Гісторыя гербу Расеі

Храналёгія

рэдагаваць
 
Герб Палеалёгаў, XV ст.

Арол быў сымбалем позьняе Рымскае імпэрыі (Усходняй і Заходняй), а пасьля падзеньня Захаду стаў сымбалем Бізантыйскай імпэрыі. Двухгаловы арол быў намаляваны на радавым гербе дынастыі Палеалёгаў — апошняй імпэратарскай дынастыі Бізантыі (12611453).

 
Пячатка Івана III, 1497 год

На пячатцы Івана III Вялікага першапачаткова быў намаляваны «езьдзец» — сымбаль Масквы і ўсёй Масковіі. Двухгаловы арол быў прыняты дзяржаўным гербам пасьля яго шлюбу з Соф’яй (Зояй) Палеалёг, пляменьніцай апошняга імпэратара Бізантыі Канстанціна Палеалёга, у 1472 годзе, як знак перадачы спадчыны загінулай Бізантыі Масковіі.

Пасьля ліквідацыі залежнасьці ад Залатой Арды ўпершыню зьяўляецца вялікакняжацкая пячатка Івана III, замацаваўшая ў 1497 годзе яго грамату на зямельныя валадарствы ўдзельных князёў. Тады жа выявы пазалочанага двухгаловага арла на чырвоным полі зьявіліся на сьценах Гранавітай палаты ў Крамлі.

 
Пячатка Івана IV, 1582 год
 
Пячатка цара Фёдара Іванавіча (1589 г.)

Першы герб зьявіўся пры Іване Жахлівым, першым расейскім цары, герб Масковіі дапаўняецца ў цэнтры спачатку аднарогам, а затым — замест яго — традыцыйным маскоўскім сымбалем — вершнікам-зьмеяборцам. Таксама зьяўляецца ардынская сымболіка, якая адлюстроўвае ролю афіцыйнай рэлігіі.

 
Пячатка Ілжэдзьмітрыя I (1605 г.)

У часы смуты маскоўскі дзяржаўны сымбаль актыўна выкарыстоўваўся Ілжэдзьмітрыямі (I, II, III)[1].

У адрозьненьне ад бізантыйскага ўзору і, магчыма, пад уплывам гербу Сьвятой Рымскай імпэрыі двухгаловы арол стаў адлюстроўвацца з паднятымі крыламі[2].

 
Арол зь пячаткі цара Аляксея Міхайлавіча (1667 г.)

Пасьля 1625 году двухгаловы арол адлюстроўваецца з трыма каронамі. Паводле розных вэрсіяў, тры кароны маглі азначаць заваяваныя Казанскае, Астраханскае і Сыбірскае царствы, як зьвяз і адраджэньне Вялікай Арды.

У часы цара Аляксея Міхайлавіча арол атрымлівае сымбаль улады: скіпэтар і дзяржаву.

 
Герб Масковіі ў дзёньніку Корба. 1699 г.

У часы кіраваньня Пятра I сакратар аўстрыйскага пасла ў Масковіі Ё.-Г. Корб вядзе «Дыярыюш падарожжа ў Масковію», у якім апісвае набліжаных Пятра і расправу над стральцамі. Дыярыюш цікавы як чарговы погляд на Масковію вачыма замежніка, у тым ліку ўтрымоўвае падрабязную выяву гербу Масковіі.

Пасьля 1699 году герб адлюстроўваецца з элемэнтамі Андрэеўскага ордэна, уведзенага Пятром. Арол становіцца чорным пад уплывам заходнеэўрапейскіх гербаў. «Езьдзец» на гербе часам мянуецца «гасударам» (указ 1704 году), але па сутнасьці адлюстроўваецца Юры Пераможца, што зафіксавана ў пазьнейшых дакумэнтах 1730-х гадоў.

У 1730—1740-х гадах герб атрымлівае надоўга замацаваную форму. У 1736 годзе імпэратрыца Ганна Іванаўна запрашае швайцарца па паходжаньні, швэдзкага гравёра Ё. К. Гедлінгера, які выгравіяваў да 1740 году Дзяржаўную пячатку, якая зь невялікімі зьменамі выкарыстоўвалася да 1856 году.

 
Герб Расеі з Мальтыйскім крыжом, 1800 год

Пасьля заваёвы Мальты Напалеонам, імпэратар Павал I становіцца главой Мальтыйскага ордэна. У 1799 годзе Павал I падпісвае «Ўказ аб уключэньні ў расейскі герб Мальтыйскага крыжа пад каронай». Крыж разьмясьціўся на грудзі арла, пад маскоўскім гербам (які быў названы «карэнным гербам Расеі»). Таксама імпэратар прадпрымае спробу распрацаваць і ўвесьці поўны герб Расейскай імпэрыі. У 1800 годзе ён прапанаваў складаны герб, на якім у шматпольным шчытце і на дзевяці малых шчытках было зьмешчана сорак тры гербы. Аднак, прыняць гэты герб да сьмерці Паўла не пасьпяваюць[3].

 
Герб Расеі, 1825 год

Да гэтага часу зьяўляюцца розныя варыянты гербу: напрыклад, арол мог мець адну карону і трымаць вянок, маланкі («пяруны») або паходню. Імпэратар Мікалай I прымае два афіцыйныя тыпы гербаў: на адным, спрошчаным, у арла толькі асноўныя элемэнты. На другім афіцыйным варыянце гербу на крылах арла зьяўляюцца тытульныя гербы: на правым — Казанскі, Астраханскі, Сыбірскі, на левым — Польскі, Таўрычны, Фінляндзкі.

 
Вялікі дзяржаўны герб Расеі, 1882 год
 
Вялікі дзяржаўны герб Расеі, 1857 год

Пры імпэратары Аляксандры II, пад кіраўніцтвам геральдмэйсьцера барона Кенэ была праведзеная геральдычная рэформа. Арол на малюнку атрымаў новыя рысы, запазычаныя ў заходняй Эўропы — напрыклад, герб з Георгіем Пераможцам быў зьвернуты налева. Малы дзяржаўны герб быў зацьверджаны 8 сьнежня 1856 году. На ім таксама дадаліся новыя шчыты з гербамі тэрыторыяў у складзе Расейскай імпэрыі.

Усяго жа да 11 красавіка 1857 году быў створаны і прыняты цэлы камплект з гербаў, уключаючы Вялікі, Сярэдні і Малы дзяржаўныя гербы, і іншыя — у агульнай складанасьці сто дзесяць малюнкаў. Герб застанецца практычна нязьменным аж да самой лютаўскай рэвалюцыі, будуць уносіцца толькі невялікія зьмены: напрыклад, пры імпэратары Аляксандры III дадасца герб Туркэстану — яшчэ адной правінцыі Расейскай Імпэрыі.

 
Герб Расеі пры Часавым урадзе, 1917 год
 
Герб Расеі на грошах Часавага ўраду

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі і прыходу да ўлады Часавага ўраду герб губляе абсалютна ўсе атрыбуты; застаецца адзін арол, перарысаваны зь пячаткі Івана III. У такім выглядзе герб праіснаваў да прыняцьця гербу РСФСР 24 ліпеня 1918 году і гербу СССР 6 ліпеня 1923 году.

 
Сучасны дзяржаўны герб Расеі

Сучасны дзяржаўны герб быў прыняты ў 1993 годзе. Ён замяніў герб РСФСР (а да таго герб СССР) у якасьці дзяржаўнага. Сучасны герб утрымоўвае асноўныя гістарычныя элемэнты гербу Расейскай імпэрыі акрамя Андрэеўскага ордэну, аднак большасьць царскіх сымбаляў пазбаўленыя ў прэзыдэнцкай рэспубліцы якога-небудзь сэнсу.

У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб Дзяржаўным Гербе Расейскай Фэдэрацыі»[4], які ўсталёўвае апісаньне і парадак выкарыстаньня гербу.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя гербу Расеісховішча мультымэдыйных матэрыялаў