Шарль Эрміт
Шарль Эрміт (па-француску: Charles Hermite; 24 сьнежня 1822 — 14 студзеня 1901) — францускі матэматык, які займаўся дасьледаваньнямі тэорыі лікаў, квадратовых формаў, тэорыі інварыянтаў, артаганальных паліномаў, эліптычных функцыяў і альгебры. У ягоны гонар названыя паліномы Эрміта, інтэрпаляцыя Эрміта, нармальная форма Эрміта, апэратары Эрміта і кубічныя сплайны Эрміта. Адным зь ягоных вучняў быў Анры Пуанкарэ. Ён быў першым, хто даказаў, што лік e, аснова натуральных лягарытмаў, ёсьць трансцэндэнтным лікам.
Біяграфія
рэдагавацьЭрміт нарадзіўся 24 сьнежня 1822 году ў грамадзе Д’ёз дэпартамэнту Мазэль[13]. Зь дзяцінства меў дэфармаваную правую нагу, што моцна паўплывала на ягоныя рухальныя здольнасьці цягам усяго жыцьця. Ён быў шостым зь сямі дзяцей Фэрдынанда Эрміта і ягонай жонкі Мадлен, у дзявоцтве Лялеман. Фэрдынанд працаваў у тэкстыльным справе сям’і Мадлен, паралельна займаючыся мастацкай дзейнасьцю. У 1828 годзе тэкстыльнае прадпрыемства пераехала ў Нансі, таму сям’я таксама зьехала ў гэты горад[14].
Эрміт атрымаў сярэднюю адукацыю ў каледжы Нансі, а затым у Парыжы ў каледжы Гэнрыха IV і ліцэі Людовіка Вялікага[13]. Там будучы матэматык прачытаў некаторыя працы Жазэфа-Люі Лягранжа ў справе разьвязаньня лікавых раўнаньняў і публікацыі Карла Фрыдрыха Гаўса па тэорыі лікаў.
Эрміт меў намер працягнуць навучаньне ў Політэхнічнай школе, вядомай сваімі дасягненьнямі ў матэматыцы, навуцы і інжынэрыі. Пад кіраўніцтвам матэматыка Эжэна Шарля Каталяна Эрміт прысьвяціў год падрыхтоўцы да складанага ўступнага іспыту[14]. У 1842 годзе ён быў залічаны ў школу[13]. Аднак праз год школа не дазволіла Эрміту працягваць навучаньне праз дэфармацыю нагі. Ён спрабаваў вярнуцца да навучаньня, але адміністрацыя ўстановы выставіла жорсткія ўмовы. Эрміт іх не прыняў і пакінуў Політэхнічную школу без дыплёма[14].
У 1842 годзе ў часопісе «Новыя аналы матэматыкі» была апублікаваная першая арыгінальная праца Эрміта ў матэматыцы, якая засяродзілася на простым доказе тэарэмы Нільса Абэля пра немажлівасьць альгебраічнага разьвязаньня раўнаньняў пятай ступені[13]. Ліставаньне з Карлам Якобі, якая пачалася ў 1843 годзе і цягнулася ўвесь наступны год, прывяла да таго, што ў поўнае выданьне працаў Якобі былі ўлучаныя два артыкулы Эрміта. Адзін зь іх тычыўся пашырэньня на абэлевыя функцыі адной з тэарэмаў Абэля пра эліптычныя функцыі, а другі — трансфармацыі эліптычных функцыяў[13]. Пасьля пяці гадоў самастойнай працы над атрыманьнем ступені, падчас якіх ён пасябраваў з выдатнымі матэматыкамі Жазэфам Бэртранам, Карлам Якобі і Жазэфам Ліўвілем, Эрміт паспяхова здаў іспыты на ступень бакаляўра, якая была прысуджаная яму ў 1847 годзе. У 1848 годзе ён ажаніўся зь сястрой Жазэфа Бэртрана, Люізай[14].
У 1848 годзе Эрміт вярнуўся ў Політэхнічную школу як рэпэтытар і экзамэнатар па прыёме ў навучальную ўстанову. У ліпені 1848 году яго абралі сябрам Францускай акадэміі навук. У 1856 годзе ён захварэў на натуральную воспу. Дзякуючы ўплыву Агюстэна-Люі Кашы і сястры, якая яго даглядала, зноў зьвярнуўся да каталіцтва. З 1862 па 1873 год навуковец працаваў лектарам у Вышэйшай нармальнай школе. У 1869 годзе ён замяніў Жана-Мары Дзюамэля на пасадзе прафэсара матэматыкі, як у Політэхнічнай школе, дзе заставаўся да 1876 году, гэтак і ў Парыскім унівэрсытэце, дзе працаваў да сваёй сьмерці. На свой 70-ы дзень нараджэньня атрымаў Ордэн Ганаровага легіёну. Сканаў у Парыжы 14 студзеня 1901 году.
Унёсак у матэматыку
рэдагавацьЯк настаўнік, які натхняе, Эрміт імкнуўся разьвіваць захапленьне простай прыгажосьцю і адхіляць занадта суворую дакладнасьць. Ягонае ліставаньне з Томасам Стыльджэсам сьведчыць пра вялікую дапамогу, якую ён чыніў тым, хто толькі пачынаў навуковую кар’еру. Ягоныя апублікаваныя курсы лекцыяў зрабілі важны ўнёсак і мелі ўплыў. Важнымі былі працы навукоўца ў фундамэнтальную матэматыку, апублікаваныя ў вядучых матэматычных часопісах сьвету. Яны галоўным чынам датычыліся абэліевых і эліптычных функцыяў, а таксама тэорыі лікаў.
У 1858 годзе Эрміт выявіў, што раўнаньні пятай ступені могуць быць разьвязаныя з дапамогай эліптычных функцыяў. У 1873 годзе ён даказаў, што лік e, аснова натуральнай сыстэмы лягарытмаў, ёсьць трансцэндэнтным лікам. Тэхнікі, падобныя да тых, якія выкарыстоўваў Эрміт дзеля даказу трансцэндэнтнасьці e, былі выкарыстаны Фэрдынандым фон Ліндэманам у 1882 годзе, каб паказаць, што π таксама ёсьць трансцэндэнтным лікам.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Эрмит, Шарль (рас.) // Малая советская энциклопедия / под ред. Н. Л. Мещеряков — 2 — Советская энциклопедия, 1936.
- ^ а б MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ Charles Hermite // база зьвестак Léonore (фр.) — ministère de la Culture.
- ^ а б Ch. Hermite // KNAW Past Members (анг.)
- ^ а б Эрмит Шарль // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б в www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ Charles Hermite // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б в г д е ё MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ а б Annuaire prosopographique : la France savante / пад рэд. B. Delmas, R. Mathis — 2009.
- ^ https://www.academie-stanislas.org/wp-content/uploads/2023/02/hermite-1.pdf
- ^ Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
- ^ а б в г д Linehan, Paul Henry (1910). «Charles Hermite». In Herbermann, Charles (ed.). Catholic Encyclopedia. Vol. 7. New York: Robert Appleton Company.
- ^ а б в г O’Connor, John J.; Robertson, Edmund F. (2001). «Charles Hermite». MacTutor History of Mathematics Archive, University of St Andrews.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Эрміт на Mathematics Genealogy Project.
- Працы Эрміта на праекце Гутэнбэрг.
- Працы Эрміта і пра яго на Internet Archive.