Людвіг ван Бэтговэн

нямецкі кампазытар
(Перанакіравана з «Бэтховэн»)

Лю́двіг ван Бэтго́вэн (па-нямецку: Ludwig van Beethoven; хрышчоны 17 сьнежня 1770 году, Бон, Сьвятая Рымская імпэрыя — 26 сакавіка 1827 году, Вена, Аўстрыйская імпэрыя) — нямецкі кампазытар і слынны піяніст. Ягоная творчасьць прыпала на пэрыяд пераходу ад клясыцызму да рамантызму ў клясычнай музыцы Захаду, па сёньняшні дзень ён застаецца адным з самых вядомых і ўплывовых кампазытараў.

Людвіг ван Бэтговэн
Ludwig van Beethoven
Дата нараджэньня мерк. 16 сьнежня 1770(1770-12-16)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня Бон (Нямеччына)
Дата сьмерці 26 сакавіка 1827(1827-03-26)[1][4][2][…] (56 гадоў)
Месца сьмерці Вена
Прычына сьмерці магчыма цыроз печані[d][5]
Месца пахаваньня
Прафэсія кампазытар, піяніст
Навуковая сфэра клясычная музыка, сымфонія, твор для струннага квартэту[d], камэрная музыка[d], народная песьня[d], струннае трыё[d], опэра, музыка[6] і piano performance[d][6]
Сябра ў Нідэрляндзкая каралеўская акадэмія навук[d]
Інструмэнты фартэпіяна
Бацька Ёган ван Бэтговэн[d]
Маці Марыя Магдалена ван Бэтговэн[d]
Узнагароды
Сайт beethoven.de (ням.)
Подпіс Выява аўтографу

Бэтговэн раскрыў свае музычныя таленты яшчэ ў раньнім узросьце. Людвіг навучаўся ў свайго бацькі Ёгана ван Бэтговэна й кампазытара Крыстыяна Готліба Нээфэ. Ува ўзросьце 21 году Бэтговэн пераехаў у Вену, дзе навучаўся ў Ёзэфа Гайдна[7] й набыў рэпутацыю піяніста-віртуоза. Пасьля жыў у Вене да сваёй сьмерці. У апошнія гады 1820-х ягоны слых пачаў пагаршацца, і ў апошняе дзесяцігодзьдзе свайго жыцьця ён быў амаль цалкам глухім. У 1811 годзе ён адмовіўся ад выступаў у грамадзкіх месцах, але працягваў складаць кампазыцыі. Многія зь ягоных самых шанаваных працаў прыпадаюць на апошнія 15 гадоў жыцьця.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і флямандзкага паходжаньня ў Боне. Зь сямі дзяцей выжылі толькі трое, сярод якіх быў Людвіг і два ягоныя малодшыя браты. Ён быў другім дзіцём у сям’і. Дзед Бэтговэна быў кіраўніком бонскай капэлы, бацька — прыдворным сьпеваком. Бэтговэн рана навучыўся іграць на клявэсыне, аргане, скрыпцы, альце, і на флейце. З 1781 году заняткамі Бэтговэна кіраваў кампазытар, арганіст і выдатны эстэтык Крыстыян Готліб Нээфэ, які пазнаёміў яго з творамі Гэндэля. Ён жа дапамог свайму вучню апублікаваць яго першы твор, які быў варыяцыяй для клявішных інструмэнтаў. У 1787 годзе Бэтговэн упершыню завітаў у Вену. Ён зьбіраўся вучыцца ў Моцарта. Дакладна не вядома, ці сустрэліся тады клясыкі, але лічыцца, што такое магло здарыцца[8]. Рэзкае пагаршэньне здароўя маці прымусіла яго тэрмінова вярнуцца ў Бон, пасьля ўсяго каля двух тыдняў у Вене. 17 ліпеня таго ж году яна памерла ад сухотаў.

 
Партрэт маладога Бэтговэна каля 1800 году.

Бацька Бэтговэна трапіў у залежнасьць ад алькаголю, і Людвігу прыйшлося апекаваць сваіх малодшых братоў. Хутка Бэтговэн стаў канцэртмайстрам прыдворнага тэатру і памагатым арганіста капэлы. У 1789 годзе ён слухаў лекцыі па філязофіі ў Бонскім унівэрсытэце. З 1790 па 1792 гады Бэтговэн склаў некалькі твораў, але аніводная зь іх на той час не была апублікаваная. Аўтар паказваў усё большы дыяпазон творчасьці й сталасьці. Музыказнаўцы вылучылі тэму, падобную да ягонай Сымфоніі №3 ў наборы варыяцыяў, складзеных у 1791 годзе[9]. Магчыма, менавіта на рэкамэндацыю Нээфэ, Бэтговэн атрымаў свае першыя замовы. Спачатку літаратурнае таварыства ў Боне замовіла кантату на ўшанаваньне Ёзэфа II, які памёр у тым годзе. Яшчэ адную кантату, якая меркавана была замоўленая курфюрстам, была складзеная ў гонар караляваньня Леапольда II на пасаду імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі[10]. Верагодна, упершыню Бэтговэна пазнаёмілі зь Ёзэфам Гайднам у канцы 1790 году, калі той ехаў у Лёндан і спыніўся ў Боне на Каляды[11]. Праз паўтары гады яны сустрэліся ў Боне падчас вяртаньня Гайдна з Лёндану ў Вену ў ліпені 1792 году, калі Бэтговэн іграў у аркестры ў Рэдуце ў Гадэсбэргу. Верагодна, у той час былі зробленыя дамоўленасьці аб навучаньні Бэтговэна ў дасьведчанага майстра[12].

У лістападзе 1792 году музыка накіраваўся ў Вену на тле чутак пра магчымую вайну з Францыяй. Па прыбыцьці Бэтговэн даведаўся, што ягоны бацька памёр[13]. На працягу наступных некалькіх гадоў Бэтговэн лічыў, што ён зьяўляецца пераемнікам нядаўна памерлага Моцарта, вывучаючы працу гэтага майстра й складаючы творы з выразна моцартаўскім адценьнем[14]. Ён не адразу ўзяў на мэту падвысіць свае здольнасьці як кампазытар, а прысьвяціў сябе навучаньню й заняткам па выканальніцтву. Пэўны час вучыўся ў Гайдна[7] й паступова пачаў набываць славу віртуознага піяніста, тым жа часам навучаючыся гры на скрыпцы ў Ігнаца Шупанцыга[15][16]. Дадатковыя ўрокі ён браў у Антоніё Сальеры, у першую чаргу ў стылі італьянскай вакальнай кампазыцыі. Стасункі зь вядомым італьянскім музыкам у Бэтговэна захоўваліся прынамсі да 1802 году ці, магчыма, да 1809 году. Па ад’езьдзе Гайдна ў Ангельшчыну ў 1794 годзе курфюрст чакаў, што Бэтговэн вернецца дадому ў Бон. Замест гэтага ён вырашыў застацца ў Вене, працягваючы навучаньне кантрапункту зь Ёганам Альбрэхтсбэргерам ды іншымі настаўнікамі. У любым выпадку, у гэты момант было відавочна, што Бон будзе захоплены Францыяй. Гэта й адбылося ў кастрычніку 1794 году, фактычна пакінуўшы Бэтговэна без стыпэндыі, але й безь неабходнасьці вяртацца. Між іншым, некалькі венскіх шляхціцаў, якія зацікавіліся ягонымі здольнасьцямі, прапанавалі яму фінансавую падтрымку, сярод іх былі князі Ёзэф Франц фон Лёбкавіч, і Карл Ліхноўскі, ды барон Готфрыд ван Сьвітэн[17].

У 1795 годзе Бэтговэн дэбютаваў у Вене, ладзіўшы канцэрты на працягу трох дзён[18]. Распачаў сэрыю выступаў кампазытар з выкананьня ўласнага фартэпіянавага канцэрту 29 сакавіка ў Бургтэатры. 31 сакавіка майстар выканаў Моцартавы канцэрт у рэ міноры, дзеля якога ён напісаў кадэнцыю неўзабаве пасьля прыезду ў Вену. Да гэтага году Бэтговэн меў ўжо два фартэпіянавыя канцэрты, даступныя дзеля выкананьня. Адзін зь іх быў канцэрт у сі-бэмоль мажоры, які ён пачаў быў складаць перад пераездам у Вену й над якім працаваў больш за дзесяць гадоў, і яшчэ адзін у до мажоры, большая частка якога была напісаная ў 1795 годзе[19]. Мяркуючы, што апошняя зь іх ёсьць болей пэрспэктыўнай за першую, ён вырашыў прызначыць яе сваім першым фартэпіянавым канцэртам, апублікаваўшы ў сакавіку 1801 году як Опус 15, перш чым апублікаваць першы як Опус 19 у сьнежні наступнага году. У 1809 годзе аўтар склаў новыя кадэнцыі да абодвух твораў[20].

Дзеля прэм’еры сваёй першай сымфоніі ён замовіў Бургтэатар на 2 красавіка 1800 году й зладзіў шырокую праграму, уключаючы творы Гайдна й Моцарта, а таксама ўласны сэптэт, сымфонію й адзін з сваіх новых фартэпіянавых канцэртаў. Канцэрт, які Ўсеагульная музычная газэта ахрысьціла самым цікавым канцэртам за доўгі час, прайшоў, аднак, не бязь цяжкасьцяў. Сярод іншага, некаторыя крытыкі заўважылі, што музыкі не паклапаціліся зьвярнуць увагу на саліста[21]. Да скону 1800 году Бэтговэн і ягоная музыка ўжо карысталіся вялікім попытам у мэцэнатаў і выдаўцоў[22].

У траўні 1799 году ён выкладаў фартэпіяна дачкам вугорскай графіні Ганны Брунсьвік. За гэты час кампазытар закахаўся ў малодшую дачку Жазэфіну. Сярод іншых сваіх вучняў, з 1801 па 1805 год, ён навучаў Фэрдынанда Рыса, які пазьней сам стаў кампазытарам і далей узгадваў пра іхныя сустрэчы. Малады Карл Чэрні, які стаў вядомым настаўнікам музыкі, вучыўся ў Бэтговэна з 1801 па 1803 год. Напрыканцы 1801 году празь сям’ю Брунсьвік кампазытар пазнаёміўся з маладой графіняй Джульетай Гвічардзі. Ён згадваў пра сваё каханьне да Джульеты ў лісьце сябру ў лістападзе 1801 году, але ейнае шляхецтва не дазволіла нават задумацца Бэтговэну аб адносінах зь ёй. Ён прысьвяціў сваю санату, якая шырока вядомая пад назвай Месяцовая саната, менавіта ёй. У Бэтговэна паступова пачаў пагаршацца слых. Але гэта не перашкаджала яму складаць шэдэўры, дырыгаваць аркестрам і выступаць самому нават пасьля таго, як ён цалкам аглух.

Погляды Бэтговэна на зьявы палітычнага й сацыяльнага жыцьця адрозьніваліся ваяўнічым дэмакратызмам і свабодалюбствам. У фармаваньні рэспубліканскіх перакананьняў кампазытара вялізарную ролю адыгралі рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі ў 1789 годзе й антыфэўдальны рух у Райнскім рэгіёне. Захапленьне Бэтговэна музыкай рэвалюцыйнай Францыі пакінула значны сьлед у ягонай творчасьці.

  1. ^ а б Беетговенъ (рас.) // Энциклопедический лексиконСПб: 1836. — Т. 5. — С. 161—162.
  2. ^ а б Бетховен, Людвиг, Բեթհովեն, Լյուդվիգ (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. IIIа. — С. 643—644.
  3. ^ Ludwig van Beethoven // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
  4. ^ Dommer v. Beethoven, Ludwig van (ням.) // Allgemeine Deutsche BiographieL: 1875. — Т. 2. — S. 251–268.
  5. ^ Beethoven, Ludwig van (анг.)OUP, 2001.
  6. ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  7. ^ а б Kerman, Tyson, Burnham 2001, § 3.
  8. ^ Kerman, Tyson, Burnham 2001, § 2.
  9. ^ Cooper 2008. С. 35—41.
  10. ^ Cooper 1996. С. 93—94.
  11. ^ Cooper 2008. С. 35.
  12. ^ Cooper 2008. С. 41.
  13. ^ Cooper 2008. С. 42.
  14. ^ Cooper 2008. С. 43.
  15. ^ Cooper 2008. С. 47.
  16. ^ Cooper 2008. С. 54.
  17. ^ Cooper 2008. С. 53.
  18. ^ Swafford 2014. С. 174—175.
  19. ^ Swafford 2014. С. 176—177.
  20. ^ Steinberg, Michael (1998). «The Concerto: A Listener’s Guide». Oxford: Oxford University Press. — С. 52—59. — ISBN 0195103300.
  21. ^ Cooper 2008. С. 90.
  22. ^ Cooper 2008. С. 97.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць