Іван Хаванскі

(Перанакіравана з «Іван Андрэевіч Хаванскі»)

Іван Андрэевіч Хаванскі (па-расейску: Иван Андреевич Хованский), мянушка Тараруй (пачатак XVII стагодзьдзя — 27 верасьня 1682) — расейскі ваявода, баярын.

Іван Андрэевіч Хаванскі

Біяграфія

рэдагаваць

У 1636 року згаданы сярод царскіх стольнікаў пры Міхаіле Фёдаравічы. У 1650—1651 быў ваяводам тульскім, пасьля да 1654 року — вяземскім, у 1656 — магілёўскім. Браў удзел у войнах з Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. У 1657 разьбіў войскі Магнуса дэ ля Гардзі пад Гдовам. 19 сьнежня 1659 заняў Горадню, 25 сьнежня — Заблудаў, 28 сьнежня пад Крынкамі разьбіў полк Яна Агінскага і скіраваўся на Бранск. 8 і 9 студзеня 1660 захапіў Белую. 13 студзеня адзін зь ягоных аддзелаў здабыў і спаліў Берасьце, адкуль пасьля выступіў у бок Любліна і Венграва. 25 студзеня пад Пружанай разьбіў групоўку палкоўніка Міхала Абуховіча. 1 лютага ягоныя аддзелы занялі Міжрэчча. Гэта выклікала актывізацыю дзеяньняў Стэфана Чарнецкага, які сьцягнуў войскі зь зімовых кватэраў у Вялікапольшчы. Хаванскі адышоў на ўсход, дзе беспасьпяхова абклаў крэпасьць у Ляхавічах, а пасьля быў разьбіты Чарнецкім пад Палонкай. На пачатку 1661 року Хаванскі яшчэ перамог войска палкоўніка Лісоўскага пад Друяй, але ўвосені быў разгромлены ў бітве пад Кушлікамі.

Пазьней быў ваяводам пскоўскім, смаленскім і ноўгарадзкім. Увайшоў у гісторыю як суворы і дэспатычны кіраўнік, які не лічыўся зь мясцовымі звычаямі. У 16781680 змагаўся супраць туркаў і крымскіх татараў.

Ягоны вялізны ўплыў непакоіў царскі двор, таму на пачатку верасьня 1682 року Хаванскі быў абвешчаны бунтаўніком і 17 (27) верасьня завочна прыгавораны да сьмерці. Таго самага дня быў затрыманы і абезгалоўлены разам з сынам Андрэем. Пасьля паведамленьня пра ягоную сьмерць выбухнула паўстаньне стральцоў, у часе якога паўстанцы занялі нават Крэмль, аднак, пазбаўленыя моцнага кіраўніцтва, хутка здаліся сілам двару.

Трагічны лёс Хаванскіх склаў сюжэт опэры Мадэста Мусарскага «Хаваншчына».

Літаратура

рэдагаваць
  • Волков В. «Русская рать: богатыри, витязи и воеводы», Москва, «Алгоритм», 2005 г. ISBN 5-699-10367-8, ст. 367, 368, 369, 370, 371
  • Konrad Bobiatyński. «Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą 1654—1655», Zabrze 2004
  • Krzysztof Kossarzecki. «Kampania roku 1660 na Litwie», Zabrze 2005