Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі
Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў студзені 1973 году ў якасьці Інстытуту фотабіялёгіі.
Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі | |
2019 год | |
Абрэвіятура | ІБВІ |
---|---|
Папярэднік | Лябараторыя біяфізыкі і ізатопаў АН БССР |
Дата ўтварэньня | 4 студзеня 1973 (51 год таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка вузных лекаў |
Штаб-кватэра | Першамайскі раён, Акадэмічная вул., д. 27[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Каардынаты | 53°54′57″ пн. ш. 27°36′12″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.60333° у. д.Каардынаты: 53°54′57″ пн. ш. 27°36′12″ у. д. / 53.91583° пн. ш. 27.60333° у. д. |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Кіраўнік | Андрэй Ганчароў |
Намесьніца па навуковай працы | Людміла Лук’яненка |
Намесьніца па інавацыйнай працы | Алена Князева |
Навуковая сакратарка | Аляксандра Скарабагатава[2] |
Асноўныя асобы | Ігар Валатоўскі, Кацярына Слабажаніна, Людміла Кабашнікава[3] |
Матчына кампанія | ДНВА «Хімічны сынтэз і біятэхналёгіі» |
Сайт | ibp.org.by |
Колішняя назва | Інстытут фотабіялёгіі (да 15 чэрвеня 2004 году) |
На 2022 году ўваходзіў у склад Аддзяленьня біялягічных навук НАНБ і падпарадкоўваўся дзяржаўнаму навукова-вытворчаму аб’яднаньню «Хімічны сынтэз і біятэхналёгіі»[4].
Будова
рэдагавацьНа 2022 год Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі ўлучаў:
- 2 сэктары — 1) суправаджэньня праграмаў, 2) навукова-вытворчы[5];
- 2 аддзелы — 1) біятэхналёгіі фотатрофных арганізмаў з 2-ма лябараторыямі: дастасоўнай біяфізыкі і біяхіміі, біяфізыкі і біяхіміі расьліннай вузы[6], 2) мэдычнай нанабіяфізыкі з 2-ма лябараторыямі: нанабіятэхналёгіяў, мэдычнай біяфізыкі[7];
- аддзяленьне вузнай тэрапіі[8];
- 3 самастойныя лябараторыі — 1) вірусалёгіі і біятэхналёгіяў, 2) імуналёгіі і вузнай біяфізыкі, 3) малекулярнай біялёгіі вузы[9];
- 2 Рады — 1) Навуковую, 2) абароны дысэртацыяў;
- філію катэдры біяфізыкі фізычнага факультэту БДУ[10].
Вырабы і паслугі
рэдагавацьНа 2022 год Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі ажыцьцяўляў:
- імунатэрапію раку вузавымі лекамі[11];
- вузавую тэрапію аўтаімунных хваробаў, хваробаў суставаў і хранічных ранаў[12];
- імуналягічную дыягностыку ў выглядзе імунаграмы і ацэнкі адмысловага імунітэту, дыягностыкі лекавай алергіі і вызначэньня зьместу цыркулявальных пухлінных вузаў[13];
- хірургічныя ўнутрысустаўныя ўвядзеньні сінавіяльнай вадкасьці і выдаленьне новаўтварэньняў скуры скальпэлем[14];
- ўльтрагукавую дыягностыку;
- лекаваньне зубоў[15];
- аналіз біяматэрыялаў і вады, лекаў і ежы на атрутныя і эсэнцыйныя рэчывы[16].
У Інстытуце выраблялі:
- 6 відаў вузных лекаў — дэндрытныя і мэзэнхімальныя ствалавыя, у тым ліку пуляваныя, ды фібраблясты скуры і тканкавыя адпаведнікі скуры, а таксама эпітэльныя ствалавыя зь лімба рагавіцы[17];
- завісі водарасьцяў у якасьці кармавога дадатку[18];
- сродкі для расьлінаводзтва, у тым ліку імунамадэлявальнікі «Імунакт», ахоўныя стымулятары для насеньня і плёнкаўтваральнікі для ўкараненьня чаранкоў[19];
- вузны матэрыял сіне-зялёных водарасьцяў і багавіньня, найвышэйшых расьлінаў і жывёлаў, а таксама чалавека[20].
Падрыхтоўка дасьледнікаў
рэдагавацьНа 2022 год Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі набіраў у асьпірантуру на 4 спэцыяльнасьці: 1) біяфізыка, 2) біяхімія, 3) фізыялёгія і біяхімія расьлінаў, 4) вузная біялёгія, цыталёгія і гісталёгія. Адукацыйная праграма асьпірантуры забясьпечвала атрыманьня навуковай кваліфікацыі дасьледнік у 3-х формах: вочнай (дзённай) — за 3 гады, завочнай — за 4 гады і сушукальніцтва — за 5 гадоў. На пачатак 2020 году налічвался 12 асьпірантаў, зь 9 вочнікаў і 3 сушукальнікі[21]. У Інстытуце дзейнічала Рада абароны дысэртацыяў па спэцыяльнасьці біяфізыка[22].
Мінуўшчына
рэдагаваць29 сьнежня 1972 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 369, паводле якой 4 студзеня 1973 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Загад аб стварэньні Інстытуту фотабіялёгіі на аснове лябараторыі біяфізыкі і ізатопаў, закладзенай у 1957 годзе. Першым кіраўніком Інстытуту стаў прафэсар Аляксандар Шлык, які быў сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. 18 сьнежня 1975 году старшыня Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі СССР падпісаў Загад № 298, паводле якога ў 1976 годзе ў Інстытуце фотабіялёгіі стварылі Раду абароны дысэртацыяў паводле спэцыяльнасьці біяфізыка[23]. У 1992 годзе Аддзяленьне біялягічных навук Акадэміі навук Беларусі ўвяла ў Інстытуце штокрасавік Годнеўскія чытаньні, на якіх сталі заслухоўваць па 2 даклады вядучых навукоўцаў сьвету ў галіне фотабіялёгіі і фотасынтэзу[24]. У 1992 годзе навукоўцы Інстытуту атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі за раскрыцьцё прыроды люмінісцэнцыі бялкоў і стварэньне люмінісцэнтных спосабаў аналізу[25]. У 1995 годзе зацьвердзілі Раду абароны доктарскіх дысэртацыяў[23].
На 1998 год у Інстытуце фотабіялёгіі дзейнічала 6 лябараторыяў: 1) біяфізыкі і біяхіміі фотасынтэтычнага апарату, 2) фізыялёгіі фотасынтэтычнага апарату, 3) фотарэгуляцыі вузных працэсаў, 4) біяфізыкі і фотабіялёгіі мэмбранаў, 5) фізыка-хіміі біялягічных мэмбранаў, 6) фатонікі бялкоў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: малекулярна-мэмбранная біяфізыка і біяхімія фотабіялягічных і рэгулятарных працэсаў у жывёлаў і расьлінаў; будова, функцыяваньне і паходжаньне фотасынтэтычнага апарату4; фізыялёгія і генэтыка фотасынтэзу; фотарэцэптарныя працэсы ў жывёлах і расьлінах; зьмяненьні будовы і напружаныя мэтаўстойлівыя станы бялкоў і біялягічных мэмбранаў у рэакцыях экспрэс-рэгуляцыі, прыстасаваньня і вузнага імунітэту; малекулярныя паталёгія біялягічных мэмбранаў; вольнарадыкальныя працэсы ў мэмбранах і фотапашкоджаньні вузаў. У выніку дасьледаваньняў атрымалі зьвесткі пра: будову і функцыяваньне фотасынтэзу хлярафілу; утварэньне фотасынтэтычнага апарату на розных узроўнях арганізацыі і малекулярна-мэмбранных мэханізмаў фотарэгуляцыі ў расьлінах; значэньне зьменлівасьці будовы біялягічных мэмбранаў пры пераўтварэньні энэргіі і рэгуляцыі іённага пераносу ў вузах. Распрацавалі экспрэс-спосабы фотадыягностыкі хваробаў. У Інстытуце фотабіялёгіі працавалі акадэмік Сяргей Конеў і 8 дактароў навук[25].
15 чэрвеня 2004 году Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) ўхваліў Пастанову № 42, якой перайменаваў Інстытут фотабіялёгіі ў Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі (ІБВІ). У 2004 годзе НАНБ і Аддзел фундамэнтальных і інжынэрных навук ААНАНК заключылі кантракт № 4500015650, паводле якога пры ІБВІ стварылі Беларускі сатэлітны цэнтар Інстытуту мікрааналізу ААНАНК. 16 сакавіка 2007 году Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Беларусі ухваліў Загад № 28 аб прызначэньні ІБВІ ўдзельнікам 7-й рамачнай праграмы Эўразьвязу паводле кірунку «Здароўе». 25 лістапада 2014 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 432 аб стварэньні Рэспубліканскага навукова-мэдычнага цэнтру вузных тэхналёгіяў пры ІБВІ. 21 кастрычніка 2015 году Бюро Прэзыдыюму НАНБ зацьвердзіла Пастанову № 453 аб стварэньні Рэспубліканскага цэнтру альгалёгіі пры ІБВІ[23].
За 2012—2022 гады Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі выканаў 8 міжнародных дамоваў паводле Рамачных праграмаў Эўразьвязу і такіх навуковых таварыстваў, як Міжнароднае таварыства нэўрахіміі і Навуковая фундацыя Такеда (Японія), Таварыства Карпіё-Ляндаў і Швайцарскі нацыянальны навуковы фонд (Бэрн), Унівэрсытэт Усходняй Фінляндыі (Ёэнсуў) і Сусьветны саюз навукоўцаў у падтрымку дасьледаваньняў. Супольнікамі ІБВІ ў міжнародных навуковых дасьледаваньнях былі ўстановы з 20 краінаў, у тым ліку з ЗША і 7 краінаў Азіі — Азэрбайджану і Віетнаму, Ірану і Карэі, Турэччыны і Ўзбэкістану ды Японіі, а таксама 12 краінаў Эўропы — усіх суседніх Латвіі і Летувы, Польшы і Расеі ды Ўкраіны, а таксама Вялікабрытаніі і Італіі, Малдовы і Нарвэгіі, Нямеччыны і Францыі, а таксама Швэцыі[26].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Аляксандар Шлык (1973—1984)
- Ігар Валатоўскі (1984—2010)
- Людміла Дубоўская (2010—2018)
- Андрэй Ганчароў (зь 2018 году)[27]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Адміністрацыя // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Акадэмікі і сябры-карэспандэнты // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аддзяленьне біялягічных навук // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Сэктары // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аддзел біятэхналёгіі фотатрофных арганізмаў // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аддзел мэдычнай нанабіяфізыкі // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аб Аддзяленьні вузнай тэрапіі // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Лабараторыі // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Структура // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Вузная імунатэрапія анказахворваньняў // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Вузная тэрапія // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Імуналягічная дыягностыка // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Амбуляторная хірургія // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Платныя мэдычныя паслугі // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Аналіз эсэнцыйных і таксічных рэчываў // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Біямэдычныя вузны прадукты // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Мікраводарасьці // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Прэпараты для сельскай гаспадаркі // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Біятэхналягічная калекцыя культураў вузаў чалавека, жывёл, вышэйшых расьлін, багавіньня і цыянабактэрый // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Асьпірантура // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Савет па абароне // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ а б в Гістарычная даведка // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Годнеўскія чытаньні // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ а б Людміла Кабашнікава. Інстытут фотабіялёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 274. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ Міжнароднае супрацоўніцтва // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
- ^ Дырэктары // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронны зварот грамадзянаў // Інстытут біяфізыкі і вузнай інжынэрыі, 2022 г. Праверана 11 кастрычніка 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |