Антон Кецка
Анто́н Мітрафа́навіч Ке́цка (14 лютага 1907, в. Замагільле Слуцкага павету Менскай губэрні, цяпер у Салігорскім раёне Менскай вобласьці — 29 сакавіка 1978) — прэсьбітар царквы эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (ЭХБ). Праведнік народаў сьвету[2].
Антон Кецка | |
Дзейнасьць | пастар |
---|---|
Нарадзіўся | 14 лютага 1907[1] |
Памёр | 29 сакавіка 1978[1] (71 год) |
Пахаваны | |
Узнагароды |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і сялянаў, якія мелі 6 дзяцей. Зь 10-гадовага веку працаваў пастухом у заможных сялянаў, з 1928 — лесьніком, пазьней кавалём.
У 1923 року пачуў казаньне аднаго з братоў Слуцкай царквы ЭХБ, стаў наведваць хатнія грамады вернікаў і слуцкі Дом малітвы. У 1928 року прыняў воднае хрышчэньне ў Старобінскай грамадзе ЭХБ. Неўзабаве быў абраны чальцом царкоўнай рады. У 1930 року арыштаваны поруч зь яшчэ 200 эвангельскімі, праваслаўнымі, каталіцкімі сьвятарамі і жыдоўскімі рабінамі, а таксама сем’ямі заможных сялянаў[3]. Трапіў у лягер на будаўніцтве чыгункі Ворша — Лепель. Вызвалены ў 1933 року.
Працаваў інструктарам вайскова-будаўнічых працаў УВБРВ у Слуцку. У 1937 року выгнаны з працы як «вораг народа». У канцы року з жонкай зьехаў у Башкірыю, асьцерагаючыся рэпрэсіяў. Працаваў на Беларэцкай чыгунцы, а ў 1940 року, зноў спрабуючы ўнікнуць арышту, вярнуўся ў БССР і ўладкаваўся прарабам на будаўніцтва авіязаводу (цяпер Менскі трактарны завод).
З пачаткам нямецка-савецкай вайны Антон Кецка удзельнічаў у збудаваньні бамбасховішча ў Менску. Пасьля ўладкаваўся шкляром пры вайсковым шпіталі. У студзені 1942 року абраны прэсьбітарам ЭХБ Менску[4]. Антон Кецка разам зь іншым вернікам ЭХБ Уладзімерам Канатушам дамогся ад нямецкіх акупацыйных уладаў дазволу на правядзеньне набажэнстваў, бо нелегальныя сходы пагражалі расстрэлам усім вернікам. Нямецкая адміністрацыя таксама вылучыла царкве ЭХБ памяшканьне на Няміскай вуліцы. На просьбу старосты мескай управы Вацлава Іваноўскага менская суполка ЭХБ апекавалася дзіцячымі дамамі №№2 і 7, зьбіраючы для іх харчаваньне, адзежу, мэдыкамэнты. Дзякуючы добрым кантактам зь нямецкім афіцэрам Гергардам Кругерам, які быў ягоным парафіянінам, Антон Кецка здолеў зьберагчы ад сьмерці ў гэтых дзіцячых дамох 72 жыдоўскіх дзяцей з гета.
У чэрвені 1944 року вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну[2], дабраахвотна вярнуўся ў БССР у красавіку 1945. Жылі ў кватэры жончынай сястры на вуліцы Пралетарскай. Антон Кецка ўладкаваўся стэльмахам у Акадэмію навук, але адпрацаваў толькі 8 дзён[3]. 2 лістапада 1945 року арыштаваны па дарозе на працу.
28 сакавіка 1946 трыбуналам войскаў НКУС Менскай вобласьці асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня і 5 гадоў паразы ў правох з канфіскацыяй маёмасьці «за правядзеньне кантрарэвалюцыйнай прапаганды і ўзьвядзеньне паклёпу на савецкую ўладу». Пакараньне адбываў у лягеры «Тахтамыгда(d)» Амурскай вобласьці РСФСР[4].
Вызвалены ў пачатку 1953, па сконе Сталіна, дзякуючы хадайніцтву пэрсаналу дзіцячых дамоў і выратаваных дзяцей. Вярнуўся ў Менск, працаваў будаўніком у розных прадпрыемствах Менску. У 1967 року абраны старэйшым прэсьбітарам ЭХБ па Менскай вобласьці. У 1972—1974 служыў прэсьбітарам Менскай царквы ЭХБ. Кіраваў будоўляй новага малітоўнага дому менскай грамады ЭХБ.
Памёр 29 сакавіка 1978 року. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску, па помніку выбіты словы з 2 Цім. 4:7-8: «Змагаўся я добрым змаганьнем, бег зьдзейсьніў, веру захаваў. Нарэшце, вызначаны мне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад».
Рэабілітаваны пасьмяротна 9 лютага 1994 року прэзыдыюмам Менскага абласнога суду[4].
Дзейнасьць
рэдагавацьУ час нямецкай акупацыі апрацаваў беларускамоўны «Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік»[5] (1943), выдаў Новы Запавет 15-тысячным накладам[4]. Пісаў у «Беларускай газеце» пра становішча царквы ЭХБ у Беларусі.
Сям’я
рэдагавацьУ 1933 року ўзяў шлюб зь верніцай слуцкай грамады ЭХБ Нінай Адамаўнай (памерла ў 1966 року).
Зь ёй мелі трох дачок — Ліду, Валю, Галю — і сына Мікалая. Пасьля арышту бацькі Валя трапіла ў дзіцячы дом, дзе жыла да вызваленьня Антона Кецкі ў 1953 року. Валя і Галя сьпявалі ў хоры Менскай царквы ЭХБ.
Памяць
рэдагаваць16 лістапада 2005 року ўганараваны званьнем Праведніка народаў сьвету ад інстытуту Яд Вашэм[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Ketsko Anton (1907 - 1978 ) // The Righteous Among the Nations Database (анг.)
- ^ а б в Василий Орлов, Антон Кецко, Мария Воронич, Вера Спарнинг (рас.) Праведники. Яд Вашэм. Мэмарыяльны комплекс гісторыі Галакосту. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Andrei. (9 ліпеня 2019) За что? (рас.). Крыніца жыцьця. Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б в г Антон Кецко (рас.) Timenote Праверана 8 чэрвеня 2020 г.
- ^ Туронак 2002. С. 46.
Літаратура
рэдагаваць- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»). — 300 ас.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Біяграфія (рас.) на бачыне Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
- Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР (рас.)