Запаленьне кішачніка
Запале́ньне кі́шачніка — парушэньне ператраўліваньня і ўсмоктваньня ежы праз запаленьне сьлізьніцы тонкага і тоўстага кішачніка.
Запаленьне кішачніка | |
Сынонімы | хранічнае захворваньне кішачніка |
---|---|
Спэцыяльнасьць | гастраэнтэралёгія |
Сымптомы | боль і ўспушваньне ў жываце, запор |
Ускладненьні | карыес, язвавая хвароба |
Звычайна праяўляецца | боль вакол пупка |
Працягласьць | звыш году |
Віды | хвароба Крона, язвавы каліт |
Прычыны | харчовая алергія, глісная хвароба, сухоты |
Фактары рызыкі | вострая і вэнджаная ежа, хворыя зубы |
Сходныя станы | гастраэнтэрыт, сындром раздражнёнага кішачніка і цэліякія |
Прафіляктыка | 5-разовае харчаваньне, гатаваньне на пару, штодзённае ўжываньне тварагу |
Лячэньне | дыетатэрапія |
Лекі | вітаміны А, Ц і групы Б, мінэралы |
Частасьць | 11,2 млн (2015 год) |
Сьмяротнасьць | 47 400 (2015 год) |
Запаленьне кішачніка ў Вікісховішчы |
Ускладненьне хваробы выклікае парушэньне нэрвовай сыстэмы і аслабленьне цягліцаў, карыес зубоў і разбурэньне костак праз парушэньне ўсмоктваньня вітамінаў і мінэральных соляў з жалезам, калем, кальцам і фосфарам. Таксама можа ўзьнікаць запаленьне страўніка і язвавая хвароба, калі тройчы на дзень ужываць празьмерна гарачую ежу, бо вузы стрававальнага тракту аднаўляюцца за 3 дні[1].
Папярэджаньне
рэдагавацьЗапаленьне кішачніка прадухіляюць гатаваньнем усёй ежы на пару, варкай і запяканьнем, а таксама 5-разовам харчаваньнем зь перавагай пюрэ. Штодня варта ўжываць несалёны тварог і сыр для засвойваньня кальцу. Ваду пажадана піць за гадзіну да ежы, каб тая пасьпявала накіравацца ў страўнік. Таксама варта піць ваду пакаёвай тэмпэратуры ў сьпёку і цёплую — ўзімку. Гарачыя стравы карысна спажываць цёплымі, а халодныя — пры пакаёвай тэмпэратуры. Варта пазьбягаць ужываньня солі і тлустых страваў, каб прадухіліць паслабленьне выдзяленьняў і раздражненьне сьлізьніцы. Таксама карысна пазьбягаць сталаваньня падчас прагляду тэлебачаньня і чытаньня, каб спрыяць засяроджанасьці на ператраўліваньні ежы. Аўсяную кашу і яйкі, цяляціну і ялавічыну, гематаген і яблыкі карысна спажываць для папаўненьня запасу жалеза. Сярод іншага, раюць ужываць няздобныя пірагі, бульбу, гарбуз, кабачкі і моркву, супы з крупамі, вэрмішэльлю і квяцістай капустай, а таксама малако і адвар з чорных парэчак і шыпшыны. У ежу карысна дадаваць зяленіва пятрушкі і кропу, а таксама ягадную падліву. Для асноўных страваў падыходзяць кураціна і індычына, а таксама нятлустая рыба — акунь, навага, судак, траска і хек. З садавіны лепей рабіць кісель, узвар і джэм, а таксама запякаць яе ў духоўцы. Урэшце варта аддаваць перавагу рассыпчатай кашы, амлету і сьвежаму соку зь вішні і яблыкаў. Агулам бялок найбольш дапамагае падтрымліваць абмен рэчываў у кішачніку[1].
Чыньнікі
рэдагавацьЗапаленьне кішачніка выклікаюць харчовая алергія, глісная хвароба, дызэнтэрыя, заражэньне вірусам, злоўжываньне лекамі, няўстойлівы расклад харчаваньня і хваробы страваваньня. Таксама шкодзяць злоўжываньне вострымі і вэнджанымі стравамі, грубай і цяжкай для засваеньня ежай, а таксама гнайнікі ў міндалінах, сухоты і хворыя зубы[1].
Праявы
рэдагавацьХвароба выяўляецца праз боль, бурчаньне і ўспушваньне ў жываце, а таксама праз хуткую стамляльнасьць. Балець пачынае вакол пупка, калі пераважна закранаецца тонкая кішка. Таксама боль узмацняецца пры зьбіраньні газаў, калі церпіць тоўсты кішачнік. Адзначаецца то запор, то паслабленыя выдзяленьні. Пры цяжкай ступені хваробы адбываецца схудненьне[1].
Лячэньне
рэдагавацьПры лячэньні запаленьня прымаюць вітаміны А, Ц і групы Б, а таксама мінэралы. Выключаецца ўжываньне алькаголю. Прапісваецца 6-разовае харчаваньне ў паўвадкім выглядзе кожныя 2—3 гадзіны. Супрацьпаказаныя кісламалочныя вырабы, а таксама кіслыя плады і ягады — агрэст, чырвоная вішня, журавіны, кіслыя яблыкі, лімон, чорныя і чырвоныя парэчкі. Таксама выдаляюцца з харчаваньня: агуркі, вінаградны сок, гарчыца, хрэн, вострыя і тлустыя падлівы, радыска, перац, цыбуля і часнок, ячныя крупы і бабовыя, вэнджаніна, мясныя і рыбныя кансэрвы, бараніна і сьвініна, гусяціна і качаціна, а таксама тлустая рыба — асятрына, бялуга і сяўруга. Абмяжоўваюцца багатыя на халестэрын стравы зь яечнага жаўтка і такіх унутраных органаў жывёлаў, як лёгкія, мазгі, печань, сэрца і язык[1].
Крыніцы
рэдагавацьГэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |