Беларусы ў Нью-Ёрку

Беларусы ў Нью-Ёрку — суполка беларускай дыяспары ў ЗША.

Першыя беларусы

рэдагаваць

У 1659 годзе ў Нью-Ёрк (тады яшчэ Новы Амстэрдам) прыяжджае доктар Аляксандар Куртыюс (Курчэўскі), навуковец і настаўнік[1]. 1 жніўня 1887 году ў Нью-Ёрк прыехаў Мікалай Судзілоўскі, але хутка пераехаў у Сан-Францыска[2].

У 1872 годзе ў Нью-Ёрку было закладзенае Расейскае Кола Ўзаемнай Дапамогі, да якога пераважна належалі беларусы[3]. У 1882 року беларускія жыды ў Нью-Ёрку заснавалі Дабраахвотнае Таварыства Узаемнае Дапамогі «Ашмянскія браты», якое дапамагала і беларускім эмігрантам з Ашмянаў[3].

Другая палова XIX ст. — 1914 г.

рэдагаваць

Як даводзіць дасьледніца Ганна Сурмач, расейская эміграцыя ў Нью-Ёрку да 1914 году, хоць і значылася расейскай, але складалася пераважна з выхадцаў зь Беларусі[4]. У канцы XIX стагодзьдзя ў Нью-Ёрку дзейнічала славянаруская сельскагаспадарчая калёнія «Вільня»[4].

5 сьнежня 1908 у Мангэтане зьявіўся Расейскі Імігранцкі Дом (347 East 14 Street), які дапамагаў уладкавацца эмігрантам з Расейскай імпэрыі[5]. Утрымліваўся ён расейскімі царкоўнымі ўладамі. Як сьведчаць дакуманты, збольшага гэтымі эмігрантамі былі выхадцы зь беларускіх зямель, але іх рэгістравалі як расейцаў[5]. У пачатку XX стагодзьдзя імігранты часта сяліліся на Мангэтане. Так з 1910 году да 1920-х гадоў беларуская мова была мовай зносінаў «расейскіх» эмігрантаў на Мангэтане ад 14 Street да Бэтэры-парку (Battery Park)[6].

Паводле тагачаснай расейскай газэты «Новый мир» за 30 жніўня 1912 году, у Нью-Ёрку тады былі рэстараны «Беларусь» і «Кобрын»[7].

Беларусы актыўна удзельнічалі ў прафэсійных зьвязах, а таксама самі арганізоўвалі прафэсійныя хаўрусы работнікаў дамоў, мясцовыя аддзелы прафэсійнага хаўрусу швацкае прамысловасьці ў Брукліне (раён Браўнсьвіл-Brownsville). У 1913 годзе беларусы заснавалі Расейска-польскі 103-і аддзел Аб’яднаных адзежных работнікаў Амэрыкі ў Нью-Ёрку[8]. Былі актывісты-беларусы і ў Міжнародным хаўрусе вытворцаў жаночага адзеньня, у Хаўрусе вытворцаў ботаў і чаравікаў, у Хаўрусах аўтамабільнай індустрыі[9]. Вядомыя дзеячы-беларусы рабочага руху ў Нью-Ёрку: Уладзімер Татарчык з Капылю (быў забіты, пасьля чаго прайшла маніфэстацыя зь 10 тысячаў чалавек), Давід Дубінскі з Берасьця[10].

Старыя беларускія дамавіны можна пабачыць у Маспэце (Maspeth) у Куінсе[11].

Палітычна беларускія імігранты былі пераважна левымі. У 1907 годзе ў Нью-Ёрку быў заснаваны Хаўрус расейскіх сацыял-дэмакратычных арганізацыяў, сярод мясцовых структураў якога было Менскае, Пінскае, Барысаўскае, Дзьвінскае сацыял-дэмакратычныя таварыствы[12].

1914 — 1939 гады

рэдагаваць

У 1915—1916 годзе суполка беларускіх імігрантаў у Брукліне заснавала Расейска-Славянскае Таварыства Самадапамогі, якое складалася зь менчукоў і гарадзенцаў. Галавой арганізацыі стаў Сьцяпан Бубешка[13].

6 траўня 1921 року адбыўся першы масавы сход беларусаў Нью-Ёрку і ваколіцаў, на якім заснавалі Беларускі Нацыянальны Камітэт. Камітэт месціўся на Мангэтане па адрасе 63 Park Row, New York. На тым жа адрасе знаходзілася Беларускае Прэсавае Бюро, якое выдавала белютэнь «Bulletin of the White Russian Press Bureau»[14].

Асобная беларуская арганізацыя ўзьнікла таксама ў бруклінскім раёне Браўнсьвіл (Brownsville), дзякуючы актыўнай дзейнасьці Міхася Зварыкі і Сьцяпана Бубешкі[15]. Сьцяпан Бубешка таксама стаў першым беларускім аўтарам, які апублікаваў нарыс пра беларускую іміграцыю пад назваю «Жыцьцё беларусаў у Амэрыцы». Нарыс быў надрукаваны ў 1921 годзе ў Вільні ў кнізе «Родны край: Трэцяя і чацьвёртая пасьля лемантара кніжка для чытаньня», выдадзенай Леанілай Гарэцкай[16]. У нарысе аўтар зазначае, што беларусаў у Нью-Ёрку больш за 15 тысячаў[16]. Гэтаксама Бубешка меў свой рэстаран «Свабода» ў Брукліне.

Беларусы Нью-Ёрку ў гэты час адкрылі беларускую музычную краму на Мангэтане (134 East 7 Street)[16]. Беларус Хведар Зварыка меў уласнае адзежнае прадпрыемства ў Браўнсьвіле (Brownsville), Бруклін[17].

Большасьць арганізацыяў гэтага кругабегу праіснавала толькі да канца 1920-х гадоў, з прычыны нястачы лідэраў і нацыянальна-сьвядомых сяброў. На гэта таксама паўплываў ад’езд Сьцяпана Бубешкі. Але гэтыя арганізацыі сталі прыкладам для іншых у ЗША[17]. Зь ягоным вяртаньнем сытуацыя не палепшылася, бо ён хутка памёр (23 студзеня 1928)[18].

У гэты кругабег беларусы Нью-Ёрку ўпершыню змаглі выявіць беларускую нацыянальную адметнасьць і здольнасьць самаарганізавацца[19].

Канец 1940-х — 1991 гады

рэдагаваць

Першыя з паваеннай хвалі беларускія імігранты пачалі прыяжджаць у Амэрыку ў апошнія месяцы вайны або хутка па сканчэньні яе. Гэта былі асобы, якія былі народжаныя ў ЗША або чые бацькі вярнуліся пазьней назад у Беларусь, або мелі блізкіх сваякоў у ЗША. Адным з такіх быў Янка Ніхаёнак, які нарадзіўся ў ЗША, малым дзіцем бацькамі быў прывезены ў Беларусь, там гадаваўся, а падчас вайны апынуўся ў Францыі і адтуль ізноў вярнуўся ў Амэрыку. Потым, дзякуючы перадваенным кантактам, прыехалі Іван Ермачэнка, Барыс Кіт, Янка Станкевіч з сям’ёю. Людміла Колін прыехала ў Нью-Ёрк з маці, якая нарадзілася ў Нью-Ёрку і была амэрыканскай грамадзянкай, але перад вайною з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У хуткім часе прыехалі таксама Мікола Дарашэвіч, Міхась Тулейка, Мікола Гарошка[20]. Большая частка паваеннай іміграцыі прыехала ў Амэрыку з Заходняй Нямеччыны[21].

Новапрыбылыя актыўна дапамагалі іншым эмігрантам перабрацца з Эўропы ў ЗША[21]. Беларускі дзеяч Янка Станкевіч ня толькі шмат каму дапамог пераехаць у ЗША, але нават наняў танныя кватэры ў Гарлэме (Harlem) на 100 Street на Мангэтане, каб прыбылыя адразу маглі мець прытулак і пажыць некаторы час за невялікую аплату[21]. Там жылі Антон Адамовіч і Антон Шукелойц і іншыя[21].

20-22 верасьня 1946 году ў Нью-Ёрку праходзіў Трэці зьезд Амэрыканскага Славянскага Кангрэсу. Ад імя беларусаў выступаў Ян Тарасэвіч, які прыехаў з Чыкага. З гэтай жа трыбуны прамаўляў і прадстаўнік савецкай Беларусі Цімафей Гарбуноў, які ўзначальваў дэлегацыю Савецкага Саюзу[21].

Напрыканцы 1948 году пачаўся масавы пераезд беларусаў з лягераў ДП у Амэрыку. Бальшыня эмігрантаў прыплывала ў ЗША празь Нью-Ёркскі порт. Паводле ўспамінаў Міколы Гарошкі, амаль кожны параплаў з Эўропы прывозіў у Нью-Ёрк новых беларускіх эмігрантаў[22].

Паваенная хваля беларусаў моцна адрозьнівалася ад старой дыяспары, з-за чаго ўзаемапаразуменьня і плённага супрацоўніцтва паміж «старымі» і «новымі» не адбылося[22]. Расейскае Аб’яднанае Таварыства Узаемадапамогі (Русское объединённое общество взаимопомощи), якое заснавалі ў Філадэльфіі збольшага беларускія сяляне, якія пасяліліся ў ЗША да Першай сусьветнай вайны[23], мела дом (Home of First Branch ROOVA) у Нью-Ёрку, на Мангэтане, 431 East 6 Street. Будынак захаваўся дагэтуль[23]. Упраўца дома, беларус, даваў яго для зборак новапрыбылых беларусаў, аднак яму не падабалася, што яны не карысталіся расейскай мовай, з-за чаго супраца скончылася[24]. Часам старыя эмігранты дапамагалі стварыць новым грамадзкія арганізацыі (для рэгістрацыі арганізацыі, патрэбныя подпісы грамадзянаў ЗША). Напрыклад, пры рэгістрацыі БАЗА дапамог стары эмігрант Павал Бунчук[24].

8 лістапада 1948 году ў штаце Нью-Ёрку быў створаны і зарэгістраваны Злучаны Беларуска-Амэрыканскі Дапамаговы камітэт, які ўзначаліў Іван Ермачэнка. У месьце Нью-Ёрку быў заснаваны аддзел гэтага Камітэту[24]. Камітэт ладзіў курсы ангельскай мовы, вечарыны, засноўваў пэрыядычны друк («Беларус у Амэрыцы», «Беларускае слова ў Амэрыцы», «Беларуская трыбуна»)[25].

Пазьнейшыя імігранты ўжо мелі рэальную дапамогу ад суродзічаў. Напрыклад, у 1954 годзе Кастусь Мярляк прыехаў зь сям’ёю з Аргентыны ў Нью-Ёрк. Паводле ягоных успамінаў, яго сустрэў Аляксандар Орса і адвёз у кватэру на 33 Norfolk Street у Мангэтане. Там была кватэра Галіны Ганчарэнкі і Барбары Вержбаловіч, якія выехалі на працу ў Мюнхэн на Радыё Свабода. Гэтая кватэра была прытулкам ня толькі для прыежджых, але і для беларускіх арганізацыяў[25].

  1. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 13.
  2. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 25.
  3. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 26.
  4. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 29.
  5. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 31.
  6. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 31-32.
  7. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 32-33.
  8. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 33.
  9. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 33-34.
  10. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 35.
  11. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 36.
  12. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 37.
  13. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 40-41.
  14. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 42.
  15. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 42-43.
  16. ^ а б в Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 43.
  17. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 44.
  18. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 45.
  19. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 46.
  20. ^ Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 47.
  21. ^ а б в г д Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 50.
  22. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 51.
  23. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 52.
  24. ^ а б в Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 53.
  25. ^ а б Ганна Сурмач. Беларускі Нью-Ёрк. — New York: 2017. — С. 54.

Літаратура

рэдагаваць