Вінцэнці Бучынскі

беларускі філёзаф і багаслоў, пісьменьнік і літаратурны крытык

Вінцэнці Бучынскі (1789, цяпер Віцебская вобласьць, Беларусь — 1853, Лёвэн, Бэльгія) — беларускі філёзаф і багаслоў, пісьменьнік і літаратурны крытык.

Вінцэнці Бучынскі
Вінцэнці Бучынскі[1]
Дата нараджэньня 17 сакавіка 1789
Месца нараджэньня Полацкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Дата сьмерці 29 сакавіка 1853
Месца сьмерці Лёвэн, Бэльгія
Школа/традыцыя Полацкая езуіцкая акадэмія
Пэрыяд 1-я палова ХІХ стагодзьдзя
Асноўныя зацікаўленасьці лёгіка, мэтафізыка, этыка

Доктар багаслоўя (1818). Прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі і стваральнік-рэдактар 1-га ў Беларусі літаратурна-навуковага часопісу «Полацкі штомесячнік» (1818—1820). Выдаў 3-томныя «Філязофскія разважаньні» (1843—1844, Вена) пра лёгіку, мэтафізыку і этыку. Прафэсар Лёвэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі (1848—1853).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

20 студзеня 1805 году ўступіў у Таварыства Ісуса ў Дынабургу (Віцебская губэрня) і прайшоў выпрабаваньне паслушнікам. У 1805—1807 гадох навучаўся ў Полацкім езуіцкім калегіюме, дзе атрымаў ступеню магістра філязофіі і пачаў выкладаць[2]. З 1809 году выкладаў паэтыку і рыторыку ў Амсьціслаўскім і Віцебскім езуіцкіх калегіюмах[3]. У 1814 годзе стаў сьвятаром. У 1815—1818 гадох прайшоў курс багаслоўя ў Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступеню доктара багаслоўя. З 1818 году быў прафэсарам філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі на факультэце вольных, філязофскіх, натуральных i гуманітарных навук, дзе выкладаў натуральнае права, палітычную эканомію i статыстыку да закрыцьця акадэміі ў 1820 годзе[2]. У 1818 годзе стварыў 1-ы ў Беларусі літаратурна-навуковы часопіс «Полацкі штомесячнік» і быў ягоным рэдактарам да закрыцьця ў 1820 годзе[3]. Выдаў у часопісе сваё «Гістарычнае дасьледаваньне аб слушнасьці прысуду, паводле якога быў распушчаны ордэн тампліераў». У 1818 годзе тамсама ананімна выказаў заўвагі ў адказ на палеміку прафэсароў Віленскага ўнівэрсытэту наконт паэмы Нікодама Мусьніцкага «Палтава» 1803 году, выдадзенай у Полацку. Друкаваў у часопісе зьвесткі пра насельніцтва Полацка і Полацкага павету[2].

У 1821 годзе пераехаў на Галічыну ў Аўстрыйскую імпэрыю[3]. У 1821—1834 гадох выкладаў філязофію ў Цярнопальскім езуіцкім калегіюме (Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі(uk); цяпер Украіна), а ў 1834—1835 гадох — багаслоўе ў калегіюме ў Новым Сончы (Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі; цяпер Польшча). У 1835 годзе пераехаў у аўстрыйскае Герцагства Штырыя, дзе да 1837 году выкладаў філязофію з Грацы. У 1837—1848 гадох працягнуў выкладаць філязофію ў Лінцы (Эрцгерцагства Аўстрыя)[2]. У 1843—1844 гадох выдаў у Вене 3-томныя «Філязофскія разважаньні» на лаціне[3] (па томе: лёгіка, мэтафізыка, этыка), у якіх у якасьці ілюстрацыйных прыкладаў выкарыстоўваў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. З 1848 году выкладаў у Лёвэнскім каталіцкім унівэрсытэце (Бэльгія)[4]. Пакінуў рукапісныя працы па гісторыі Беларусі і Польшчы, рэлігійнага жыцьця і філязофіі[3].

  1. ^ https://files.knihi.com/preview/Knihi/Slounik/Bielaruskaja_encyklapedyja.djvu.zip/Bielaruskaja_encyklapedyja.03.djvu/367_996x9999.jpeg
  2. ^ а б в г Бучынскі Вінцэнці // Клюб «Спадчына», 2011 г. Праверана 2 лістапада 2022 г.
  3. ^ а б в г д Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 18 сакавіка 2014. — № 49 (27659). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Бучынскі Вінцэнці // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — С. 367. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4