Гран-пры ЗША
Гран-пры́ ЗША (па-ангельску: United States Grand Prix) — аўтагоначнае спаборніцтва, заснаванае ў 1908 року пад назвай Амэрыка́нскае Гран-пры (анг. American Grand Prize). З 1959 року ўвайшло ў каляндар чэмпіянату сьвету ў Формуле-1. За ўвесь час гонкі праводзіліся ў 10 розных месцах, апошнім часам на трасе Амэрык каля Остыну (штат Тэхас).
Траса Амэрык | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 52 |
Першая гонка | 1908 |
Лідэр (гоначнік) | Льюіс Гэмілтан (6) |
Лідэр (канструктар) | Фэрары (10) |
Траса | |
Працягласьць кола | 5513 км |
Працягласьць гонкі | 308405 км |
Колькасьць колаў | 56 |
Сэзон 2023 году | |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
Мінуўшчына
рэдагавацьНатхніўшыся эўрапейскімі гоначнымі спаборніцтвамі, Ўільям Кісам Вандэрбільт II вырашыў зладзіць падобныя і ў ЗША. Першы Кубак Вандэрбільта адбыўся ў 1904 року; аднак у 1907 ён быў скасаваны праз гібель гледачоў. Праз год спаборніцтвы ўзнавіліся, аднак Амэрыканская аўтамабільная асацыяцыя не пагадзілася з правіламі, ухваленымі Міжнароднай асацыяцыяй прызнаных аўтамабільных клюбаў(d) (МАПАК). Тады канкурэнтная арганізацыя Аўтамабільны клюб Амэрыкі(d) заснавала Амэрыканскае гран-пры паводле міжнародных правілаў. Права правесьці першае спаборніцтва атрымаў Саванскі аўтамабільны клюб з Джорджыі. Гонку, у якой бралі ўдзел 14 эўрапейскіх і 6 амэрыканскіх спаборнікаў, у зацятай барацьбе выйграў Люі Вагнэр з каманды «Фіят».
Нягледзячы на посьпех Саванны, у 1909 року гонку вырашылі перанесьці на Лонг-Айлэнд, дзе адбываўся і кубак Вандэрбільта. Аднак Гран-пры ў выніку не адбыўся. А ў 1910 року зноў трагічна скончыўся кубак Вандэрбільта, таму і Амэрыканскае гран-пры скасавалі. Тады Саванскі аўтамабільны клюб запрасіў гонку да сябе, аднак большасьць эўрапейскіх камандаў не пасьпелі ўзяць у ёй удзелу. Гэтым разам перамог гоначнік ЗША Дэйвід Брус-Браўн з каманды «Бэнц».
У 1911 року была вырашана пакінуць Гран-пры ЗША ў Саваньне, куды перанесьлі і кубак Вандэрбільта. Нягледзячы на папулярнасьць гонак, траса была нізкаякаснай, у выніку чаго падчас трэніроўкі загінуў Джэй МакНэй. Тады ў 1912 року права зладзіць спаборніцтвы атрымала места Мілўокі ў Вісконсіне. І тут падчас трэніроўкі загінуў Дэйвід Брус-Браўн, а на апошнім коле гонкі Ральф ДэПальма атрымаў сур’ёзную траўму ў сутыкненьні з Калебам Брэгам. Пасьля гэтага ў Мілўокі гонак ня ладзілі.
У 1913 року Лонг-Айлэнд не здабыў права прыняць гонку ў сябе, а Саванна ня здолела забясьпечыць годнага прызу. У ЗША здабылі папулярнасьць гонкі па драўляным коле(d), таму дарожную гонку скасавалі. Праз год і Гран-пры, і кубак Вандэрбільта прыняла траса Санта-Моніка ля Лос-Анджэлесу (Каліфорнія). У 1915 гонку перанесьлі ў Сан-Францыска. З пачатку I сусьветнай вайны ў ёй засталіся пераважна кіроўцы і аўтамабілі з ЗША.
У 1916 року Гран-пры вярнулася на Санта-Моніку і стала этапам Нацыянальнага чэмпіянату Амэрыканскай аўтамабільнай асацыяцыі(d). Але гэта было апошняе Амэрыканскае Гран-пры: цікавасьць спала праз адсутнасьць эўрапейскіх спаборнікаў і разьвіцьцё колцавых гонак. У 1923—1930 паводле правілаў Гран-пры адбываліся гонкі Індыянапалісу-500, таму хто-кольвек таксама лічыць іх Амэрыканскімі Гран-пры. У 1930—1936 роках пераможцам Індыянапалісу ўручалі трафэй Гран-пры, пасьля чаго яго замяніў сучасны прыз(d). У 1950—1960 Індыянапаліс-500 уваходзіў у каляндар чэмпіянату сьвету(d).
У 1957 року ў Рывэрсайдзе была адкрытая новая гонкавая траса(d), дзе адным зь першых адбылося спаборніцтва Клюбу спартовых аўтамабіляў Амэрыкі(d). Праз год спаборніцтва стала называцца «Гран-пры ЗША». У 1959 року на трасе ў Сэбрынгу(d) адбылася гонка паводле формульных правілаў, названая «II Гран-пры ЗША». Гэта быў фінальны этап сэзону Формулы-1, прызначаны на 12 сьнежня. Ад папярэдняй гонкі ў Монцы мінулі 3 месяцы. Пераможцам упершыню стаў новазэляндзец Брус Макларэн на «Купэры» — наймаладзейшы на той час пераможца Гран-пры. Нягледзячы на тое, што Гран-пры ЗША стала вырашальнай для чэмпіёнства, асаблівага посьпеху яна ня мела з прычыны аддаленасьці ад Эўропы і ледзьве акупілася арганізатарам. Гоначнікі Брыгз Канінгэм(d) і Чарльз Морган(d) нават аддалі на прызы ўласныя грошы, каб ня зганьбіць краіну.
На 1960 рок Гран-пры ЗША перанесьлі ў Рывэрсайд. Аднак і тут асаблівага посьпеху яно ня мела з прычыны слабой рэклямы і канкурэнцыі з Гран-пры „Таймз“(d). Канінгэм і Моран зноўку аплочвалі прызы з уласнай кішэні.
У 1961 року гонку перанесьлі на трасу Ўоткінс-Глен(d) ў азёрным рэгіёне(d) Нью-Ёрку. Траса раней ужо прымала гонкі Формулы Лібрэ і канфігурацыяй вельмі паходзіла на брытанскую Брэндз Гэч. Тут нарэшце гонка здабыла папулярнасьць. Гран-пры ЗША ладзілася на Ўоткінс-Глене 20 гадоў — даўжэй, чым на якой-кольвек іншай трасе. Паколькі гонка заўсёды ішла апошняй ці перадапошняй у сэзоне, нярэдка яна ўжо нічога не вырашала ў чэмпіянаце; але арганізатары прываблівалі вялікімі прызавымі грашыма.
У 1971 была значная зьмененая канфігурацыя трасы, у выніку чаго яна стала даўжэйшай амаль на 2 км. Гонка ўскладнілася, але тым самым стала яшчэ прывабнейшай для спартоўцаў і камандаў. Француз Франсуа Сэвэр(d), які здабыў тут сваю адзіную перамогу за «Тырэл», зарабіў рэкордную для Формулы-1 суму 267 тыс. $ ЗША.
У 1972 року ў Гран-пры ЗША ўзялі ўдзел ажно 30 гоначнікаў. Эмэрсан Фітыпальдзі, які ўжо заваяваў чэмпіёнства ў папярэдняй італьянскай гонцы, саступіў перамогу ў гонцы абодвум «Тырэлам» Джэкі Ст’юарта і Франсуа Сэвэра. Праз год Сэвэр загінуў у часе кваліфікацыі. Ягоны сябар і сукаманднік Ст’юарт, які заваяваў сваё трэцяе чэмпіёнства дзьве гонкі таму, плянаваў пасьля Гран-пры ЗША, якое стала б для яго сотым, скончыць кар’еру. Аднак пасьля трагедыі яны з Кенам Тырэлам вырашылі зьняць каманду з чэмпіянату ўвогуле, аддаўшы перамогу ў Кубку канструктараў «Лотасу». У гонцы перамог швэдзкі пілёт «Лотасу» Роні Пэтэрсан.
Да Гран-пры 1974 року Эмэрсан Фітыпальдзі і швайцарац Клэй Рэгацоні падышлі з аднолькавай колькасьцю пунктаў. Рэгацоні на «Фэрары» ня здолеў трапіць у заліковую зону, таму Фітыпальдзі, фінішаваўшы пятым, стаў чэмпіёнам ужо другі раз. Падчас гонкі загінуў аўстрыец Гельмут Койніг з «Сэртысу».
У наступным сэзоне на трасе дадалі адну шыкану, каб зрабіць яе павольнейшай. Да канца 1970-х стан трасы згоршыўся. У 1978 Міжнародная фэдэрацыя аўтамабільнага спорту запатрабавала ад арганізатараў зрабіць захады бясьпекі, бо нярэдка гледачы падчас прагляду спальвалі рэчы, а ў 1974 нават спалілі аўтамабілі і аўтобус. У 1980 нават плянавалі скасаваць гонку, аднак пасьля абяцаньня арганізатараў за зіму палепшыць умовы яе правялі. Але яна стала апошнім Гран-пры, зладжаным у Ўоткінс-Глене.
У 1976 року ў Лонг-Бічы (Каліфорнія) нароўні з Гран-пры ў Ўоткінс-Глене адбылася яшчэ адна гонка пад назовам Гран-пры ЗША-Захад. Пасьля заняпаду Ўоткінс-Глену пэўны час ладзіліся Гран-пры на вулічных трасах у Дэтройце, Даласе і на паркоўцы ў Ляс-Вэгасе. Найдаўжэйшым зь іх стала дэтройцкае (1982—1988); пасьля ягонага сканчэньня Формула-1 пераехала ў пустыню Санора ў Фініксе (Арызона), і гэты этап зноўку атрымаў назву Гран-пры ЗША. Вулічная траса ў Фініксе ня мела папулярнасьці ў кіроўцаў і гледачоў з прычыны нізкахуткасных паваротаў пад 90°, дзе абгоны былі немагчымыя. Першая гонка 1989 року адбылася ў найсьпякотнейшым месяцы Фініксу — чэрвені; у дзень гонкі тэмпэратура паветра склала 38 °C, квіткі распрадаліся ня цалкам. Пасьля гэтага гонку перанесьлі на сакавік, і два наступныя гады яна адкрывала сэзон. З 1992 гонку скасавалі, і Гран-пры ЗША ня ладзілася яшчэ 9 гадоў.
Гонка вярнулася ў 2000 року, гэтым разам на Індыянапаліс (Індыяна). Яе наведалі 225 000 гледачоў — адзін з найвышэйшых паказьнікаў у гісторыі. Першыя чатыры гады гонка ў Індыянапалісе адбывалася ў верасьні, але з сэзону-2004 яе перанесьлі на канец чэрвеня, бліжэй да Індыянапалісу-500 і Гран-пры Канады.
У 2005 року праз праблемы з шынамі кампаніі Michelin сем камандаў зьняліся з гонкі; удзел узялі толькі тры (6 аўтамабіляў) на шынах Bridgestone. Усе ўдзельнікі атрымалі пункты. Апошнім пераможцам Гран-пры ў Індыянапалісе 2007 року стаў Льюіс Гэмілтан. Праз год арганізатары ня здолелі дамовіцца наконт даты правядзеньня, і надалей вырашылі не прымаць гонку ў Індыянапалісе зь фінансавых прычынаў.
У 2010 року права прымаць спаборніцтва ў сябе з 2012 атрымаў Остын (Тэхас). Дзеля гэтага была збудаваная новая Траса Амэрык. Поўл заваяваў дзейны чэмпіён Сэбастыян Фэтэль, але першым пераможцам у Остыне зноўку стаў Льюіс Гэмілтан. Гонка 2016 року стала для трасы Амэрык самай пасьпяховай: яе наведалі амаль 270 тысячаў гледачоў, прывабленых канцэртаў поп-сьпявачкі Тэйлар Сўіфт, добрым надвор’ем, а найперш чэмпіёнскай гонкай між Гэмілтанам і Ніка Росбэргам.
Гонка 2020 року была скасаваная з прычыны пандэміі кананавіруснай інфэкцыі.
Пераможцы
рэдагавацьРужовае тло азначае, што гонка не ўваходзіць у каляндар Чэмпіянату сьвету Формулы-1.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ United States GP. ChicaneF1. Праверана 19 September 2021 г. Архіўная копія ад August 7, 2021 г.
- ^ Higham, Peter The Guinness Guide to International Motor Racing. — London, England: Motorbooks International, 1995. — P. 446-447. — ISBN 978-0-7603-0152-4