Алесь Салавей
Алесь Салавей, сапр. Альфрэд Радзюк, у эміграцыі Альберт Кадняк (1 траўня 1922, в. Крысава Койданаўская воласьць Менскі павет, БССР — 22 студзеня 1978, Мэльбурн, Аўстралія) — беларускі паэт.
Алесь Салавей лац. Aleś Sałaviej | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Альфрэд Радзюк |
Псэўданімы | Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка, Алесь Салавей |
Нарадзіўся | 1 траўня 1922 в. Крысава Койданаўская воласьць, Менскі павет, БССР |
Памёр | 22 студзеня 1978 Мэльбурн, Аўстралія |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Гады творчасьці | 1937—1952 |
Мова | беларуская мова[1] |
Дэбют | 1937 |
Творы на сайце Knihi.com |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБацька Альфрэда, Васіль Раманавіч, меў вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю, працаваў у вёсцы Самахвалавічы на Чэрвеньшчыне, у вёсцы Вялікія Навасёлкі (Койданаўшчына), з 1934 году — загадчыкам гандлёвага аддзелу Койданаўскага райспажыўсаюзу, куды пераехала іхняя сям’я. У жніўні 1937 году ён, а таксама два малодшыя браты і сястра Альфрэда Радзюка, арыштаваныя. Бацька быў расстраляны ў Менску 10 студзеня 1938 году, маці асуджаная на 10 гадоў зьняволеньня.
У першую клясу Альфрэд Радзюк пайшоў у Натальеўску (былы Ігуменскі павет, сёньня Чэрвеньскі раён). Пачатковую школу скончыў у Вялікіх Навасёлках (Койданаўшчына), у Койданаве — васьмігодку, дзе вучыўся разам зь вядомым у будучым гісторыкам Міколам Ермаловічам. Пасьля трагедыі сям’і яму давялося ўладкавацца на працу на торфараспрацоўках, вывазцы лесу, разгрузцы вагонаў. У верасьні 1937 году паступіў вучыцца ў Менскую пэдагагічную вучэльню, якую ня скончыў з-за кепскіх жыцьцёвых умоваў. Да пачатку вайны нейкі час працаваў у рэдакцыі лагойскай раённай газэты «Чырвоная Лагойшчына». На фронт яго не ўзялі з прычыны хворага сэрца і кепскага зроку.
Увосень 1941 году паэт пакінуў Лагойск, пераехаў у Менск, дзе пры дапамозе беларускага паэта Ўладзімера Дудзіцкага ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю «Беларускай газэты», дзе працавала паэтка Натальля Арсеньнева. Пасьля працаваў у павятовай управе ў Ільлі (Вялейскі раён Менскай вобласьці), з кастрычніка 1942 па жнівень 1944 г. — намесьнікам рэдактара беларускага часопісу «Новы шлях» (Рыга).
Падчас наступу савецкіх войскаў зьехаў у Беласток, Бэрлін, пасьля ў Прагу. У 1945—1949 гг. жыў у Зальцбургу (Аўстрыя). Тут ён ажаніўся зь Зінаідай Кадняк, зь якой мелі сына Міхася і дачку Ганну. Удзельнічаў у выданьні часопісаў «З беларускага жыцьця», «Пагоня», вёў вялікую перапіску зь беларусамі ў Нямеччыне, займаўся перакладамі з украінскай мовы.
У 1949 г. разам зь сям’ёй выехаў у Аўстралію. Жыў у Адэлаідзе (Заходняя Аўстралія), Мэльбурне (Вікторыя), працаваў на фабрыцы. Тут у іх нарадзіўся яшчэ адзін сын Юрка.
Памёр 22 студзеня 1978 году ў Мэльбурне ад разрыву сэрца падчас купаньня ў акіяне. Пахаваны тамсама на беларускай частцы могілак Фолкнэр.
Творчасьць
рэдагавацьВершы хлопчык пачаў складаць з васьмігадовага ўзросту. У 1937 годзе ягоныя першыя вершы («На сенажаці», «Шылава гара», «Ты», «Выйдзі, паслухай») зьявіліся на старонках часопісу «Піянер Беларусі» і раённай газэты «Ударнік Дзяржыншчыны».
Друкаваўся ў часопісе «Шлях моладзі».
Падчас нямецкай акупацыі друкаваўся ў «Беларускай газэце», «Голасе вёскі» пад псэўданімамі Алесь Вясновы, Алесь Вясёлка. Упершыню пад псэўданімам Алесь Салавей у 1942 годзе зьмешчаны верш «Радасьць жыцьця». Шмат вершаў прысьвяціў Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыну, Сымону Буднаму, Максіму Багдановічу, уславіў мясьціны, дзе давялося яму пабываць (Менск, Лагойск, Вільня, Маладэчна, Койданаў).
Падчас працы ў часопісе «Новы шлях» выдаў зборнік вершаў «Мае песьні» (1944), напісаў першую вялікую паэму «На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса» (1943), напісаную санэтнай страфою. Наступны зборнік паэзіі «Сіла гневу» (1948) ўбачыў сьвет у Зальцбургу.
Жывучы ў Аўстраліі, у 1952 годзе падрыхтаваў да друку рукапісы яшчэ двух зборнікаў: «Вянкі» і «Несьмяротнасьць», якія выйшлі ў сьвет ужо пасьля ягонае сьмерці.
Бібліяграфія
рэдагаваць- «Мае песьні» (1944, Менск[2])
- «Сіла гневу» (1948, Зальцбург)
- «Нятускная краса» (1982, Мэльбурн)
- Алесь Салавей. Мае песьні. Сіла. Гневу. Вянкі. Зь вершаў розных годоў. / Укладаньне, прадмова, біяграфічны даведнік: Барыса Сачанкі // Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі : анталёгія. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 542—611. — ISBN 5-340-01086-6.
- Творы: паэзія, проза, лісты [укладаньне, прадмова і камэнтар М. Скоблы]. Мінск. Лімарыус. 2010. 559, [1] с., [4] л. іл. — (Галасы Айчыны). 400 экз.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Алесь Салавей. «Мае песьні» Праверана 10 студзеня 2011 г.
Літаратура
рэдагаваць- Салавей Алесь / Аляксей Гардзіцкі // Беларускія пісьменнікі: 1917-1990. : Даведнік. — Менск: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 479. — ISBN ISBN 5-340-00709-X.
- Салавей Алесь / пад рэд. А. В. Мальдзіса ; рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. ; гал. рэд. Б. І. Сачанка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. : энцыкляпэдыя. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — Т. 5: Пестрак - Сяўрук. — С. 233 — 235. — ISBN 5-85700-168-4.
- Лідзія Савік. «Салавей Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч)» Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3 — С. 94.
- Лідзія Савік. «Жыву і дыхаю, мой край, табой…» Алесь Салавей (1922 — 1978). Бібліяграфія. // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. : газэта. — Менск: Тэхналогія, 2001. — С. 308 — 360, 360 — 362. — ISBN 985-458-037-7.
- Салавей Алесь (Альфрэд Васільевіч Радзюк). // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 619.
- Лявон Целеш. «О, Матуля, старонка мая!» // «Новы час». — №1 (224). — 6 студзеня 2011.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Алесь Салавей (1922-1978) Беларускае замежжа. Галерэя дзеячоў. МГА «Бацькаўшына». Праверана 10 студзеня 2011 г.
- Л. Юрэвіч Літаратурны рух на эміграцыі. Алесь Салавей. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат». Праверана 10 студзеня 2011 г.