Гісторыя Дарагічына
Дарагічын — магдэбурскае[1] места гістарычнай Піншчыны (частка Берасьцейшчыны), на захадзе Палесься. Колішняя сталіца Давячораўскага графства.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра сяло Давячоравічы (першая назва сучаснага Драгічына) зьмяшчаецца ў Літоўскай Мэтрыцы і датуецца 1452 годам. Паселішча ўваходзіла ў склад Пінскага староства і знаходзілася ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы. Праз Давячоравічы праходзіла дарога зь Берасьця на Валынь. У 1450—1460-я гады князь пінскі Юры Сямёнавіч перадаў сваёй граматай частку даніны зь сяла на карысьць царквы ў Дружылавічах, на якую мусіла выдаткоўвацца 2 вядры мёду.
У 1552 годзе ўпамінаецца Давячораўскае войтаўства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскага ваяводзтва. У пачатку XVII ст. Давячоравічамі валодаў Леў Сапега, які ў 1619 годзе перадаў сяло Нявельскім. Апошнія ў 1623 годзе заснавалі царкву Прычыстай Багародзіцы і атрымалі для паселішча статус мястэчка. Пад 1655 годам яно ўпершыню ўпамінаецца як Драгічын (у далейшым сустракаецца і форма Дарагічын[2]).
У 2-й палове XVII ст. упамінаецца Давячоравічаўскі маёнтак, які ў апошняй чвэрці XVIІI ст. называўся графствам. У 1749 годзе пінскі маршалак М. Ажэшка заснаваў у мястэчку францішканскі кляштар. У 1778—1779 гадох тут было 68 дамоў, а само паселішча звалася местам[2]. У 2-й палове XVIІI ст. існавала ратуша.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Драгічын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Кобрынскім павеце. Статус паселішча панізілі да мястэчка. На 1849 год тут было 98 будынкаў.
Да 1886 году каля Драгічына збудавалі чыгуначную станцыю. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 280 дамоў (зь іх 140 жылыя), царкоўнапрыходзкая школа, 2 народныя вучэльні, лячэбніца. Напярэдадні Першай сусьветнай вайны працавалі фабрыка саламяных капелюшоў, 2 маслабойні, завод ачысткі крэйды, млыны.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Драгічын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Драгічын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 246 будынкаў.
У 1939 годзе Драгічын увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 году атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 10 лістапада 1967 году Драгічын атрымаў статус места.
Галерэя
рэдагаваць-
Капліца, 1915 г.
-
Ляхавіцкі канал, 1916 г.
-
Галоўная вуліца, 1916 г.
-
Галоўная вуліца, 1917 г.
-
Касьцёл, 1929 г.
-
Касьцёл, да 1939 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 312.
- ^ а б Грынявецкі В. Давячоравічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 568.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881.