Вячаслаў Ліпінскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ліпінскі.
Вячасла́ў (Ва́цлаў) Казі́меравіч Ліпі́нскі (па-ўкраінску: В’ячеслав (Вацлав) Казимирович Липинський, па-польску: Wacław Lipiński; 18 красавіка [ст. ст. 5 красавіка] 1882, в. Затурцы, цяпер у Лакачынскім раёне Валынскай вобласьці, Украіна — 14 чэрвеня 1931, Пэрніц пад Венай, Першая Аўстрыйская Рэспубліка) — украінскі палітычны дзяяч, гісторык, гісторыёсаф, сацыёляг, публіцыст, тэарэтык украінскага кансэрватызму. Адзін з арганізатараў Украінскай дэмакратычна-хлебаробчай партыі ды Ўкраінскага зьвязу хлебаробаў-дзяржаўнікаў. За часам гетманату — амбасадар Украіны ў Аўстрыі. Часткова публікаваўся пад псэўданімамі В. Правобережець, Nobilis Ruthenus, Василь Безрідний[1].
Вячаслаў Ліпінскі | |
В’ячеслав Липинський | |
Вячаслаў Ліпінскі (1921) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Wacław Lipiński |
Псэўданімы | Nobilis Ruthenus, В. Правобережець, Василь Безрідний |
Нарадзіўся | 18 красавіка 1882 Затурцы, Уладзімер-Валынскі павет, Валынская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр | 14 чэрвеня 1931 (49 гадоў) Пэрніц каля Вены, Аўстрыя |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | гісторык, публіцыст, сацыёляг, выкладчык |
Гады творчасьці | 1909—1931 |
Мовы | украінская, польская |
Значныя творы | «Лісты да братоў-хлебаробаў» |
Подпіс | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў польскай шляхецкай сям’і. Навучаўся ў Жытомірскай, Луцкай ды Кіеўскай гімназіях. У Кіеве патрапіў ва ўкраінскі асяродак, што паўплывала на разьвіцьцё ягоных поглядаў. Напрыканцы 1890-х далучыўся да г. зв. «гуртку Трабінскай» і «хлапаманаў».
Па сканчэньні гімназіі ў 1902 року Ліпінскі адбываў вайсковую службу ў Рыскім драгунскім палку на Валыні, аднак пазьней прызнаны няздатным да нясеньня службы (Ліпінскі фактычна ўвё сваё жыцьцё хварэў на сухоты).
У 1903 року паступіў у кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў аграномію. Па сканчэньні ў 1906 року ажаніўся з Казіміраю Шумінскаю ды выехаў зь ёю ў Жэнэву, каб вывучаць сацыялёгію. Але швайцарскі клімат адмоўна ўплываў на здароўе, і праз год лекары параілі яму выехаць.
З 1909 року Ліпінскі мешкаў часткова ў Кракаве, часткова ва ўласным маёнтку Русалаўскія Чагары (цяпер у Манькаўскім раёне Чаркаскай вобласьці). Ужо тады ён усьведамляў неабходнасьць вяртаньня ўкраінскаму народу ягонай эліты; апалячанай і польскай шляхце трэба вызначыцца: будзе яна з народам, сыйдзе з пазыцыі калянізатараў ці працівіцьмецца хадзе гісторыі. Свой погляд Ліпінскі сфармуляваў у брашуры «Шляхта на Україні: її участь в житті українського народу на тлі його історії» (Кракаў, 1909), а таксама ў артыкулах да часопіса «Przegląd Krajowy» (Кіеў, 1909), у склад рэдакцыі якога ўваходзіў.
Напярэдадні Першай сусьветнай вайны браў удзел у арганізацыі па-за межамі Расеі ўкраінскага палітычнага цэнтру, трансфармаванага ў Зьвяз вызваленьня Ўкраіны. З пачаткам вайны прызнаны годным да службы і мабілізаваны рэзэрвовым афіцэрам у 4-ы драгунскі Наватроіцкі-Кацярынаслаўскі полк арміі генэрала Самсонава, дзе адбыў усходнепрускую кампанію. Празь цяжкія ваенныя ўмовы лёгкавая немач аднавілася, і Ліпінскі быў пераведзены ў рэзэрвовую частку.
Лютаўскую рэвалюцыю 1917 року сустрэў, знаходзячыся ў Палтаве. На пачатку вызвольнага руху зьвінавачваў украінскіх сацыял-дэмакратаў у браку дзяржаўніцкай волі. Пасьля браў удзел ва ўкраінізацыі вайсковых частак на Палтаўшчыне. Тады ж стаў адным з заснавальнікаў і аўтарам палітычнае праграмы Украінскай дэмакратычна-хлебаробчай партыі (УДХП).
Пасьля вызваленьня Ўкраіны ад бальшавікоў, увесну 1918 року, Вячаслаў Ліпінскі зблізіўся з Паўлам Скарападзкім. У гэты самы час кансэрватыўныя сілы (УДХП, «Украінская народная грамада» П. Скарападзкага ды «Зьвяз зямельных уласьнікаў») ствараюць апазыцыйную да Цэнтральнай Рады кааліцыю і распачынаюць падрыхтоўку да захопу ўлады. 29 красавіка 1918 року Цэнтральная Рада была скінутая, Павал Скарападзкі абвешчаны гетманам.
На пачатку чэрвеня Вячаслаў Ліпінскі выехаў у Вену, дзе атрымаў пасаду амбасадара Ўкраінскай Дзяржавы. Пасьля падзеньня Гетманату заставаўся на гэтай пасадзе «дзеля работы на карысьць Украіны». Аднак далейшае разьвіцьцё падзеяў на радзіме, у прыватнасьці, расстрэл палкоўніка Балбачана, адвялі яго ад супрацы з УНР. Напрыканцы жніўня 1919 року Ліпінскі перадаў справы амбасады свайму намесьніку і пасьля непрацяглага побыту ў санаторыі пасяліўся ў Райхенаў — горным мястэчку ў Ніжняй Аўстрыі. Тут разьвілася ягоная найінтэнсіўнейшая навуковая і грамадзкая дзейнасьць: была апрацаваная манаграфія «Украіна на пераломе. 1656—59», адсюль ён працягваў кіраваць Зьвязам хлебаробаў-дзяржаўнікаў, выдаваў непэрыядычныя зборнікі «Хліборобська Україна».
У лістападзе 1926 року на даручэньне гетмана Скарападзкага пераехаў у Бэрлін на працы ў наваствораны Ўкраінскі навуковы інстытут. Бэрлінскі клімат, частыя сустрэчы і непаразуменьні зь блізкімі да гетманскага цэнтру людзьмі шкодна ўплывалі на ягоны фізычны і псыхалягічны стан, і ў 1928 року на параду лекараў ён вярнуўся ў Аўстрыю, дзе пасяліўся ў горнай мясцовасьці паблізу Грацу.
У гэты час абвастрыліся супярэчнасьці між ім і Паўлам Скарападзкім. Ліпінскі фактычна разарваў зь ім стасункі ды зблізіўся з аўстрыйскім эрцгерцагам Васілём Вышываным, які зарэкамэндаваў сябе ўкраінскім патрыётам і прыкладаў значныя намаганьні да справядлівага вырашэньня ўкраінскага пытаньня за мяжой. Украінскі зьвяз хлебаробаў-дзяржаўнікаў раскалоўся: прыхільнікі гетмана Скарападзкага аб’ядналіся ў «Зьвяз гетманцаў-дзяржаўнікаў», прыхільнікі В. Ліпінскага ў 1930 року стварылі «Братэрства ўкраінскіх клясакратаў-манархістаў, гетманцаў».
Хранічная хвароба абвастрылася; увесну 1931 року хваробаю было ахопленае сэрца. Пасьля сардэчнай атакі 26 красавіка Ліпінскага перавезьлі ў санаторый, дзе ён і сканаў 14 чэрвеня. Пахаваны на каталіцкіх могілках у роднай вёсцы Затурцы. За савецкім часам усе магілы на гэтых могілках былі ўтрамбаваныя калгаснай тэхнікай у зямлю. Пасьля здабыцьця незалежнасьці Ўкраіны мясцовыя дзеячы ўпарадкавалі могілкі і ўсталявалі сымбалічны помнік Вячаславу Ліпінскаму.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьУкраінская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |
Вячаслаў Ліпінскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў