячэньнем галавы. Кароль задаволіў просьбу.
Прысуд быў прыведзены ў выкананьне 30 сакавіка: Лышчынскі сам спаліў свой рукапіс, пасьля чаго яму адсеклі галаву, труп вывезьлі за горад, дзе спалілі, а попел, зьмешчаны ў снарад, стрэлілі ў бок Турэччыны (Тартарыі).
Ушанаваньне
рэдагавацьПостаць Казімера Лышчынскага, суд над ім і яго пакараньне апісваецца ў рамане Тадэвуша Мічынскага «Нетота. Тайная кніга Татр» (па-польску: Nietota. Księga tajemna Tatr) [12].
20 красавіка 1989 году ў год 300-годзьдзя пакараньня ў Берасьцейскім раёне Берасьцейскай вобласьці ў вёсцы Малыя Шчытнікі побач з былой уніяцкай царквой быў усталяваны мэмарыяльны камень у памяць аб Лышчынскім. На камені высечаны тэкст эпітафіі Казімір Лышчынскі, напісанай ім самім[13]:
О, падарожны! Не міні гэтых камянеў. Ты на ІХ не спатыкаешся, калі не спатыкнешся на ісьціне. Усьвядоміш ісьціну ля камянеў: бо Нават тыя людзі, Якія ведаюць, Што гэта праўда, вучаць, Што гэта Мана. Вучэньне мудрацоў — сьвядомы падман. |
||
Постаць Казімера Лышчынскага зьяўляецца адной з ключавых у некаторых творах беларускага гісторыка і пісьменьніка Ўладзімера Арлова.
4 сакавіка 2009 году да 375-годзьдзя з дня нараджэньня Казімера Лышчынскага Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ўвяло ў паштовае абарачэньне мастацкі канвэрт з арыгінальнай маркай «375 гадоў з дня нараджэньня Казімера Лышчынскага»[14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Urzędnicy podlascy XIV―XVIII wieku: spisy / пад рэд. E. Dubas-Urwanowicz — Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. — С. 117. — 199 с. — ISBN 83-85213-16-3
- ^ Шалькевіч В. Лышчынскі Казімір // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 224.
- ^ Andrzej Nowicki. Kazimierz Łyszczyński (пол.).
- ^ Электронная энцыкляпедыя.
- ^ Найноўшы філязофскі слоўнік (рас.)
- ^ Храналёгия. 4 сакавіка 1634.
- ^ а б Гістарычнае і падрабязнае паведамленьне аб заключэньні ў турму Казімера Лышчынскага.
- ^ а б Фрагмэнты з трактату Казімера Лышчынскага «Аб неіснаваньні Бога»
- ^ Анатоль Мясьнікоў. Лёс і трагедыя Казімера Лышчынскага // Зьвязда : газэта. — 4 сакавіка 1999. — № 30 (23631)]. — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Прамова Сымона Куровіча па справе Лышчынскага на варшаўскім сойме 15 лютага 1689.
- ^ Анджэй Навіцкі. Пяць паведамленьняў аб Лышчынскім з парыжскай «Газэтт» 1689.
- ^ Miciński T. Nietota. Księga tajemna Tatr. — Warszawa: tCHu, 2004. — S. 228. — ISBN 83-901178-1-9.
- ^ Беларуская нацыянальная памяць. Пазнаваць родны край
- ^ Навіны філатэліі ад 2009/3/2(недаступная спасылка)
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Самусік А. Постаць К. Лышчынскага ў гісторыі айчыннай адукацыі (1660-я — 1680-я гг.) // Религия и общество — 16. Могилев: МГУ имени А. А. Кулешова, 2022. С. 226—229.
- Łyszczinskij L. Rod dworian Łyszczinskich. — S. Pietierburg, 1907.
- Nowicki A. Pięć fragmentów z dzieła «De non existentia dei» Kazimierza Łyszczyńskiego (by a script from Library of Kórnik nr 443) // Euhemer. — Nr. 1. — 1957. — pp. 72-81.
- Nowicki A. Aparatura pojęciowa rozważań Kazimierza Łyszczyńskiego (1634—1689) o religii i stosunkach między ludźmi // Euhemer, Zeszyty Filozoficzne// — Nr. 3. — 1962. — pp. 53-81.
- Nowicki A. Studia nad Łyszczyńskim // Euhemer, Zeszyty Filozoficzne. — Nr. 4. — 1963. — pp. 22-83.
- Nowicki A. Pięć wiadomości o Łyszczyńskim w gazecie paryskiej z roku 1689 // Euhemer, Zeszyty Filozoficzne. — Nr. 4. — 1963. — pp. 40-44.
- Nowicki A. Sprawa Kazimierza Łyszczyńskiego na Sejmie w Warszawie w świetle rękopisu Diariusza Sejmowego, znajdującego się w Wojewódzkim Archiwum Państwowym w Gdańsku // Euhemer, Zeszyty Filozoficzne. — Nr. 4. — 1963. — pp. 23-39.
- Nowicki A. Ateizm Kazimierza Łyszczyńskiego // Wykłady o krytyce religii w Polsce. — Warszawa 1965. — pp. 51-68.
- Дроздов Л. М., Жуковский Д. А. Казимир Лыщинский: самый скандальный судебный процесс в истории Беларуси. Ridero. 2024. 362 с https://ridero.ru/books/kazimir_lyshinskii/
- Дроздов Л. М., Жуковский Д. А. Казимир Лыщинский: 330 лет загадок. Ridero. 2021. 288 с.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Фрагмэнты трактату «Пра неіснаваньне Бога»
- Гістарычнае і падрабязнае паведамленьне пра ўвязьненьне ў турму і сьмерць Казімера Лышчынскага
- Супліка Лышчынскага, пададзеная ягамосьці каралю з турмы у 1688
- Анджэй Навіцкі. Справа Лышчынскага на сойме ў Варшаве па рукапісных матэрыялах пратаколаў ягонага паседжаньня
- Анджэй Навіцкі. Пяць паведамленьняў пра Лышчынскага з парыскай «Газэт» 1689
- Эпітафія Казімеру Лышчынскаму, складзеная ім самім
- Кароткая бібліяграфія па К. Лышчынскім