Браты Кузьма́ і Лука́ (Лу́каш) Іва́навічы Мамо́нічыкупцы, друкары і грамадзкія дзеячы Вялікага Княства Літоўскага. Родам з Магілёўшчыны. Пры іхняй хаце ў Вільні ў 1574—1623 гадох існавала заснаваная на іхнія сродкі друкарня «Дом Мамонічаў», у якой за час існаваньня выйшлі ад 80 да 100 кнігаў.

У сям’і Івана Мамоніча было тры сыны — Багдан, Кузьма і Лука[1]. Багдан займаўся купецкай справай, Кузьма і Лука (Лукаш) доўгі час займаліся выдавецкай дзейнасьцю. У 1582 годзе Лука Мамоніч атрымаў прывілей на вайтоўства[2].

Кузьма быў жанаты, меў сына Льва, які таксама зрабіўся друкаром і працаваў з бацькам і дзядзем. У 1577, 1583, 1595 і 1601 гадох Кузьма займаў пасаду віленскага бурмістра[1].

Мамонічы мелі ўласны «папяровы млын» у мястэчку Павільна каля Вільні[3].

Друкарня

рэдагаваць

У траўні 1574 году ў хаце Мамонічаў была арганізаваная друкарня Пётры Мсьціслаўца. Матэрыяльную дапамогу Мсьціслаўцу аказвалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасьць Мсьціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[2].

У 1575—1576 гадох былі выдадзеныя «Эвангельле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часовник». Выданьні былі багата аздобленыя, надрукаваныя на добрай паперы, буйным шрыфтом, з арнамантам і гравюрамі, упрыгожаныя ягадамі, лопнутымі гранатавымі яблыкамі, шышкамі, выгінаючыміся сьцябламі[2].

Неўзабаве між Мсьціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Пётра Мсьціславец зьвярнуўся ў суд, і яму было прысуджанае ўсё друкарнае абсталяваньне і 30 коп грошаў, а Кузьме Мамонічу — выдадзеныя кнігі. Дзейнасьць друкарні аднавілася ў 1583 годзе пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, ягонага брата Лукі і сына Кузьмы Льва (Лявона Кузьміча). Магчыма, зь імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда(ru), які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[2].

13 сакавіка 1586 году кароль Стэфан Баторы выдаў Мамонічам прывілей, які дазваляў друкаваць і прадаваць славянскія кнігі (пацьверджаны 16 красавіка 1590 году)[1].

Да падпісаньня Берасьцейскай царкоўнай уніі 1596 году друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных братэрстваў, братэрскіх школаў, цэркваў, простых местачкоўцаў. З XVII стагодзьдзя друкарня забясьпечвала патрэбы выключна ўніятаў[2]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выходных зьвестках выданьняў зьявілася ў 1609 годзе. Адсутнасьць кнігаў для праваслаўных сьведчыць пра адхіленьне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад справаў і пераходу кіраваньнем у рукі Лявона[2]. Па сьмерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 году Лявон успадкаваў друкарню[3].

Усе выданьні адрозьніваліся добрым мастацкім аздабленьнем, выкарыстаньнем сьвецкіх гравюраў. Мастак і гравёр Грынь Івановіч (вучань Івана Федаровіча) стварыў для друкарні курсіўныя шрыфты.

Да 1623 году выдадзена каля 85 выданьняў (паводле іншых зьвестак — 115[1]) на царкоўнаславянскай, старабеларускай, лацінскай і польскай мовах.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г Кузьма Мамонич(недаступная спасылка) (рас.). Календарь истории Великого княжества Литовского
  2. ^ а б в г д е 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.
  3. ^ а б Лев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков

Літаратура

рэдагаваць
  • Н. Березкина. Из истории книгопечатания в Беларуси // Вестник ББА. — № 2. — 1996.
  • Голенченко Г. Я. Статья // Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. — Мн.: 1990. — С. 412.
  • Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII век) // Исслед. и материалы. — М.: 1959.
  • 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць