Белару́ская ме́ншасьць у Чэ́хіі — дыяспара беларусаў Чэскай Рэспублікі, якія маюць чэскае грамадзянства альбо знаходзяцца ў Чэхіі на сталым ці кароткачасовым побыце. Паводле ацэнак Міністэрства ўнутраных справаў, у краіне знаходзіцца крыху больш за 4 тысяч беларускіх грамадзянаў. Афіцыйна прызнаная нацыянальнаю меншасьцю 3 ліпеня 2013.

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Магіла Пётры Крачэўскага на Альшанскіх могілках у Празе

У першай палове XX стагодзьдзя Прага стала цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. Палітычная эміграцыя зь Беларусі групавалася вакол консульства БНР, створанага яшчэ ў лістападзе 1918. У 1918—1925 функцыі консула Беларускай Народнай Рэспублікі выконваў Мікалай Вяршынін. У ліпені 1919 у Празе была створаная Беларуская грамада на чале зь Вяршыніным, які адначасова выконваў абавязкі ўпаўнаважанага па справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславаччыне.

У 1920—1930-х у Празе, Падэбрадах, Пршыбраме, Брне дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы чэхаславацкага ўраду і грамадзкага чэска-ўкраінскага камітэту дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам навучаліся каля 300 студэнтаў з Заходняй Беларусі, сярод якіх Віктар Вальтар, Язэп Мамонька, Сяргей Бусел, Янка Геніюш, Лявон Рыдлеўскі, Мікола Чарнецкі. Пры Ўкраінскай гаспадарчай акадэміі ў Падэбрадах у 1925—1927 дзейнічаў беларускі студэнцкі гурток. 1 лістапада 1923 у Прагу пераехалі ўрад і прэзыдыюм Рады БНР (у тым ліку Пётра Крачэўскі і Васіль Захарка), якія дзейнічалі да сакавіка 1943 року (як эміграцыйны ўрад — да 1925 року). У міжваенны пэрыяд існаваў шэраг беларускіх устаноў: Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускі навуковы кабінэт, у 1928 заснаваны Беларускі загранічны архіў. У 1941 дзейнічалі карэспандэнцыйныя курсы беларусаведы.

Па Другой сусьветнай вайне ў Празе жылі 300 беларускіх сем’яў. Тут мешкалі і працавалі Ларыса Геніюш, Міхась Забэйда-Суміцкі.

Сучаснасьць

рэдагаваць
 
Помнік Ф. Скарыну у Празе

Беларускае жыцьцё актывізавалася ў 1990-я рокі. Гэтаму спрыяла культурная праграма «Беларусы ў Празе», у часы якой працавалі аднайменная выстава, Скарынаўскі сэмінар, заснаванае Згуртаваньне беларусаў Чэхіі імя Ф. Скарыны. 31 кастрычніка 1996 у Праскім Градзе адкрыты помнік Ф. Скарыну. У сакавіку 1998 адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Нямеччыны, Бэльгіі, прысьвечаная 80-годзьдзю абвяшчэньня БНР.

25 сакавіка 1998 пры чэскай арганізацыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Беларускі цэнтар (каардынатар У. Яндзюк), а ў сакавіку 1999 — інфармацыйнае прадстаўніцтва грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». З 2 па 6 чэрвеня 1998 у Празе адбыўся 7 Усеславянскі зьезд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чалавек на чале з дэлегатам Нацыянальнага сходу Сяргеем Касьцянам.

У 1999 зарэгістраваная беларуская галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н. Валавай.

У адпаведнасьці з рашэньнем Міністэрства адукацыі Чэхіі ў праскіх ВНУ ў 2000 року працягвалі навучаньне 12 студэнтаў зь Беларусі[1].

У наш час беларуская мова як спецыяльнасць ў чэшскіх універсітэтатах не існуе. Падчас Чэхаславацкай рэспублікі падрыхтоўка беларусістаў адбывалася ў Карлавым універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Вацлава Жыдліцкага (1935-2002), вядомага літаратуразнаўцы і перакладчыка беларускай ітаратуры.

3 ліпеня 2013 року чэскі ўрад прызнаў беларусаў Чэхіі нацыянальнай меншасьцю. Гэта дазваляе карыстацца беларускаю мовай у афіцыйных установах і адкрываць школы. Разам зь беларусамі такі самы статус атрымалі віетнамцы, і на дадзены момант нацыянальнымі меншасьцямі ў Чэхіі зьяўляюцца таксама баўгары, вугорцы, грэкі, немцы, палякі, расейцы, русіны, славакі, сэрбы, украінцы, харваты, цыганы[2].

  1. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2 — С. 530, 531
  2. ^ АК. Беларусаў прызналі паўнапраўнаю нацыянальнай меншасьцю ў Чэхіі // Белсат, 3 ліпеня 2013 г. Праверана 5 ліпеня 2013 г.