Забудова Менску
Забудова Менску — найбольш каштоўны пласт архітэктуры Менску, які назапашваўся на працягу стагодзьдзяў і адлюстроўвае багатую культурна-гістарычную спадчыну места.
Гісторыя
рэдагавацьПершаасновай Менску быў дзядзінец XI ст., што месьціўся ў нізіне, у месцы ўпадзеньня рэчкі Няміга ў Сьвіслач. У першапачатковы пэрыяд на фармаваньне пляновачнай структуры места вялікі ўплыў зрабіла пераважная трасоўка міжмескіх гандлёвых шляхоў з захаду і паўднёвага захаду (Горадня, Берасьце) на паўночны ўсход (Віцебск, Смаленск). Цэнтрам Менску зрабіўся замак і разьмешчаны паблізу гандлёвы пляц трохкутнай канфігурацыі (Нізкі Рынак). Уздоўж рэчкі Нямігі, па Няміскім пасадзе праз плошчу і далей, на левым беразе Сьвіслачы па Траецкай гары праходзіла галоўная, найбольш старажытная вуліца. Пасьля, у XVI ст., у выніку буйнамаштабнага местабудаўнічага мерапрыемства на суседнім узгорку быў створаны новы мескі цэнтар, рэгулярна сплянаваная ва ўласьцівых эпосе Адраджэньня традыцыях прастакутная плошча (Высокі Рынак). У XVII—XVIII стагодзьдзях умацаваньні места ўлучалі замак і паўкальцо земляных валоў і равоў з паўднёвага, найбольш слабага боку. У межах места канца XVIII ст., нягледзячы на клясыцыстычную перапляноўку, захаваўся агульны характар гістарычнай пляноўкі і абрысы многіх вуліцаў. За яго межамі ў першай палове XIX ст. значная тэрыторыя атрымала новую прастакутную пляновачную сыстэму. У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя на тэрыторыі места фэадальнай эпохі і, галоўным чынам, за яго межамі інтэнсіўна складвалася капітальная грамадзкая і жылая забудова, якая фармавала цэнтральную частку Менску, разнастайная па сваіх функцыянальных тыпах і мастацкіх асаблівасьцях. Акрамя таго, у сувязі з тэрытарыяльным ростам места ў пэрыяд бурнага разьвіцьця капіталістычных адносінаў узьніклі таксама і пэрыфэрыйныя жылыя і прамысловыя раёны, у тым ліку прадмесьці з драўлянай сядзібнай забудовай. Яшчэ ў 1920—1930-я рокі цэнтар Менску ўяўляў сабой цэласнае і буйнамаштабнае гістарычна-местабудаўнічае ўтварэньне, якое сынтэзавала ў сабе культурную спадчыну розных эпохаў, хаця і тады зьнішчаліся каштоўныя грамадзкія будынкі.
У пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі архітэктурнай творчасьці на шкале каштоўнасьцяў культурная спадчына апынулася на апошнім месцы. Як і ў любым іншым месьце Беларусі, знос каштоўных будынкаў у многім абумовіўся адвольнымі, малаабгрунтаванымі адносінамі да агульнадзяржаўнага здабытку, адсутнасьцю ў гэтых выпадках прыватнай уласнасьці на мескую нерухомасьць. Зь вялікай колькасьці культавых будынкаў, што існавалі ў XVIII — пачатку XX стагодзьдзя, да нашага часу зьберагліся толькі адзінкі. Само сэрца места пэрыядаў Полацкага княства і станаўленьня Вялікага Княства Літоўскага было ператворанае ў транспартную разьвязку ў некалькіх узроўнях, як наземных, так і падземных, у сувязі з чым грунтоўна зьнішчаная архітэктурная спадчына на паверхні зямлі і археалягічная — у культурным пласьце.
Зьнішчэньне гістарычна-архітэктурнай спадчыны Менску
рэдагаваць- Замак: зруйнаваны ў пачатку ХІХ ст.
- Касьцёл Сьв. Веранікі і кляштар рохітаў: зруйнаваныя ў сярэдзіне ХІХ ст.
- Касьцёл Сьв. Марыі Магдалены і кляштар кармэлітаў: апроч адной з кляштарных пабудоваў[1], зруйнаваныя ў канцы ХІХ ст.
- Касьцёл Сьв. Міхала Арханёла і кляштар бэнэдыктынаў: зруйнаваныя ў XIX стагодзьдзі.
- Касьцёл Сьв. Яна і кляштар баніфратаў, зруйнаваныя ў 2-й палове ХІХ стагодзьдзя.
- Ратуша: зруйнаваная ў 1850-я, адбудаваная ў 2003 годзе.
- Вуніяцкая царква Сьв. Духу: зруйнаваная ў 1937 годзе.
- Касьцёл Сьв. Антонія і кляштар францысканаў: зруйнаваныя ў 1940-я.
- Касьцёл Сьв. Войцэха і кляштар бэнэдыктынак: зруйнаваныя ў 1964 годзе.
- Касьцёл Сьв. Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў: зруйнаваныя ў 1950 годзе.
- Кірха: зруйнаваная ў 1940-я.
- Кляштар езуітаў: апроч аднаго будынка (істотна перабудаваны ў 1968 годзе), зьнішчаны ў 1950-я.
- Мячэт: зруйнаваны ў 1960-я.
- Сынагога Халодная: зруйнаваная ў 1960-я.
- Манастыр Праабражэньня Гасподняга: зруйнаваны ў 1950-я.
- Юбілейная капліца: зруйнаваная ў 1930-я?
Апроч гэтага за савецкім часам былі зьнішчаныя шматлікія фрагмэнты грамадзянскай забудовы XVII ст. — пачатку ХХ стагодзьдзя, адбылася кардынальная перабудова будынкаў касьцёла і кляштару марыявітак (Сувораўская вучэльня), старажытнага Ўшэсьценскага манастыра і аднайменнай царквы пры ім (Міністэрства абароны), Харальнай сынагогі (Нацыянальны драматычны тэатар імя Горкага).
Вуліцы і плошчы
рэдагавацьЦяперашняя назва | Першапачатковая назва | Былыя назвы |
8 Сакавіка плошча | Нізкі Рынак плошча | |
Веры Харужай вуліца (з 1960) | Зялёнае Колца вуліца | |
Максіма Багдановіча вуліца | Вялікая Барысаўская вуліца[2] | Аляксандраўская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1919) Камунальная вуліца (1919—1936) Максіма Горкага вуліца (1936—1991) |
Валадарскага вуліца (з 1922) | Серпухаўская вуліца | |
Віцебская вуліца | Наваракаўская вуліца[3] | Няміга-Ракаўская вуліца Няміска-Ракаўская вуліца Няміскі завулак |
Вызваленьня вуліца | Уваскрасенская вуліца | Татарская вуліца Уваскрасенскі завулак Вялікая Татарская вуліца |
Зыбіцкая вуліца | Зыбіцкая вуліца | Гадлёвая вуліца (1866—2010) |
Герцэна вуліца | Малая Бэрнардынская вуліца | Маламанастырская вуліца (1866—1922) |
Архітэктара Заборскага вуліца | 1-ы Сэмінарскі завулак | Камунальны завулак (1957—2004) |
Замкавая вуліца | Замкавая вуліца | |
Інтэрнацыянальная вуліца (з 1919) | Валоцкая вуліца (частка) Зборавая вуліца (частка) |
Хрышчэнская вуліца (частка, з 1866) Турэмная вуліца (частка, 1866—1882) Праабражэнская вуліца (частка, 1883—1926) |
Кальварыйская вуліца | Кальварыйская вуліца | Кальварыйска-Ракаўская вуліца Кальварыйскі тракт |
Камсамольская вуліца | Фэліцыянаўская вуліца | Багадзельная вуліца (1866—1922) |
Траецкая набярэжная | Траецкая набярэжная | Аляксандраўская набярэжная Камунальная набярэжная (да 2010) |
Камуністычная вуліца | Міхайлаўская вуліца | 2-я Міхайлаўская вуліца Чапскага вуліца (1919—1920)[2] Мопраўская вуліца (1922—1946) Калініна вуліца (1946—1961) |
Карла Маркса вуліца | Лошыцкая вуліца | Базарная вуліца (1866—1881) Падгорная вуліца (1881—1919) |
Кастрычніцкая плошча | Навамеская плошча (частка) | Цэнтральная плошча (?—1984) |
Кірава вуліца | Магазынная вуліца | Унівэрсытэцкая вуліца (?—1934) |
Кірылы й Мятода вуліца | Вялікая Бэрнардынская вуліца | Манастырская вуліца (1866—1922) Бакуніна вуліца (1922—1990) |
Кісялёва вуліца (з 1983) | Старажоўская вуліца | |
Куйбышава вуліца | Плябанскія Млыны вуліца | Плябанская вуліца (пачатак ХІХ ст. — 1866) Шырокая вуліца (1866—1935) |
Леніна вуліца | Францішканская вуліца | Губэрнатарская вуліца (1866—1922) Ленінская вуліца (1922—1945) |
Максіма Танка вуліца | Новая вуліца[3] | Навакрасная вуліца Танкавая вуліца (1928—1998) |
Мельнікайтэ вуліца | Высокая вуліца[3] | Глухоўская вуліца (частка) Людамонцкі завулак (частка) Глухая вуліца Татарская Глухая вуліца Ратамская вуліца (да 1976) |
Незалежнасьці праспэкт | Захараўская вуліца | Савецкая вуліца (1919—1952 (частка) Пушкінская вуліца (частка, да 1952) Адама Міцкевіча вуліца (1919—1920)[4] Сталіна праспэкт (1952—1961) Ленінскі праспэкт (1961—1991) Францішка Скарыны праспэкт (1991—2005) |
Няміга вуліца | Няміская вуліца | Няміга-Школьная вуліца (частка) Няміга-Раманаўская вуліца (частка) Кацярынінская вуліца (частка, 1866—1926) Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 1926—1940-я) |
Парыскай Камуны плошча | Траецкая Гара плошча | Траецкі Рынак плошча (канец ХVI — пачатак ХІХ стагодзьдзі) Траецкая плошча (пачатак ХІХ ст. — 1919) |
Пераможцаў праспэкт | Школьная вуліца (частка) Паркавая магістраль |
Машэрава праспэкт (1980—2005) |
Ракаўская вуліца | Ракаўская вуліца | Юраўская вуліца (частка) Новафранцішканская вуліца (частка) Астроўскага вуліца (1937—1993) |
Рэвалюцыйная вуліца | Койданаўская вуліца | |
Свабоды плошча | Высокі Рынак плошча | Саборная плошча (1866—1917) Волі пляц (1917—1933) |
Старавіленская вуліца | Віленская набярэжная[3] | Віленская вуліца |
Старажоўская вуліца | Старосьцінская Слабада вуліца (частка) Радашкоўская вуліца (частка) Траецкая вуліца (частка) |
Стараслабадзкая вуліца (1866—1987) |
Сьвярдлова вуліца | Каломенская вуліца | Ігуменская вуліца (1919—1920)[2] |
Фрунзэ вуліца | Шпітальная вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Кашарская вуліца | Батальённая вуліца (1866—1882) Скобелеўская вуліца (1882—1919) |
Чычэрына вуліца | Георгіеўская вуліца (да 1922) | |
Шпалерная вуліца | Уваскрасенская вуліца | Уваскрасенскі завулак Вызваленьня вуліца |
Энгельса вуліца | Дамініканская вуліца | Петрапаўлаўская вуліца (1866—1922) |
Юбілейная плошча | Юбілейная плошча | Плошча 25 Кастрычніка |
Янкі Купалы вуліца | Траецкая вуліца (частка) Ягораўская вуліца (частка) |
Паліцэйская вуліца (частка, 1866—1919) Набярэжная вуліца (частка) Пралетарская вуліца (частка) Кастрычніцкая вуліца (1919—1948) Івана Луцкевіча вуліца (частка, 1941—1944) |
У 1866 року, па задушэньні нацыянальна-вызваленчага паўстаньня К. Каліноўскага, улады Расейскай імпэрыі надалі большасьці вуліцам Менску тыповыя расейскія назвы. Адбылося першае ў гісторыі места буйнамаштабнае перайменаваньне (агулам 17 вуліцаў і завулкаў[5]). На 2012 г. назоваў вуліцаў у гонар пісьменьнікаў у Менску было больш, чым ва ўсялякім іншым горадзе Беларусі[6].
Сучаснасьць
рэдагавацьВідавочна, мэтады далейшай рэканструкцыі гістарычнага раёну Менску, акрамя рэстаўрацыі і прыстасаваньня помнікаў пад розныя ўстановы, новага будаўніцтва і добраўпарадкаваньня мусяць улічваць і неабходнасьць дакумэнтальнага, поўнага ўзнаўленьня страчаных аб’ектаў. Гэта датычыцца ня толькі такіх выдатных помнікаў, як ратуша і Сьвятадухаўская царква ў Высокім Месьце, але і шэраговых гістарычных будынкаў.[7]
У 2007 годзе ў сярэднім на аднаго жыхара стала прыпадаць 19 кв.м жылой плошчы, што складае парог здаровага жыльля. У 2012 годзе ў сярэднім на жыхара прыпадала 19,5 кв.м. жылой плошчы[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Руслан Гарбачоў. 10 найстарэйшых будынкаў Мінска паводле Уладзімера Дзянісава // Салідарнасць, 17 красавіка 2009
- ^ а б в Сацукевіч І. Гісторыя і сучаснасць урбананімікі Гродна і Мінска (параўнаўчы аналіз) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
- ^ а б в г План губернского города Минска (1858) // Т. А. Карповіч. Культурнае жыццё Мінска I паловы XIX стагоддзя. — Мінск: «Рыфтур», 2007. С. 4—5.
- ^ Сацукевіч І. Гісторыя і сучаснасць урбананімікі Гродна і Мінска (параўнаўчы аналіз)
- ^ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008
- ^ Аляксандар Пукшанскі. Штаны і іншыя вуліцы // Зьвязда : газэта. — 4 траўня 2012. — № 84 (27199). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Чантурыя Ю. Гарады і час: Мінск // Страчаная спадчына. — Менск, 2003. С. 288—296
- ^ Сьвятлана Бусько. Менск — горад з самай шчыльнай забудовай сярод эўрапейскіх гарадоў-мільёньнікаў // Зьвязда : газэта. — 20 чэрвеня 2012. — № 117 (27232). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
рэдагаваць- Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.