Анры Пуанкарэ
Жуль Анры́ Пуанкарэ́ (па-француску: Jules Henri Poincaré) — францускі матэматык, фізык-тэарэтык, інжынэр і філёзаф навукі. Яго часта апісваюць як палімата, а ў матэматыцы як «апошняга ўнівэрсаліста»[13], паколькі ён дасягнуў посьпехаў ва ўсіх галінах дысцыплінаў, якія існавалі пры ягоным жыцьці. Таксама меў мянушку «Гаўс сучаснай матэматыкі»[14].
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьПуанкарэ нарадзіўся 29 красавіка 1854 году ва ўплывовай францускай сям’і ў навакольлі гораду Нансі[15]. Ягоны бацька Леон Пуанкарэ быў прафэсарам мэдыцыны ва ўнівэрсытэце Нансі. Ягоная малодшая сястра Аліна пабралася шлюбам з духоўным філёзафам Эмілем Бутру. Іншым вядомым сямейнікам Анры быў стрыечны брат Раймон Пуанкарэ, які быў сябрам Францускай акадэміі, а таксама прэзыдэнтам Францыі з 1913 па 1920 гады і тройчы прэм’ер-міністрам Францыі паміж 1913 і 1929 гадамі. У дзяцінстве Пуанкарэ некаторы час моцна хварэў на дыфтэрыю.
Адукацыя
рэдагавацьУ 1862 годзе Анры паступіў у ліцэй у Нансі, які сёньня носіць ягонае імя. Там ён навучаўся адзінаццаць гадоў і за гэты час зарэкамендаваў сябе як адзін з найлепшых вучняў ва ўсіх прадметах. Ён выдатна валодаў мастацтвам пісьмовага выкладу. Ягоны настаўнік па матэматыцы ахарактарызаваў яго як «монстра матэматыкі». Пуанкарэ выйграваў прызы на спаборніцтвах паміж найлепшымі вучнямі з усіх ліцэяў Францыі. Тым ня менш, блага ў будучага навукоўца было з музыкай і фізычнай культурай, дзе ягоны дасягненьні настаўнікі апісвалі як пасярэднія. Магчыма, праблемы былі павязаныя з зрокам і схільнасьцю да раскіданасьці. Пуанкарэ скончыў ліцэй у 1871 годзе, стаўшы бакаляўрам па літаратуры і навуках. Падчас Франка-прускай вайны 1870 году ён служыў разам з бацькам у амбуляторным корпусе.
У 1873 годзе Пуанкарэ паступіў у Політэхнічную школу, атрымаўшы найвышэйшы бал пры паступленьні. Скончыў яе ён у 1875 годзе. Там ён вывучаў матэматыку, якую яму выкладаў Шарль Эрміт. Пуанкарэ працягваў выдатна вучыцца і нават пачаў публікаваць свае першыя працы, як то «Новая дэманстрацыя ўласьцівасьцей функцыі паверхні» ў 1874 годзе. Зь лістапада 1875 году да чэрвеня 1878 году ён навучаўся ў Групе горных школаў, працягваючы вывучаць матэматыку разам з праграмай горнай інжынэрыі, і атрымаў ступень горнага інжынэра ў сакавіку 1879 году. Скончыўшы школу, ён паступіў на працу інспэктара ў рэгіёне Вэзуль на паўночным усходзе Францыі. У жніўні 1879 году ён быў прысутны на месцы катастрофы ў Маньі-ле-Жусэ, дзе загінулі 18 шахтароў, і ладзіў афіцыйнае расьсьледаваньне гэтага здарэньня.
У той жа час Пуанкарэ рыхтаваўся да абароны доктарскай дысэртацыі па матэматыцы пад кіраўніцтвам Шарля Эрміта. Ягоная доктарская дысэртацыя была прысьвечаная дыфэрэнцыйным раўнаньням і называлася «Аб уласьцівасьцях функцыяў, якія вызначаюцца раўнаньнямі ў частковых вытворных». Пуанкарэ распрацаваў новы мэтад вывучэньня ўласьцівасьцяў гэтых раўнаньняў. Ён ня толькі дасьледаваў пытаньне вылічэньня інтэгралаў гэтых раўнаньняў, але і стаў першым, хто вывучыў іхныя агульныя геамэтрычныя ўласьцівасьці. Ён зразумеў, што гэтыя раўнаньні могуць быць выкарыстаныя дзеля мадэляваньня паводзінаў шматлікіх целаў у свабодным руху ў Сонечнай сыстэме. Пуанкарэ абараніў свой дыплём у Парыскім унівэрсытэце ў 1879 годзе.
Першыя дасягненьні
рэдагавацьПасьля атрыманьня дыплёму Пуанкарэ пачаў працаваць малодшым выкладчыкам матэматыкі ў Канскім ўнівэрсытэце ў Нармандыі ў сьнежні 1879 году. У той жа час ён апублікаваў свой першы значны артыкул, прысьвечаны дасьледаваньню ўведзенай ім клясы аўтаморфных функцыяў. У Кане ён пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Люізай Пулен д’Андэсі, якая была ўнучкай Ізыдора Жэфруа Сэн-Ілера і праўнучкай Эт’ена Жэфруа Сэн-Ілера. 20 красавіка 1881 году яны пабраліся шлюбам. Разам маладыя мелі чацьвёра дзяцей, як то Жанну (нарадзілася ў 1887 годзе), Івонну (1889), Анрыету (1891) і Леона (1893).
Пуанкарэ хутка замацаваўся сярод найвялікшых матэматыкаў Эўропы, прыцягваючы ўвагу многіх выбітных навукоўцаў. У 1881 годзе ён атрымаў запрашэньне заняць пасаду выкладчыка на Факультэце навук Парыскага ўнівэрсытэту, якую навуковец прыняў. У час з 1883 па 1897 гады ён выкладаў матэматычны аналіз у Політэхнічнай школе. У 1881—1882 гадах Пуанкарэ стварыў новую галіну матэматыкі, вядомую як якасная тэорыя дыфэрэнцыйных раўнаньняў. Ён паказаў, як можна атрымаць найважнейшую інфармацыю пра паводзіны сямейства рашэньняў, не разьвязваючы самое раўнаньне, паколькі гэта не заўсёды магчыма. Гэты падыход ён пасьпяхова выкарыстоўваў у дасьледаваньнях у нябеснай мэханіцы і матэматычнай фізыцы.
Кар’ера
рэдагавацьПуанкарэ аніколі цалкам не адмаўляўся ад кар’еры ў кіраўніцтве горнай справы на карысьць матэматыкі. З 1881 па 1885 гады ён працаваў у Міністэрстве грамадзкіх службаў як інжынэр, адказны за разьвіцьцё паўночных чыгунак. У 1893 годзе ён стаў галоўным інжынэрам Корпусу гарнякоў, а ў 1910 годзе — генэральным інспэктарам. Пачынаючы з 1881 году і да канца сваёй кар’еры, ён выкладаў у Парыскім унівэрсытэце (Сарбоне). Спачатку быў прызначаны на пасаду дацэнта аналізу. З часам ён займаў пасаду кіраўніка катэдраў фізычнай і экспэрымэнтальнай мэханікі, матэматычнай фізыкі і тэорыі імавернасьцяў, а таксама нябеснай мэханікі і астраноміі. У 1887 годзе, у веку 32 гадоў, Пуанкарэ стаў сябрам Францускай акадэміі навук. У 1906 годзе ён стаў ейным прэзыдэнтам, а 5 сакавіка 1908 году быў абраны ў Францускую акадэмію. У 1887 годзе ён атрымаў перамогу ў матэматычным конкурсе, абвешчаным каралём Швэцыі Оскарам II, за разьвязаньне задачы трох целаў, якая разглядае свабодны рух некалькіх арбітальных целаў.
У 1893 годзе Пуанкарэ далучыўся да Бюро даўготаў, дзе займаўся сынхранізацыяй часу ва ўсім сьвеце. У 1897 годзе ён падтрымаў няўдалую прапанову аб дзесятковай сыстэме вымярэньня кола, а таксама часу і даўгаты. Гэтай пасадай ён быў абавязаны сваім роздумам над усталяваньнем міжнародных часавых зонаў і сынхранізацыяй часу паміж аб’ектамі, якія рухаюцца адносна адзін аднаго. У 1904 годзе навуковец выступіў у працэсах супраць Альфрэда Дрэйфюса, аспрэчваючы недакладныя навуковыя сьцьвярджэньні, якія выкарыстоўваліся ў якасьці доказаў супраць Дрэйфюса. Пуанкарэ быў прэзыдэнтам Францускага астранамічнага таварыства з 1901 па 1903 гады.
Сьмерць
рэдагавацьУ 1912 годзе Пуанкарэ перанёс апэрацыю праз праблемы з падкарэньніцай і неўзабаве памёр ад эмбаліі 17 ліпеня 1912 году ў Парыжы. На той момант яму было 58 гадоў. Навуковец быў пахаваны ў сямейнай пахавальні Пуанкарэ на могілках Манпарнас у Парыжы побач з брамай, якая стаіць ля вуліцы Эміль-Рышар. Былы міністар адукацыі Францыі Клёд Алегр прапанаваў у 2004 годзе перапахаваць Пуанкарэ ў Пантэоне ў Парыжы, які прызначаны для ганаровых грамадзянаў Францыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ Jules Henry Poincare // база зьвестак Léonore (фр.) — ministère de la Culture.
- ^ а б Jules Henri Poincaré // KNAW Past Members (анг.)
- ^ POINCARÉ Jules Henri // Comité des travaux historiques et scientifiques — 1834.
- ^ а б в www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ Jules Henri Poincaré // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ https://www.landrucimetieres.fr/spip/spip.php?article964
- ^ а б Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ Француская акадэмія — 1635.
- ^ а б NNDB (анг.) — 2002.
- ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ Ginoux, J. M.; Gerini, C. (2013). «Henri Poincaré: A Biography Through the Daily Papers». World Scientific. — С. vii-viii, xiii. — doi:10.1142/8956. ISBN 978-981-4556-61-3.
- ^ Folina, Janet (1992). «Poincaré and the Philosophy of Mathematics». London: Palgrave Macmillan UK. — С. xii. — doi:10.1007/978-1-349-22119-6. ISBN 978-1-349-22121-9.
- ^ Belliver, André (1956). «Henri Poincaré ou la vocation souveraine». Paris: Gallimard.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Працы Пуанкарэ на праекце Гутэнбэрг.
- Працы Пуанкарэ і пра яго на Internet Archive.
- Працы Пуанкарэ на LibriVox.