Чавусымагдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася меская ратуша, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Гістарычны герб

Першы пісьмовы ўпамін пра вёску Чавусавічы[1] датуецца 1581 годам. З 1589 году яны ўваходзілі ў склад Магілёўскай эканоміі. У 1604 годзе паселішча атрымала статус места.

12 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі на белым кані Сьв. Марцін зь мечам у руцэ, на плячах чырвоны плашч»[2]. На 1648 год тут было 176 дымоў[1].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Чавусы апынуліся ў цэнтры ваенных дзеяньняў, маскоўскія войскі акупавалі і спустошылі мясьціну. Зь вясны 1656 году тут разьмяшчалася рэзылэнцыя казацкага палкоўніка Івана Нячая. 24 сьнежня 1656 году «палкоўнік Яго Царскай Вялікасьці войска Запароскага» І. Нячай выдаў тут унівэрсал з забаронай рабаваць і крыўдзіць жыхароў Наваградзкага павету[3]. Увосень 1660 году войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Чавусы. На 1676 год тут было 109 будынкаў.

Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Чавусаў і ваколіцаў: «Я, Иванъ Новичонокъ, извествую: отецъ мой родився в Петухове под Чаусами, в Литве»[4][5].

 
Ратуша, рысунак XIX ст.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1708 годзе Чавусы разрабавалі швэдзкія войскі. На 1737 год у месьце дзеялі 3 царквы, існаваў мытны пункт, дзясятую частку жыхароў складалі рамесьнікі. У 1770-я гады тут было больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Чавусы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам павету Магілёўскай, пазьней Беларускай губэрні. У 1778 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі плян забудовы места і надалі яму новы герб. З 1789 году пачала працаваць 2-клясная павятовая вучэльня. На 1803 год у Чавусах быў 461 будынак, дзеялі касьцёл пры кляштары кармэлітаў і 4 царква. На 1825 год — 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крамаў, штогод праводзіліся 2 кірмашы. На 1829 год — 584 дамы, дзеялі касьцёл, 4 царквы, 6 сынагогаў. У 1839 годзе працавала палатняная мануфактура. На 1840 год — 4 мураваныя і 808 драўляных дамоў, працавалі 26 крамаў і 23 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы.

 
Панарама Зарэчча, 1901 г.

У 1860 годзе ў Чавусах было 676 двароў, дзеялі 4 царквы, 2 сынагогі і 7 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі лякарня, расейскія 2-кляснае павятовая і прыходзкая вучэльні, 73 крамы, аптэка. 12 жніўня 1881 году пачала працаваць тэлеграфная станцыя. У 1901 годзе адкрылася 3-клясная меская вучэльня, на 1904 год — працавала 41 прамысловае і 41 рамеснае прадпрыемствы, лякарня на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня, штогод праводзілася чатыры кірмашы.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чавусы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Чавусы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Магілёўскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 студзеня 2005 году мескія ўлады афіцыйна зацьвердзілі гербу Чавусаў[6]. Зь невядомых прычынаў яны абралі пазьнейшы расейскі, а не гістарычны герб часоў Вялікага Княства Літоўскага.

  1. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 735.
  2. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 251.
  3. ^ Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. — Т. 34. Акты, относящиеся ко времени войны за Малороссию (1654—1667). — Вильна, 1909. С. 95, 97, 235. [1]
  4. ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 56.
  5. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
  6. ^ Геральдика(недаступная спасылка) на Чаусский районный исполнительный комитет

Літаратура

рэдагаваць