Сенна — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы пры кляштары францішканаў (зруйнаваны савецкімі ўладамі 17 верасьня 1962 году), унікальны помнік архітэктуры стылю барока[1].

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Сенна ў XVIII ст.

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[2][3] першы пісьмовы ўпамін пра Сенна датуецца 1534 годам, калі ў вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім паселішча занялі і спалілі ўсходнія акупанты пад камандай Барыса Гарбатага (1535). Аднак сучаснае места афіцыйна[4][5] вядзе сваю гісторыю ад 1442 году, часоў кіраваньня вялікага князя Казімера.

У 1-й палове XVI ст. Сенна атрымала статус мястэчка і належала адміністрацыйна да Віцебскага павету. У 1543—1545 гадах маёнтак Сенна ўпамінаецца ў судовых спрэчках паміж ягонымі ўладальнікамі князямі Д. Відніцкім-Любецкім, пасынкам яго Р. Сеньненскім-Грыбоўскім і плябанам Аболецкага касьцёла. У 1595 годзе ў купчай, дадзенай старостам фэлінскім Марцінам Курчам сыну Яўстаху, ідзе гаворка пра маёнтак, замак і мястэчка Сенна «з царквамі і іх фундушамі». Гаспадарку маёнтку вёў кіравальны, якому ад імя ўладальніка давалася права суду над ягонымі сялянамі. Замак (палац уладальніка) знаходзіўся на ўзвышшы, на месцы старажытнага капішча, каля дзьвюх серных крыніцаў, і быў абведзены ровам, празь які да брамы вёў пад’ёмны мост. Побач была капліца (не захавалася). У 1-й палове XVII ст. Сенна перайшло да Сапегаў. У 1609 годзе Яўстах Курч збудаваў у мястэчку мураваны касьцёл[2] У 1613 годзе Леў Сапега запрасіў сюды манахаў-францішканаў, якія адкрылі пры кляштары школу для бедных[6]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1658 годзе маскоўскія захопнікі зьнішчылі аддзелы мясцовых жыхароў, якія на чале зь Я. Юндзілам вялі партызанскую вайну супраць акупантаў.

У 2-й палове XVII ст. Сенна перайшло ў валоданьне Агінскіх, якія ў 1768—1772 гадах аднавілі[2] тутэйшы касьцёл у стылі позьняга віленскага барока. 28 чэрвеня 1772 году распачаліся 3-дзённыя ўрачыстасьці асьвячэньня новага касьцёла.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Кляштар францішканаў

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Сенна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскай правінцыі. У 1777 годзе паселішча атрымала статус места і стала цэнтрам павету Магілёўскай губэрні (1773—1777 і з 1802), намесьніцтва (1778—1796) і Беларускай губэрні (1796—1802). 16 жніўня 1781 году адбылося зацьверджаньне гербу Сянна «ў зялёным полі дзьве скрыжаваныя залатыя касы»[7]. У 1778 годзе пачала працаваць паштовая кантора. На 1803 год у Сеньне дзейнічалі мураваны францішканскі кляштар (пры ім працавала вучэльня) і мураваны рымска-каталіцкі касьцёл (у ім знаходзіліся мошчы сьвятога Фартуната, перанесеныя з Рыму ў 1772 годзе паводле хадайніцтва Агінскіх), а таксама драўляная царква ў імя прарока Ільлі.

 
Панарама места. Н. Орда, 1877 год

У 1-й палове XIX ст. Сенна знаходзілася ў валоданьні графа Серакоўскага, працавалі 2 гарбарныя і паташны заводы. На 1805 год у месьце было каля 600 будынкаў, пераважна драўляных. У 1848 годзе Сенна пацярпела ад эпідэміі халеры, памерла 118 жыхароў. У 1860 годзе пажар зьнішчыў амаль усе драўляныя пабудовы. У 1867 годзе на месцы драўлянай царквы збудавалі мураваны сабор Сьвятога Мікалая. У 1881 годзе працавала 7 прадпрыемстваў з 7 працаўнікамі. У 1883 годзе празь Сенна прайшла тэлеграфная лінія. Згодна зь перапісам 1897 году ў месьце дзейнічалі 6 саматужных прадпрыемстваў — гарбарныя і ганчарныя заводы, фабрыка па вырабу папяросных гільзаў, на якіх былі занятыя 12 працаўнікоў. 3 рамёстваў найбольш папулярнымі былі кравецкае, швейнае, сьлясарна-кавальскае, сталярнае.

На 1904 год у Сеньне працавалі 10 прамысловых і 6 рамесных прадпрыемстваў, друкарня, бібліятэка, аптэка, 2 лякарні на 51 месца, а ў іх — 4 лекары, 5 фэльчараў, 2 акушэркі. Адкрыліся 3 пачатковыя школы, у тым ліку — 3-клясная меская вучэльня. У цэнтры разьмяшчаўся мураваны адмістрацыйны будынак, налічвалася 14 вуліцаў і завулкаў. Вуліцы ўначы асьвятляліся 72 газавымі ліхтарамі. Паміж Менскай, Бешанковіцкай і Віцебскай вуліцамі месьціўся пляц Рынак з крамамі з аднаго боку і касьцёлам з другога. Каля 1906 году пачало дзейнасьць польскае Таварыства дабрачыннасьці і асьветы, заснаванае з ініцыятывы Марыі Сьвяцкай. Таварыства займалася адкрыцьцём у вёсках і мястэчках прыхованых школаў з польскай мовай навучаньня, фінансавалі яго мясцовыя ўладальнікі маёнткаў[8]. На 1907 год у Сеньне было 450 будынкаў (зь іх 4 мураваныя); дзейнічалі 2 царквы, 1 касьцёл, 6 малітоўных дамоў; працавалі 54 рамесныя прадпрыемствы, 1 паравы, 3 вадзяныя млыны. Больш распаўсюджанымі відамі рамёстваў былі шавецкае (94 чалавекі), кравецкае, сьлясарна-кавальскае (31 чалавек), сталярнае (15 чалавек), малярнае (14 чалавек), пекарскае (12 чалавек). Штогод праводзілася 5 кірмашоў. На пляцы Рынак знаходзіліся 82 крамы. Правацалі 6 школаў, у тым ліку меская вучэльня, чатырохклясная жаночая прагімназія, а таксама 3 бібліятэкі, 2 лякарні, аптэка, 6 гатэляў; паштовая кантора, тэлеграф (з 1883 году), друкарня, фатаграфія. Места ўпрыгожвалі 2 вялікія сады.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сенна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Сенна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну Віцебскай акругі (з 1938 году — Віцебскай вобласьці). У 1927 годзе дзейнічалі дзьве сямігодкі (658 вучняў), няпоўная сямігодка (130 вучняў), школа 1-й ступені (63 вучні), габрэйская школа (130 вучняў), школа ліквідацыі непісьменнасьці, 4 бібліятэкі, 3 клюбы, народны дом. Прамысловыя прадпрыемствы (1928) — электрастанцыя, торфараспрацоўчае, рамонтныя майстэрні, вінзавод, маслабойня, 3 газагенэратарныя млыны, 9 кузьняў, 4 сталярныя майстэрні, 14 пякарняў. На 1939 год працавалі льнозавод, заатэхнікум, лякарня, гасьцініца, кінатэатар, лазьня. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 году да 25 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

17 верасьня 1962 году савецкія ўлады злачынна ўзарвалі выдатны помнік архітэктуры — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[9]. 20 студзеня 2006 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гістарычнага гербу Сянна[10].

  1. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск: Літаратура і мастацтва, 2008. С. 57.
  2. ^ а б в Удальцоў В. Сянно // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 652.
  3. ^ Удальцоў В. Сянно // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 479.
  4. ^ Сенненскія далягляды(недаступная спасылка) // «Народная газета» № 120 (5283), 30 чэрвеня 2010.
  5. ^ Гісторыя Сеньненшчыны (рас.). Сенненский районный исполнительный комитетПраверана 21 ліпеня 2011 г.
  6. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 462.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 243.
  8. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 38.
  9. ^ Сіўко Ф. Адноўленая парафія ў Сянно // «Ave Maria» № 9—10 (88—89), 2002.
  10. ^ Указ президента Республики Беларусь от 20 января 2006 г. №36 «Об утверждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области».

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Сяннасховішча мультымэдыйных матэрыялаў