Талачын — даўняе места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс манастыра базылянаў з царквой Покрыва Багародзіцы ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст., а таксама касьцёл Сьвятога Антонія ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст.

Царква і манастыр базылянаў, 1941 г.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Талачын датуецца 1433 годам, калі ён ужо меў статус места ў Друцкім княстве (у складзе Вялікага Княства Літоўскага) і знаходзіўся ў валоданьні князёў Друцкіх[1]. У сярэдзіне XVI ст. Талачын упамінаецца як гандлёвае мястэчка, дзе штогод праводзілася 3 кірмашы. У гэты час ён належаў Друцкім-Талачынскім. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Талачын увайшоў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. У канцы XVI ст.[1] маёнтак перайшоў у валоданьне Сапегаў, пазьней — Сангушкаў.

У 1604 годзе Леў Сапега збудаваў у Талачыне касьцёл, школу і шпіталь для хворых. На 1621 год у мястэчку было 314 будынкаў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Талачын спалілі маскоўскія захопнікі; колькасьць будынкаў скарацілася да 142[1].

У 1769 годзе князі Сангушкі фундавалі ў Талачыне базылянскі манастыр. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) усходняя частка мястэчка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі (атрымала назву Стары Талачын), тым часам заходняя частка, што разьмяшчалася за Друцьцю, пачала называцца Новым ці Зарэчным Талачыном. У 1772—1793 гадах мястэчка было пагранічным пунктам з мытняй. 15 лютага 1782 году ў царскім указе Талачын значыцца як места, аднак ва ўказе ад 9 лютага 1783 году — як мястэчка. У 1779 годзе пры базылянскім манастыры пачалі працаваць школа і шпіталь.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Новы Талачын таксама апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Стары Талачын лічыўся цэнтрам Стараталачынскай воласьці, якая ўвайшла ў Копыскі павет; Новы Талачын быў цэнтрам Зарэчнаталачынскай воласьці Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні.

У вайну 1812 году ў Талачыне згарэлі 2 касьцёлы, паштовы двор, 30 крамаў, 56 двароў. У ліпені і лістападзе ў мястэчку спыняўся Напалеон, на загад якога тут спалілі сьцягі «Вялікай арміі».

На 1847 год у Талачыне рэгулярна праводзілася 3 кірмашы — Мікалаеўскі (9 траўня), Ільлінскі (20 ліпеня), Усьпенскі (8 верасьня). З 1859 году каля мястэчка дзейнічала гута. У 1860-я гады беларускіх сялянаў вёскі Загарадзьдзя каля Талачына, што актыўна ўдзельнічалі ў нацыянальна-вызвольным руху, расейскія ўлады вывезьлі за межы Беларусі. Саму ж вёску засялілі 15 сялянскімі сем’ямі з цэнтральнай Расеі (Разанская губэрня)[2].

У 1861 годзе Стары Талачын увайшоў у Аршанскі павет. У 1863 годзе тут адкрылася народная вучэльня. У 1869 годзе ў Зарэчным Талачыне таксама адкрылася вучэльня, у 1881 годзе — пачаў працаваць крухмальны завод. У пачатку XХ ст. у Талачыне быў 391 будынак, дзейнічалі царква і касьцёл, працавалі 2 народныя вучэльні, школа, крухмальны зваод, 2 гарбарні, цагельня, бровар, гута і вадзяны млын. Мясцовае насельніцтва гандлявала збожжам і лесам.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Талачын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Талачын вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Аршанскай акругі. У 1938 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у Віцебскай вобласьці. На 1939 год у Талачыне працаваў ільнозавод, а таксама шпалапільны, гарбарны заводы, былі іншыя прадпрыемствы, у тым ліку ткацкая фабрыка. У Другую сусьветную вайну з 8 ліпеня 1941 году да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

22 ліпеня 1955 году Талачын атрымаў статус места. 28 лютага 2011 году афіцыйна зацьвердзілі мескі сьцяг[3].

Літаратура

рэдагаваць