Льюіс Гэмілтан

брытанскі аўтагоначнік

Сэр Лью́іс Карл Дэ́йвідсан Гэ́мілтан (па-ангельску: Lewis Carl Davidson Hamilton; нар. 7 студзеня 1985, Стывэныдж, Гэртфардшыр, Ангельшчына) — брытанскі аўтагоначнік Формулы-1 за каманду Мэрсэдэс. Рэкордны сяміразовы чэмпіён Формулы-1 (як і Міхаэль Шумахэр), рэкардсмэн паводле колькасьці перамог у Гран-пры, поўл-пазыцыяў ды подыюмаў.

Льюіс Гэмілтан
Нарадзіўся 7 студзеня 1985(1985-01-07)[1][2][3][…] (39 гадоў)
Грамадзянства
Каманда МакЛарэн і Мэрсэдэс[d]
Удзелаў 310[8] і 310[8]
Перамогаў 103[8]
П’едэсталаў 191[8]
Пунктаў 4405,5[8]
Стартавых лідэрстваў 103[8]
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
lewishamilton.com (анг.)

Удзельнічаў у моладзевай праграме каманды Макларэн з 1998 року, адкуль у 2007 трапіў у Формулу-1, дзе стаў першым чорным гоначнікам. У дэбютным сэзоне ўсталяваў некалькі рэкордаў і саступіў чэмпіёну Кімі Райкёнэну адзін пункт у выніковым заліку. Праз год заваяваў першы чэмпіёнскі тытул, здолеўшы абагнаць суперніка на апошнім коле апошняга Гран-пры ў Бразыліі, і стаў наймаладзейшым на той час чэмпіёнам Формулы-1. У 2013 перайшоў у Мэрсэдэс.

Прыняцьце новага рэглямэнту на сэзон 2014 року паспрыяла камандзе і асабіста Льюісу Гэмілтану, які да 2021 року здолеў заваяваць яшчэ 6 тытулаў (2014, 2015, 2017, 2018, 2019, 2020). У 2021 ён перасягнуў адзнаку ў 100 перамог у Гран-пры і поўл-пазыцыяў.

Па-за гонкамі Льюіс Гэмілтан падтрымлівае барацьбу з расізмам і прасоўвае разнастайнасьць у аўтаспорце. У 2020 року ўключаны ў сьпіс 100 найбольш уплывовых людзей паводле часопісу Time. У 2021 року пасьвечаны ў рыцары-бакаляўры.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Адукацыя

рэдагаваць

Бацькі: грэнадзец Энтані Гэмілтан і брытанка Кармэн Лярбалест’ер — разьвяліся, калі Льюісу было два гады, і выхоўвала яго ды яшчэ двух зводных сёстраў маці. З дванаццацігадовага веку Льюіс жыў з бацькам, мачыхай і зводным братам Нікаласам, прафэсійным гоначнікам. Выхоўваўся ў каталіцкіх традыцыях.

Калі Льюіс Гэмілтан меў пяць гадоў, бацька падараваў яму радыёкіраваную машынку. Праз год Льюіс заняў другое месца ў чэмпіянаце Вялікабрытаніі сярод радыёкіраваных аўтамабіляў. Тады на Раство бацька падараваў яму картынгавы аўтамабіль і працаваў на некалькіх працах, каб забясьпечыць сыну кар’еру ў аўтагонках. Да пачатку 2010 року ён быў асабістым мэнэджэрам сына.

Льюіс Гэмілтан скончыў каталіцкую школу ў Стывэныджы. Акрамя гонак, ён займаўся каратэ, каб абараняцца ад цкаваньня ў школе, а таксама гуляў у школьных футбольнай і крыкетнай камандах. У 2001 року паступіў у прыватны даўнівэрсытэцкі коледж у Кембрыджы.

Моладзевыя спаборніцтвы

рэдагаваць

У картынгавых спаборніцтвах удзельнічаў з 1993 року і неўзабаве пачаў здабываць перамогі і ў гонках, і ў дзіцячых чэмпіянатах. Праз два гады, у дзесяцігадовым веку, стаў наймаладзейшым пераможцам кадэцкага чэмпіянату Вялікабрытаніі. У 1998 року Рон Дэніс запрасіў яго ў праграму разьвіцьця кіроўцаў Макларэну. У 1999 Гэмілтан выступаў у Інтэркантынэнталі А, у 2000 — у Формуле А, у 2001 — у Формуле Супэр А[a], стаўшы ў 2000 року чэмпіёнам Эўропы з максымумам магчымых пунктаў.

У 2001 року дэбютаваў у зімовай сэрыі брытанскай Формулы Рэно, якую скончыў на пятым месцы. Пасьля гэтага атрымаў запрашэньне ў цэлы сэзон брытанскай Формулы Рэно-2002, які таксама скончыў пятым. Праз год у той жа камандзе Мэйнар Мотаспорт стаў пераможцам чэмпіянату за дзьве гонкі да канца. Апошнія гонкі прапусьціў, каб паўдзельнічаць у чэмпіянаце брытанскай Формулы-3.

У 2004 року дэбютаваў з камандай Мэйнар у Эўрасэрыі Формулы-3, дзе зноўку фінішаваў пятым. Пасьля гэтага ён падпісаў кантракт з камандай Макларэн і ў канцы году правёў зь ёй першыя тэсты ў Сыльвэрстоўне.

У 2005 року перайшоў у чэмпіёнскую каманду Эўрасэрыі АСМ Формула-3(d) і перамог у 15 з 20 гонак. Па выніках сэзону брытанскі часопіс Autosport паставіў яго на 24-е месца з 50 найлепшых гоначнікаў року.

На сэзон 2006 року Льюіс перайшоў у сястрынскую каманду АРТ Гран-пры, якая выступала ў сэрыі ГП2. Адразу стаў чэмпіёнам і тут, перамогшы Нэльсана Піке і Аляксандра Прэма. Ягоны посьпех супаў з сыходам Хуана Паблё Мантоі ў NASCAR, а Кімі Рэйкёнэна — у Фэрары. На першае месца Макларэн запрасіў дзейнага чэмпіёна Фэрнанда Алёнса, а другім пасьля месяцаў абмеркаваньняў стаў Льюіс Гэмілтан.

Формула-1

рэдагаваць

Прыход Льюіса Гэмілтана ў найвышэйшую Формулу азначыў першае зьяўленьне ў ёй чорнага гоначніка. Паводле стану на 2024 рок ён застаецца адзіным нэграм. Ужо ў дэбютнай гонцы Льюіс трапіў на подыюм і паставіў у сэзоне 2007 року некалькі рэкордаў: паводле колькасьці подыюмных фінішаў з дэбютнай гонкі (9), колькасьці перамог у дэбютным сэзоне (4) і колькасьці пунктаў у дэбютным сэзоне (109). У чэмпіянаце ён фінішаваў другім, саступіўшы чэмпіёну Кімі Рэйкёнэну толькі адзін пункт. А вось з калегам па камандзе Фэрнандам Алёнса стасункі ня склаліся, таму ў лістападзе Макларэн скасаваў кантракт з гішпанцам па ўзаемнай згодзе.

У 2008 року партнэрам Гэмілтана стаў фін Хэйкі Коваляйнэн. Брытанец здабыў пяць перамог і дзесяць подыюмаў, а лёс тытулу вырашыўся ў апошняй гонцы ў Бразыліі. Фаварыт Фэліпэ Маса ганяўся на роднай зямлі, аднак Льюіс Гэмілтан на апошнім коле вырваў пятую пазыцыю ў Тыма Глока, чаго яму хапіла для чэмпіёнства. На той час Льюіс Гэмілтан стаў наймаладзейшым чэмпіёнам Формулы-1, апярэдзіўшы Масу на адзін пункт. Акрамя таго, ён стаў першым брытанскім чэмпіёнам Формулы-1 пасьля Дэймана Гіла ў 1996 року.

На сэзон 2009 року МФА ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт, што стала цяжкім выпрабаваньнем для Макларэну. Шанцаў абараніць тытул Гэмілтан ня меў; толькі пасьля абнаўленьняў баліду McLaren MP4-24 перад Гран-пры Нямеччыны брытанец здолеў падняцца з 11-га на 5-е месца ў выніковым заліку чэмпіянату гоначнікаў.

У 2010 року Макларэны саступалі супернікам з Рэд Булу і Фэрары; Гэмілтан усё ж меў шанцы на тытул, аднак скончыў на 4-м месцы. У 2011 року ўпершыню Льюіса Гэмілтана апярэдзіў ягоны напарнік Джэнсан Батан, які фінішаваў пасьля чэмпіёна Сэбастыяна Фэтэля; Гэмілтан стаў пятым.

У 2012 року Льюіс Гэмілтан паабяцаў вярнуцца да былой формы і, нягледзячы на розныя тэхнічныя праблемы і ненадзейнасьць баліда, фінішаваў чацьвертым у чэмпіянаце. У канцы сэзону ён паведаміў, што з наступнага году заменіць Міхаэля Шумахэра ў камандзе «Мэрсэдэс».

У новай камандзе ён зноўку сустрэў свайго даўняга сябра па картынгу Ніка Росбэрга. Аднак у тыя часы ад Мэрсэдэса ніхто не чакаў сур’ёзнай барацьбы за тытул. Льюіс Гэмілтан перамог толькі ў адным Гран-пры Вугоршчыны і некалькі разоў трапіў на подыюм, ужо трэці раз за пяць гадоў фінішаваўшы 4-м у агульным заліку.

З 2014 року ў Формуле-1 пачалася эра турбагібрыдных рухавікоў, якая распачала сэрыю посьпехаў і для брытанскага гоначніка. У тым сэзоне Мэрсэдэс здабыў 16 з 19 перамог, 11 зь якіх прынёс Льюіс Гэмілтан. У барацьбе з паплечнікам Росбэргам ён заваяваў сваё другое чэмпіёнства. У гэтым жа сэзоне ён выбраў для свайго баліду нумар 44, які меў і ў картынгу, і ня стаў яго мяняць на №1, на які маюць права дзейныя чэмпіёны. Такім чынам, упершыню з 1994 року на стартавай сетцы не аказалася баліда з 1-м нумарам.

У 2015 року Льюіс Гэмілтан дамінаваў у чэмпіянаце, перамогшы ў 10 гонках і трапіўшы на подыюм рэкордныя 17 разоў, заваяваўшы трэці тытул і свой першы пасьлядоўны.

Нягледзячы на большую колькасьць поўлаў і перамог у Гран-пры, чым які-кольвек іншы гоначнік, у 2016 року Гэмілтан саступіў у чэмпіянаце пяць пунктаў свайму калегу Ніка Росбэргу, прычым спаборніцтва паміж імі абвастрылася як на трасе, так і па-за ёй. Аднак адразу пасьля заваёвы тытулу Росбэрг нечакана паведаміў пра свой сыход са спорту.

З наступнага сэзону галоўным супернікам Льюіса стаў гоначнік «Фэрары» Сэбастыян Фэтэль: цэлы сэзон яны зьмянялі адзін аднаго на вярхушцы асабістага заліку. У тым годзе Гэмілтан паставіў рэкорд паводле агульнай колькасьці поўл-пазыцый, у кожнай гонцы зарабляў пункты, здабыў 9 перамог і ў другой палове сэзону абагнаў Фэтэля, заваяваўшы чэмпіёнства за дзьве гонкі да канца.

Сэзон 2018 року журналісты і фанаты ахрысьцілі «Бітвай за пяты», паколькі ўпершыню тут сустрэліся чатырохразовыя чэмпіёны — Гэмілтан і Фэтэль. Як і ў мінулым годзе, Фэрары большасьць сэзону валодала перавагай; аднак у другой палове Фэтэль некалькі разоў памыліўся, некалькі разоў падвяла тэхніка. А Гэмілтан, перамогшы ў шасьці зь сямі гонак, зноўку на Гран-пры Мэксыкі датэрмінова заваяваў чэмпіёнства і ўсталяваў рэкорд па найбольшай колькасьці пунктаў у сэзоне (408).

Большасьць наступнага сэзону брытанец лідзіраваў у агульным заліку, перамог у 11 Гран-пры, здабыў 17 подыюмаў і 5 поўлаў ды датэрмінова заваяваў шосты тытул. Пры гэтым абнавіў рэкорд па колькасьці здабытых пунктаў (413), адарваўшыся ад паплечніка па камандзе Вальтэры Ботаса на 87 пунктаў.

У 2020 року Льюіс Гэмілтан дагнаў Міхаэля Шумахэра паводле колькасьці чэмпіёнстваў (7). Пры гэтым ізноў перамог 11 разоў, але ў меншай колькасьці гонак, чым летась (праз пандэмію каранавірусу), і пераўзышоў Шумахэра паводле агульнай колькасьці выйграных Гран-пры (91). 14 разоў быў на подыюмах і 10 — на поўл-пазыцыях. Ад срэбнага прызэра Ботаса гэтым разам адарваўся яшчэ болей — на 124 пункты.

З пачатку сэзону 2021 року распачалася барацьба за чэмпіёнства між Льюісам Гэмілтанам і Максам Вэрстапэнам з Рэд Булу, якія пастаянна зьмянялі адзін аднаго на вярхушцы і да апошняга Гран-пры Абу-Дабі падышлі з аднолькавай колькасьцю пунктаў. У гэтым сэзоне брытанец стаў першым гоначнікам Формулы-1, які перасягнуў рубеж у 100 поўлаў і 100 перамог у Гран-пры. Лёс тытулу вырашыўся на самым апошнім коле, калі Вэрстапэн абышоў Гэмілтана. Аднак гэты вынік быў спрэчным празь дзіўнае рашэньне кіраўніка гонкі Майкла Масі. Па сканчэньні сэзону МФА занялася ўнутраным рассьледаваньнем інцыдэнту, у выніку якога Масі адхілілі ад пасады за «чалавечую памылку, якая зашкодзіла выкананьню правілаў Формулы-1 што да аўтамабілю бясьпекі»; вынік чэмпіянату, аднак, застаўся нязьменным.

З сэзону 2022 року партнэрам Льюіса замест Ботаса стаў малады ангелец Джордж Расэл. Гэты год стаў першым у Гэмілтанавай кар’еры, калі ён ня змог здабыць ані перамогі, ані поўл-пазыцыі. Прычынай заняпаду стала ўхвала новага тэхнічнага рэглямэнту, празь які новы балід Mercedes W13 пакутаваў на падскокваньні. Машыну здолелі ўдасканаліць да міжсэзоннага перапынку, пасьля чаго Гэмілтан пачаў паказваць больш удалыя вынікі, хоць упершыню з 2016 року аказаўся ў выніковым заліку ніжэй за свайго паплечніка, а шостае месца стала ягоным найгоршым вынікам за ўвесь час выступаў. Нават і ў такім складаным сэзоне Льюіс усталяваў некалькі рэкордаў, у тым ліку паводле найбольшай колькасьці сэзонаў запар зь фінішам на подыюмах (16).

У сэзоне 2023 року Мэрсэдэс ізноў перасьледавалі тэхнічныя праблемы, а ў гонках цалкам дамінавала каманда «Рэд Бул». Тым ня меней, у Вугоршчыне ўпершыню з 2021 року Гэмілтан заваяваў свой рэкордны 104-ы поўл, які стаў для яго на гэтай трасе дзявятым, што таксама стала новым рэкордам для аднае трасы. Льюіс скончыў сэзон на 3-м месцы.

Падобна да 2022, Гэмілтан паўдзельнічаў у распрацоўцы баліду на 2024 сэзон. Вынікі значна палепшыліся ў другой палове году. Упершыню з 2021 року брытанец здабыў перамогу на роднай зямлі, тым самым пабіўшы рэкорд Міхаэля Шумахэра паводле колькасьці перамог на адным Гран-пры, а таксама стаўшы першым гоначнікам, які перамагаў і пасьля 300 праведзеных гонак. У Вугоршчыне здабыў свой 200-ы подыюм, а ў Бэльгіі — 105-ю перамогу.

З 2025 року перайшоў у Фэрары, замяніўшы гішпанца Карляса Сайнса. Такім чынам, упершыню ў сваёй кар’еры Льюіс Гэмілтан ня будзе выступаць за каманду з маторам Мэрсэдэс, што скончыла ягоную рэкордную сэрыю бесьперапынных выступаў за аднаго канструктара.

Гонкавы профіль

рэдагаваць

Стыль кіраваньня Льюіса Гэмілтана характарызуецца агрэсіўнасьцю, здольнасьцю адчуваць ліміты аўтамабіля і прыстасоўвацца да зьменных прыродных умоваў. Некаторыя зь ягоных найлепшых гонак адбыліся ў даждавых умовах. Вялікі ўплыў на брытанца аказаў стыль кіраваньня Айртана Сэны.

Яшчэ з картынгу Льюіс карыстаўся шаломамі пераважна жоўтага колеру з сінімі, зялёнымі і чырвонымі стужкамі. Толькі ў 2014 року, пасьля шматлікіх сэзонаў у Формуле, ён зьмяніў афарбоўку шаломаў на амаль цалкам белую. У 2017 Гэмілтан скарыстаўся прапанаваным фанатамі дызайнам, калі на шалом упершыню былі нанесеныя тры зоркі — паводле колькасьці здабытых тытулаў. Адгэтуль ён з кожным чэмпіёнствам дадаваў па зорачцы. Тройчы апранаў залатыя шаломы — пасьля заваёвы чацьвертага, пятага і шостага тытулаў.

У 2020 року Льюіс Гэмілтан пачаў выкарыстоўваць чорныя шаломы з фіялетавымі ўстаўкамі ў падтрымку руху «Жыцьці чорных важныя». У пачатку сэзону 2022 року ўпершыню з 2013 вярнуўся да выкарыстаньня жоўтых шаломаў.

Грамадзкая дзейнасьць

рэдагаваць

У сваёй кар’еры Льюісу Гэмілтану даводзілася сутыкацца з цкаваньнем за колер скуры. У 2008 року пасьля кпінаў гішпанскіх заўзятараў МФА распачало кампанію «Гонкі супраць расізму». Дагэтуль Гэмілтан застаецца адзіным чорным гоначнікам Формулы-1. Ён актыўна выступае супраць расізму і за пашырэньне разнастайнасьці ў аўтаспорце.

З 2012 року супрацоўнічае зь ЮНІСЭФ, зьбіраючы сродкі на праграмы разьвіцьця. У чэрвені 2020 року разам з Каралеўскай інжынэрнай акадэміяй заснаваў Гэмілтанаву камісію па разьвіцьці спосабаў зацікаўленьня чорных дзяцей у навуцы, тэхніцы, інжынэрыі і матэматыцы. Па выніках працы камісіі заснаваў дабрачынную фундацыю «Місія 44», якая дапамагае бедным дзецям.

У 2020 року падтрымаў пратэсты чорных грамадзянаў ЗША, перад кожнай гонкай ставаў на адно калена і насіў цішоткі з дэвізам кампаніі.

Асуджаў парушэньні правоў чалавека ў Бахрэйне, вугорскі закон супраць гомасэксуальнай прапаганды, заклікаў Ізраіль спыніць наступ на Рафах у сэктары Газы.

Асабістае жыцьцё

рэдагаваць

Льюіс Гэмілтан ёсьць вэганам. У 2018 року арганізацыя «Люді за этычнае абыходжаньне з жывёламі» назвала яго асобай году. У 2019 року адкрыў у Лёндане вэганскую рэстарацыю «Neat Burger».

Не спажывае алькаголю. Каталік, рэгулярна моліцца і кіруецца верай. Пры гэтым падтрымлівае правы гомасэксуалістаў.

Захапляецца мастацтвам; адным з улюбёных маляроў ёсьць Эндзі Ўоргал. Грае на гітары, піша і выконвае музыку.

У 2007 року зьехаў зь Вялікабрытаніі ў швайцарскі Люэн(d) (Во). У 2010 пераехаў ў Манака, дзе жывуць мноства гоначнікаў Формулы-1. Валодае таксама кватэрай на нью-ёрскім Мангэтэне і маёнткам у Калярада (ЗША).

  1. ^ Розныя віды картынгавых спаборніцтваў

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць