Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Жуковіч.

Васі́ль Жуко́віч (нарадзіўся 21 верасьня 1939, хутар Забалацьце каля в. Дзьмітравічы Берасьцейскага павету, Палескае ваяводзтва) — беларускі паэт, празаік, эсэіст, перакладчык і журналіст.

Васіль Жуковіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Васіль Аляксеевіч Жуковіч
Нарадзіўся 21 верасьня 1939 (85 гадоў)
хутар Забалацьце каля в. Дзьмітравічы, Берасьцейскі павет, Палескае ваяводзтва, Польская Рэспубліка (пад кантролем Нямеччыны)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, празаік, перакладнік, журналіст
Гады творчасьці З 1956 г.
Жанр Паэзія, проза
Мова Беларуская
Значныя творы Аповесьць «Як адна вясна», зборнікі вершаў «Паклон», «Мэлёдыя сьвятла», «У храме хараства і смутку», «Каханьня радасьці й пакуты», «Мой Міцкевіч» [1]
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія

рэдагаваць

Васіль Аляксеевіч Жуковіч нарадзіўся 21 верасьня 1939 году на хутары Забалацьце непадалёку ад вёскі Дзьмітравічы (цяпер — Камянецкі раён Берасьцейскай вобласьці) ў сялянскай сям’і. Рана страціў родных. Бацька і брат былі рэпрэсаваныя, заўчасна памерла і маці.[2]

У 19571959 гадох прыехаў у Берасьце і працаваў рабочым на будоўлях гораду. У 1959 годзе паступіў на філялягічны факультэт Берасьцейскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту імя А. С. Пушкіна. З трэцяга курсу перавёўся на завочнае аддзяленьне. Скончыў навучаньне ў 1964 годзе.

У 19621971 гадох — літаратурны супрацоўнік, загадчык сельскагаспадарчага аддзелу рэдакцыі берасьцейскай раённай газеты «Заря над Бугом». З 1971 году — старшы рэдактар Берасьцейскага абласнога тэлебачаньня, з 1972 году — літаратурны супрацоўнік газэты «Знамя юности», з 1973 году — рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1977 годзе скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ. З 1981 году па чэрвень 1982 году — намесьнік галоўнага рэдактара выдавецтва «Юнацтва».

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1977 году. Працаваў у «Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхаваньня дзяцей». З 2002 году — на творчай працы. Намесьнік старшыні таварыства «Беларусь — Украіна».

Васіль Жуковіч — шахматыст са шматгадовым стажам. Ён ня толькі гуляе ў шахматы, але і складае задачы і эцюды, не адзін верш прысьвяціў старажытнай гульні і яе аматарам. Не аднойчы быў чэмпіёнам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў па шахматах.[3]

Творчасьць

рэдагаваць

Першыя літаратурныя творы ў пэрыядычным друку зьявіліся ў 1956 годзе.

Васіль Жуковіч — аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх выданьняў, сярод якіх зборнікі вершаў:[4]

  • «Паклон» (1974),
  • «Мэлёдыя сьвятла» (1976),
  • «Суседзтва» (1982),
  • «Цана цішыні» (1985),
  • «Твая місія» (1988),
  • «Разьняволеньне» (1990),
  • «У храме хараства і смутку» (2003),
  • «Каханьня радасьці й пакуты» (2004),
  • «Не завіце радзіму малой» (2009),
  • «Няўжо?..» (2011),
  • «Золата лістападу» (2012).

Выдаў зборнік сатыры і гумару «Цудадзейны вітамін» (2011). Напісаў кнігу прозы «Арабінавая ноч» (2015). На рахунку творцы таксама шэраг розных кніжак для дзяцей:

  • аповесьць «Як адна вясна…» (1980),
  • зборнікі вершаў «Гуканьне вясны» (1992),
  • «Цудоўная краіна» (1997),
  • «Сьвет — дзівосны» (2000),
  • «Пра што гаманілі рамонкі» (2012),
  • «Хто хацеў бы пакатацца?»(2014),
  • кніга для дзяцей «Тараскаў самакат» (1988), шэраг кніжачак-раскладанак ды іншыя. Яго творы зьмешчаныя ў школьных падручніках.

Васіль Жуковіч шмат займаецца перакладамі з украінскай, расейскай, польскай, грузінскай ды іншых моваў. Пераклаў зборнік К. Цвіркі для дзяцей «Салавейка» (1974), паасобныя вершы І. Якштаса, П. Грабоўскага, І. Няходы, Махтумкулі, У. Мэя, апавяданьні А. Ананьева, С. Барузьдзіна. Выходзілі і кнігі выбраных перакладаў Васіля Жуковіча:

На вершы Васіля Жуковіча пішуць песьні такія вядомыя айчынныя кампазытары, як Эдуард Зарыцкі, Леанід Захлеўны, Уладзімер Буднік.[5] васіль Жуковіч — аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э. Казачкова).

З ініцыятывы ксяндза Ўладзіслава Завальнюка на словы Васіля Жуковіча ў супрацоўніцтве з кампазытарам Алена Атрашкевіч паўстаў арыгінальны музычна-рэлігійны праект «Сакрамэнтальная паэма».[6] Алена Атрашкевіч напісала музыку для яго твору Васіля Жуковіча, дзе паэт пераклаў на мову паэзіі сутнасьць і значэньне сямі сьвятых Сакрамантаў Каталіцкай Царквы: Хросту, Алеепамазаньня, Эўхарыстыі, Пакаяньня, Намашчэньня хворых, Сьвятарства і Шлюбу. Гэты арыгінальны музычны праект быў прэзэнтаваны ў менскім касьцёле Сьвятога Роха ў 2003 годзе. Выканаў яго хор «Голас душы» пад кіраўніцтвам дырыжора Тацяны Гажэўскай.

Сярод зборнікаў песьняў Васіля Жуковіча найбольш прыкметныя — «Дарога ля жыта» (1997), музыка беларускіх кампазытараў, «Сьпяваем разам» (2008), «Дарогамі вайны і перамогі» (2010).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць