Вугорскі нацыянальны банк

галоўны банк Вугоршчыны, заснаваны ў 1924 годзе

Вуго́рскі нацыяна́льны банк — галоўны банк Вугоршчыны, заснаваны ў чэрвені 1924 году.

Вугорскі нацыянальны банк
вуг. Magyar Nemzeti Bank

Эмблема
Абрэвіятура ВНБ
Папярэднік «Вугорская каралеўская дзяржаўная каса»
Дата ўтварэньня 24 чэрвеня 1924 (100 гадоў таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта устойлівасьць цэнаў
Штаб-кватэра бульвар Хрысьціны, д. 55[1]
Месцазнаходжаньне Будапэшт
Каардынаты Каардынаты: 47°30′13″ пн. ш. 19°3′7″ у. д. / 47.50361° пн. ш. 19.05194° у. д. / 47.50361; 19.05194
Дзейнічае ў рэгіёнах Вугоршчына
Сяброўства АЭСР (Францыя), Банк міжнародных разьлікаў (Швайцарыя), Міжнародны валютны фонд і Сусьветны банк (ЗША)[2]
Афіцыйныя мовы вугорская
Старшыня Дзёрдзь Матольчы
Намесьнікі Міхал Патай, Чаба Кандрач, Барнабаш Віраг[3]
Старшыня Наглядальнай рады Фэрэнц Папчак
Сябры Наглядальнай рады Ласла Мадараш, Габар Сэней, Ласла Нікаш, Іштван Мольнар і Атыла Тот[4]
Кіроўны орган Манэтарная рада
Матчына кампанія Парлямэнт Вугоршчыны
Бюджэт 49,199 млрд форынтаў (2020 год; 165,452 млн $)
Колькасьць супрацоўнікаў 1470 (2021 год)[5]
Сайт mnb.hu

Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Вугорскім нацыянальным банку» 2013 году, быў сябрам Эўрапейскай сыстэмы галоўных банкаў і Эўрапейскай сыстэмы фінансавага нагляду[6].

Паўнамоцтвы

рэдагаваць

Паводле 2-га артыкула Закону «Аб Вугорскім нацыянальным банку» 2013 году, ВНБ меў паўнамоцтвы:

  • выпускаць банкноты і манэты дзяржаўнай валюты Вугоршчыны;
  • захоўваць золатавалютны запас ураду Вугоршчыны;
  • мяняць валюту дзеля ўсталяваньня абменнага курсу;
  • распрацоўваць сеткі аплаты і разьліку;
  • зьбіраць і абнародаваць статыстычныя зьвесткі для справаздачы перад Эўрапейскім цэнтральным банкам;
  • спрыяць устойліваму пазычаньню дзеля гаспадарчага росту праз вывучэньне і прадухіленьне пагрозаў фінансавым узаемінам;
  • наглядаць за належным ажыцьцяўленьнем правоў уласнасьці;
  • вырашаць пазасудовыя спрэчкі між спажыўцамі і прадпрыемствамі праз Управу фінансавага прымірэньня[6].

Кіраваньне

рэдагаваць
 
Будынак Вугорскага нацыянальнага банку (2005 год)
  • Манэтарная рада. Улучала 5—9 сябраў, у тым ліку старшыню, ягоных намесьнікаў і іншых абраных Парлямэнтам Вугоршчыны на 6 гадоў сябраў. Правамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў. Ухваляла пастановы простай большасьцю галасоў прысутных.
  • Рада фінансавай устойлівасьці. Складалася з 3—10 сябраў, сярод якіх былі старшыня, ягоныя намесьнікі і прызначаныя ім кіраўнікі. Склікалася прынамсі аднойчы на 2 месяцы. Правамоцная пры ўдзеле большасьці сябраў. Ухваляла пастановы простай большасьцю галасоў прысутных. Разглядала пагрозы ад парышэньня ўстановаў і паслугаў для сетак фінансавых узаемінаў. Ухваляла парады і захады аб выключэньні пагрозаў устойлівасьці фінансавым узаемінам. Перадавала свае рашэньні ў Манэтарную раду.
  • Наглядальная рада. Улучала абраных Парлямэнтам Вугоршчыны старшыню і яшчэ 3-х сябраў, а таксама прадстаўніка і экспэрта ад Міністэрства фінансаў Вугоршчыны. Кіравала аддзелам унутранага аўдыту.
  • Рада кіраўнікоў. Улучала старшыню і ягоных намесьнікаў. Выконвала пастановы Манэтарнай рады і Рады фінансавай устойлівасьці. Ухваляла бухгальтарскую справаздачу і выплату дывідэндаў[6].

На канец сакавіка 2022 году сродкі і іх крыніцы ў Вугорскага нацыянальнага банку былі роўныя 26,379 трлн форынтаў (79,435 млрд даляраў ЗША). Сродкі пераважна ўлучалі: 1) замежная дэбіторская запазычанасьць — 55 % (14,41 трлн форынтаў), 2) унутраныя пазыкі банкам — 21 % (5,513 трлн форынтаў), 3) аблігацыі ўраду Вугоршчыны — 13 % (3,328 трлн форынтаў), 4) аблігацыі нябанкаўскіх прадпрыемстваў Вугоршчыны — 6 % (1,528 трлн форынтаў), 5) аблігацыі банкаў Вугоршчыны — 3 % (829 млрд форынтаў). Крыніцамі сродкаў у асноўным былі: 1) наяўныя грошы ў абарачэньні — 32 % (8,314 трлн форынтаў), 2) тыднёвыя ўклады банкаў Вугоршчыны — 30 % (7,894 трлн форынтаў), 3) замежная запазычнасьць — 23 % (5,983 трлн форынтаў), 4) уклады ўраду Вугоршчыны ў форынтах — 4 % (1,09 трлн форынтаў), 5) уклады банкаў Вугоршчыны ў форынтах — 3 % (897 млрд форынтаў)[7].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Галаўная сядзіба ВНБ (2009 год)

24 чэрвеня 1924 году пачало працу акцыйнае таварыства «Вугорскі нацыянальны банк» («ВНБ»). Яго 1-м старшынём быў Шандар Паповіч. «ВНБ» замяніў сабой «Вугорскую каралеўскую дзяржаўную касу», створаную 11 ліпеня 1921 году. «ВНБ» спыніў гіпэрінфляцыю вугорскай кроны, а ў 1927 годзе ўвёў пэнгу. У 1930 годзе «ВНБ» выступіў сузаснавальнікам Банку міжнародных разьлікаў (Швайцарыя). 1 жніўня 1946 году «ВНБ» увёў форынт, каб дасягнуць устойлівасьці цэнаў. У сьнежні 1947 году ўрад Вугоршчыны нацыяналізаваў «ВНБ». У ліпені 1948 году ВНБ пачаў выконваць і камэрцыйныя задачы пасьля закрыцьця ўрадам камэрцыйных банкаў і ашчадных касаў. 1 студзеня 1987 году ВНБ пачаў перадачу сваіх аддзяленьняў адноўленым камэрцыйным банкам. У кастрычніку 1991 году Парлямэнт Вугоршчыны ўхваліў Закон «Аб Вугорскім нацыянальным банку», які атрымаў самастойнасьць ад ураду. У 2004 году ВНБ стаў сябрам Эўрапейскай сыстэмы галоўных банкаў у сувязі з далучэньнем Вугоршчыны да Эўразьвязу. 26 лютага 2008 году ўвялі плавальны абменны курс форынта адносна эўра[8].

Старшыні

рэдагаваць
 
1-ы старшыня ВНБ Шандар Паповіч
 
Старшыня ВНБ зь 2013 году Дзёрдзь Матольчы
  1. ^ Сувязныя зьвесткі (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  2. ^ Міжнародныя сувязі (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  3. ^ Кіраўніцтва (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  4. ^ Нагляд (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  5. ^ Дзёрдзь Матольчы. Справаздача аб справавой дзейнасьці за 2020 год (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 23 красавіка 2021 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  6. ^ а б в Закон 2013 году № 139 «Аб Вугорскім нацыянальным банку» (вуг.) // Партал «Нацыянальны часопіс заканадаўства» Вугоршчыны, 11 красавіка 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  7. ^ Папярэдні статыстычны балянс за сакавік 2022 году (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 14 красавіка 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.
  8. ^ Галоўны банк (вуг.) // Вугорскі нацыянальны банк, 2022 г. Праверана 28 красавіка 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць