Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны
Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны (ВДАВМ) — вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі заснаваная ў лістападзе 1924 году. На 2012 год налічвала 28 катэдраў і ўлучала аграрны каледж (вёска Лужасна, Віцебскі раён), навукова-дасьледніцкі інстытут і лябараторыю інфармацыйных тэхналёгіяў. Таксама меліся філіялы ў Пінску (Берасьцейская вобласьць) і Рэчыцы (Гомельская вобласьць). Факультэты: біятэхналягічны, вэтэрынарнай мэдыцыны, даакадэмічнай падрыхтоўкі, завочнага навучаньня, павышэньня кваліфікацыі. Галоўны корпус месьціцца па вул. Даватара, д. 7.
Віцебская акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны | |
Віцебскі ветэрынарны інстытут, Витебский ветеринарный институт, Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Віцебскі вэтэрынарны інстытут імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебскі вэтэрынарна-заатэхнічны інстытут імя Кастрычніцкай рэвалюцыі, Віцебская ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны | |
Ліпень 2012 г. | |
Дэвіз па-беларуску | Чалавечая мэдыцына захоўвае чалавека, вэтэрынарная мэдыцына аберагае чалавецтва |
---|---|
Заснаваны | 8 лістапада 1924 (99 гадоў таму) |
Тып | Урадавы |
Рэктар | Мікалай Гаўрычэнка |
Факультэтаў | 5 |
Колькасьць пэрсаналу | 355 (2017) |
Колькасьць студэнтаў | 5500 |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 55°11′50″ пн. ш. 30°13′0″ у. д. / 55.19722° пн. ш. 30.21667° у. д.Каардынаты: 55°11′50″ пн. ш. 30°13′0″ у. д. / 55.19722° пн. ш. 30.21667° у. д. |
Горад | Віцебск |
Краіна | Беларусь |
Кампус | Гарадзкі |
Былыя назвы | Віцебскі вэтэрынарны інстытут (да 1 кастрычніка 1994 г.), Віцебскі вэтэрынарна-заатэхнічны інстытут (1933—1939 гг.) |
Узнагароды | |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь |
Вэб-сайт | www.vsavm.by |
Віцебская акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны |
Мінуўшчына
рэдагавацьУ лістападзе 1924 г. заснавалі Віцебскі вэтэрынарны інстытут на аснове мясцовых вышэйшага сельскагаспадарчага тэхнікуму (засн. 1921 г.), губэрнскага вэтэрынарнага-заалягічнага музэю (1918 г.) і вэтэрынарна-бактэрыялягічнай лябараторыі (1913 г.)[1].
У 2009 годзе 37% выпушчаных акадэміяй вэтэрынараў і заатэхнікаў засталіся працаваць на ранейшым месцы пасьля адпрацоўкі 2 гадоў па разьмеркаваньні. У 2011 годзе — засталіся 45% выпушчаных акадэміяй вэтэрынараў і заатэхнікаў. Тры месячныя заробкі вэтэрынарнага лекара складалі цану адной каровы. За 2011 год у акадэміі распрацавалі 86 вэтэрынарных прэпаратаў, як аналягаў, гэтак і ўласнай распрацоўкі. Выпусьцілі каля 150 падручнікаў, даведнікаў і навуковых манаграфіяў. Выканалі навуковых працаў на 4 млрд рублёў ($714 тыс.), што складала звыш паловы адпаведных выдаткаў у сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі. Зь верасьня 2011 г. акадэмія перайшла да 3-узроўневага практычнага навучаньня на вытворчасьці ў 6-8 месяцаў. 1-ы ўзровень — пасьля 1-га курса студэнты атрымлівалі вырабы жывёлагадоўлі і нарыхтоўвалі кармы ў навучальнай гаспадарцы і 40 філіялах гаспадарак па дамове. 2-і ўзровень — практыка на буйных сельскагаспадарчых прадпрыемствах з новым абсталяваньнем. 3-і ўзровень — пераддыплёмная праца на прадпрыемстве наступнага разьмеркаваньня[2].
На лістапад 2011 г. Акадэмія амаль цалкам забясьпечвала студэнтаў інтэрнатамі. У студэнцкім гарадку працавала страўня на 240 месцаў і кавярня. За 2007—2011 гг. у ходзе абароны дысэртацыяў дасьледнікі атрымалі 44 патэнты на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі. Цягам існаваньня ВНУ распрацоўнікі стварылі навукова-тэхнічную дакумэнтацыю на 391 вэтэрынарны прэпарат і ўкаранілі 153 распрацоўкі. На лістапад 2011 г. ВНУ скончылі 28 809 адмыслоўцаў, у тым ліку 8532 (30%) завочна. Сярод выпускнікоў 16 255 (56%) былі вэтэрынарнымі лекарамі і 5022 (17%) зааінжынэрамі, у тым ліку сярод апошніх было 2722 завочнікі (54%)[3].
На 2012 г. звыш 70% студэнтаў удзельнічалі ў навуковай працы. Налічвалася 16 навуковых школ. Каля 56% выкладнікаў мелі навуковыя ступені і званьні. Звыш 65% заняткаў складала практыка. Падрыхтоўка вялася па 10 кірунках. Вывучаліся 15 відаў жывёлаў, у тым ліку разводзілі авечак, коз, страўсаў і перапёлак[2].
Рэктары
рэдагаваць- Яўген Алонаў (8 лістапада 1924 — 1 сьнежня 1929)
- Сяргей Вышалескі (сьнежань 1929 — 1930)
- Уладзімер Лемеш (1944—1968)
- Анатоль Магіленка (1995—1997)
- Антон Ятусевіч (1998 — 20 сьнежня 2016)
- Мікалай Гаўрычэнка (з 20 сьнежня 2016 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2009 г. Праверана 8 сьнежня 2015 г.
- ^ а б Алена Дзядзюля, Алена Даўжанок. «Навука — гэта фундамэнт для росту вытворчасьці» // Зьвязда : газэта. — 28 красавіка 2012. — № 82 (27197). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ Віктар Бойка, Алена Даўжанок. «Наша прафэсія служыць чалавецтву на працягу 250 гадоў» // Зьвязда : газэта. — 17 лістапада 2011. — № 219 (27083). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Каталёг бібліятэкі (рас.)
- Клінікі Акадэміі (рас.)