Вячаслаў Багдановіч
Вячаслаў Багдановіч (пс.: Васілевіч, Віцяблянін, Вячаслаў Сьвятагор; 1878, м. Дзісна (ці Лепельскі павет ?), Віленская губэрня — пасьля 30 верасьня 1939, Вялейка ?) — беларускі рэлігійны і грамадзка-палітычны дзяяч, праваслаўны багаслоў, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху ў Заходняй Беларусі, пэдагог, сэнатар польскага парлямэнту 1922 і 1928 гадоў скліканьня.
Вячаслаў Багдановіч лац. Viačasłaŭ Bahdanovič | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся: |
26 верасьня 1878 |
Памёр: |
1939 |
Партыя: | |
Дзеці: | Глеб Багдановіч[d] |
Бацька: | Васіль Багдановіч[d] |
Адукацыя: | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара Васілія Багдановіча. Брат пэдагогаў Анатоля і Генадзя Багдановічаў.
Скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю. У 1903 годзе скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. З 6 лістапада 1903 году — выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай сэмінарыі. З 18 траўня 1907 году працаваў у Менску на пасадзе інспэктара ў мясцовай праваслаўнай сэмінарыі. З восені таго ж году — інспэктар Літоўскай духоўнай сэмінарыі. У 1911—1913 гадах — захавальнік Літоўскага япархіяльнага сховішча старажытных каштоўнасьцяў. Дэлегат Вялікага царкоўнага сабору ў Маскве ў 1917—1918 гадах.
Удзельнік Першага Беларускага Зьезду, які праходзіў у Маскве ў днях 24—27 верасьня 1917 году[1].
Напачатку 1920-х гадоў выконваў абавязкі рэктара духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. Сакратар Літоўскай япархіяльнай рады ў 1921 годзе. Адказны рэдактар «Литовских Епархиальных Ведомостей» з 1919 да 20 кастрычніка 1922 году, калі пастановай Віленскай духоўнай кансысторыі выданьне было зачынена.
У кастрычніку 1922 году арыштаваны польскімі ўладамі з архіяпіскапам Літоўскім і Віленскім Елеўферыем (Богаяўленскім) і вывезены ў Кракаў. Мітрапалітам Дзіянісіем адлучаны ад Польскай аўтакефальнай царквы.
Зь верасьня 1921 году — сябра Таварыства беларускай школы. Выкладчык Закону Божага ў Віленскай беларускай гімназіі[2]. У 1922 годзе абраны ў Сэнат Польскай Рэспублікі ад Блёку нацыянальных меншасьцяў. Сябра Беларускага пасольскага клюбу.
У 1920—1930-я гады — сябра Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК) у Вільні, да 28 ліпеня 1933 году — старшыня царкоўнай Праваслаўнай камісіі пры БНК. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каапэратыўнага банку[3][4].
Выступаў супраць аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў Польшчы. Сябра Духоўнай праваслаўнай кансысторыі і япархіяльнай рады. Выкладаў у жаночай япархіяльнай навучальні і Віленскай расейскай гімназіі.
У 1927—1930 гады быў кіраўніком грамадзка-рэлігійнай арганізацыі «Праваслаўнае беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне» ў Вільні. Адзін з галоўных выдаўцоў і аўтараў часопісу «Праваслаўная Беларусь», які выходзіў у Вільні ў 1927—1928 гадах[5].
У 1927 годзе падчас выступу ў Сэнаце Багдановіч пытаў: «Хто адкінуў народ ад царквоў, закрываючы іх цэлымі сотнямі, хто забараняў пры цэрквах вучыць нашых дзяцей асновам веры і царкоўнаму сьпеву, хто вывозіў з Польшчы шчырых, любімых народам архіпастыраў і нашую царкоўную інтэлігенцыю, якая магла б мець хрысціянскі ўплыў на людзей?»[5]
Са сьвятаром Лукашом Голадам арганізаваў у Вільні адзіны ва ўсёй Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся патрыярху Ціхану і служыў у ім псаломшчыкам у 1924—1936 гадах да закрыцьця і апячатваньня храму.
Да сярэдзіны 1930-х гадоў зьвязаны зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй. Падтрымліваў кантакты зь беларускімі каталіцкімі дзеячамі і з суполкай віленскіх марыявітаў.
Аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А. Пшчолкі. Паводле зьвестак Адольфа Клімовіча, у 1920-я Багдановічу прыпісвалася аўтарства рамансу «Зорка Вэнэра» на словы Максіма Багдановіча.
У 1939 годзе арыштаваны польскай дэфэнзівай як супраціўнік аўтакефаліі. Зь Віленскай вязьніцы пераведзены ў вязьніцу ў Бярозе-Картускай. Вызвалены пасьля 17 верасьня 1939 году. Перабраўся ў Вільню.
З прыходам у Вільню Чырвонай арміі арыштаваны 30 верасьня 1939 году. Паводле іншых крыніц, арыштаваны 17 кастрычніка 1939 году, вывезены зь Вільні 23 кастрычніка 1939 году[6]. Далейшы лёс невядомы. Па заяве пракуратуры СССР сярод асуджаных не значыцца. З прыватных сьведчаньнях, расстраляны НКУС ў Вілейскай вязьніцы неўзабаве пасьля арышту.
Меў сына — беларускага вайсковага дзеяча, доктара Глеба Багдановіча.
Бібліяграфія
рэдагаваць- Вячаслаў Сьвятагор. Праваслаўная царква на Беларусі. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 1 красавік—травень. — С. 13—18.
- Вячаслаў Сьвятагор. Праваслаўная царква на Беларусі. / Вячаслаў Ракіцкі // Спадчына : часопіс. — Менск: Беларускі фонд культуры, 1997.04. — № 2 (122). — С. 116—117. — ISSN 0236-1019.
- Вячаслаў Багдановіч. Царква і дзяржава: выбраныя артыкулы і прамовы / уклад., прадм., пераклад з польскай і камент. А. С. Горнага. — Менск: Прыход Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабора, 2019. — 204 с. — («Беларуская праваслаўная думка ХХ ст.»). — 500 ас. — ISBN 978-985-6594-70-3
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Дарафей Фёнік. Pierszy woj z Knarozau // Przegląd Prawosławny № 3 (201), сакавік 2002, Беласток
- ^ Лідзія Кулажанка. Праваслаўная багаслоўская адукацыя ў міжваеннай Польшчы // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne №20
- ^ Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць А.С. ГОРНЫ, А.Л. ІЛЬІН // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1 (94), 2016.
- ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19
- ^ а б Дарафей Фёнік. Pra lios Uwaskrenskaha saboru u Biełastoku(недаступная спасылка) // Przegląd Prawosławny № 8 (206) 2002, Беласток
- ^ Goniec Codzienny, Nr. 33, 27.08.1941
Літаратура
рэдагаваць- Духоўная спадчына Вячаслава Багдановіча і сучаснасць: [Пра бел. царкоўн. і грамад.-паліт. дзеяча] / Ю. Лабынцаў, Л. Шчавінская, 2002
- БАГДАНОВІЧ (БОГДАНОВИЧ) Вячаслаў Васілевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
- Багдановіч Вячаслаў // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Горны, Аляксандр. Непахісны сенатар: вопыт біяграфіі Вячаслава Багдановіча // Гродненские епархиальные ведомости. 2011. № 12. С. 17-18; 2012. № 1. С. 16—19.