52-і пошукавы батальён
Каардынаты: 54°57′53″ пн. ш. 28°48′59″ у. д. / 54.96472° пн. ш. 28.81639° у. д.
52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён (52 аспб) — вайсковая частка Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, створаная ў сакавіку 1995 году.
52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён | |
Гады існаваньня | з 1 сакавіка 1995 году |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Уваходзіць у | Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь |
Тып | пошукавая вайсковая частка |
Функцыя | палявыя пошукі загінулых на вайне |
Колькасьць | 200 чалавек (2018 г.) |
Дысьлякацыя | вёска Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць) |
Дзейны камандзір | Аляксандар Трубека |
Вайсковая частка 28443 месьціцца ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[1]. Задачамі 52-га батальёну ёсьць: 1) пошук загінулых і зьніклых бязь вестак у гады войнаў вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў; 2) узаеміны са службовымі асобамі мясцовых органаў улады і вайсковых камісарыятаў у раёнах правядзеньня пошуку; 3) усталяваньне зносінаў са службовымі асобамі архіваў і музэяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадзянамі дзеля выяўленьня месцаў няўлічаных вайсковых пахаваньняў; 4) вызначэньне імёнаў загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў[2].
Мінуўшчына
рэдагаваць30 лістапада 1994 г. прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка падпісаў Указ № 231 «Аб паляпшэньні працы па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у Рэспубліцы Беларусь», паводле 2-га пункту якога даручыў: «Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін ... за кошт колькасьці войскаў сфармаваць спэцыялізаванае вайсковае фармаваньне (батальён да 200 чалавек) для правядзеньня пошукавай працы, зьвязанай з увекавечаньнем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, і арганізаваць яго дзейнасьць»[3]. 16 студзеня 1995 г. начальнік Галоўнага штаба Ўзброеных сілаў Рэспублікі Беларусь падпісаў Дырэктыву № 5/03, паводле якой 1 сакавіка 1995 г. стварылі 52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён. Першы пошукавы пэрыяд правялі з 23 сакавіка па 30 кастрычніка 1995 году. Да 2002 году 3 спэцыялізаваныя пошукавыя роты 52-га батальёну месьціліся ў Горадні, Віцебску і Менску. У 2002 г. склад скарацілі да 2 ротаў. У 2003 г. 52-і батальён разьмясьцілі ў вёсцы Заслонава (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[4]. У 2004 годзе ў склад 52-га батальёну дадалі 2 рэкагнасцавальныя пошукавыя групы.
5 траўня 2004 г. міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў падпісаў Пастанову Мінабароны № 21 «Аб зацьвярджэньні Інструкцыі аб парадку аказаньня платных паслугаў вайсковымі часткамі па пошуку няўлічаных пахаваньняў замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Паводле 17-га пункту Інструкцыі, прыбытак ад аказаньня платных паслугаў выкарыстоўваецца: «40% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы вайсковай часткі; 30% — на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў; 30% — на матэрыяльнае заахвочваньне і сацыяльную падтрымку вайскоўцаў і цывільнага пэрсаналу вайсковай часткі і кіраўніцтва ўвекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў Узброеных сілаў»[5]. 4 красавіка 2005 г. міністар абароны Л.Мальцаў падпісаў Загад Мінабароны № 12 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб асобнай спэцыяльнай пошукавай вайсковай частцы», прызначэньнем якой паводле 3-га пункту ёсьць «пошук няўлічаных вайсковых пахаваньняў з мэтай увекавечаньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў». Паводле 6-га пункту Палажэньня, «Пошукавая вайсковая частка складаецца з: кіраўніцтва; спэцыялізаваных пошукавых ротаў (спэцыялізаваныя пошукавыя ўзводы, узводу забесьпячэньня); рэкагнасцавальных пошукавых групаў»[6]. У жніўні 2005 г. 52-і пошукавы батальён знайшоў каля вёскі Селішча (Вялейскі раён, Менская вобласьць) парэшткі 224 францускіх жаўнераў Напалеона (Вайна 1812 году). У лістападзе 2006 году рэшткі аднаго зь іх пахавалі каля помніка Бакура на Брылёўскім полі (Барысаўскі раён, Менская вобласьць). У лістападзе 2007 г. парэшткі астатніх 223 францускіх жаўнераў перапахавалі на могілках вёскі Сьцюдзёнка (Барысаўскі раён)[7].
Улетку 2007 году 52-і пошукавы батальён правёў паўторныя раскопкі даваенных пахаваньняў у Шчакатоўскім лесе (Гомельскі раён)[8]. У 1930-я гады атрады Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР расстрэльвалі там асуджаных, ва ўрочышчы Тры Слупы і Баркі (Рэпрэсіі ў БССР)[9]. У 2010 годзе 52-і пошукавы батальён раскапаў і перадаў мясцовым органам улады для перапахаваньня парэшткі 1302 загінулых, устанавіў імёны 133 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў, знайшоў 464 выбухованебясьпечныя прадметы, 329 патронаў, 6 адзінак стралковай зброі, 4 узнагароды, 47 мэдальёнаў і 763 рэліквіі, абазначыў межы пахаваньняў 213 загінулых у Нямецка-савецкай вайне. Таксама 52-і батальён рэкагнасцаваў 53 будучых месцы пошуку і правёў палявы пошук на 71 няўлічаным вайсковым пахаваньні. Агулам пошук правялі ў 112 мясьцінах ва ўсіх абласьцях Беларусі і ў 2 мясьцінах у Падляскім ваяводзтве Польшчы. На Падляшшы знайшлі парэшткі 15 чырвонаармейцаў, загінулых у чэрвені 1941 году (Беластоцкая вобласьць, Беларуская ССР). За 15 гадоў 52-і батальён правёў пошук у 1887 мясьцінах у 109 са 118 раёнаў Беларусі, знайшоў і перадаў для перапахаваньня парэшткі 16 770 загінулых вайскоўцаў і цывільных ахвяраў войнаў. За гэты ж час вызначылі імёны 1878 загінулых падчас войнаў, знайшлі 266 мэдальёнаў і 39 узнагародаў, абясшкодзілі 3696 выбухованебясьпечных прадметаў[10]. Пры пошуку выкарыстоўвалі мэталадэтэктары, спадарожнікавыя навігатары і лічбавыя фотакамэры[11].
На 2012 год, за 17 гадоў, 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён у супрацы зь мясцовымі ўладамі правёў пошук у 1907 мясьцінах на землях 110 са 118 раёнаў Беларусі. Адмыслоўцы батальёну знайшлі і перадалі для перапахаваньня рэшткі 19 682 загінулых вайскоўцаў, абазначылі межы пахаваньняў 312 973 загінулых, пацьверджаныя архіўнымі зьвесткамі. У выніку палявых пошукаў удалося вярнуць імёны 2262 загінулых падчас войнаў і абясшкодзіць 4175 выбухованебясьпечных прадметаў. У выніку архіўна-дасьледчай працы ўстанавілі 79 893 імені загінулых вайскоўцаў. На 2012 год на дзяржаўным уліку стаяла 7233 вайсковыя пахаваньні, што склала ўдвая больш за паказьнік 2003 году[12]. У 2014 г. 52-і пошукавы батальён правёў пошук у 127 мясьцінах у 40 са 118 раёнаў усіх вобласьцяў Беларусі, раскапаў і перадаў уладам для перапахаваньня парэшткі 3041 загінулага, вызначыў імёны 53 зь іх. Таксама 52-і батальён выявіў 8 адзінак стралковай зброі 4859 патронаў, 542 выбухованебясьпечныя прадметы і 2 узнагароды. За 20 гадоў 52-і пошукавы батальён абазначыў межы пахаваньняў 313 025 асобаў, выявіў парэшткі звыш 69 000 чалавек, правялі пошукі ў амаль 2000 мясьцінах, абясшкодзілі звыш 5000 выбухованебясьпечных прадметаў, выявілі 186 адзінак стралковай зброі, звыш 25 000 патронаў, 560 мэдальёнаў, 58 узнагародаў і звыш 13 500 рэліквіяў[2].
У 2015 г. 52-пошукавы батальён правёў палявыя працы ў 119 мясьцінах часоў абедзьвюх сусьветных войнаў і вайны 1812 году, перадаў у мясцовы органы ўлады для перапахаваньня парэшткі звыш 2000 чалавек[13]. У кастрычніку 2015 году 52-і пошукавы батальён правёў раскопкі ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле (Мазалаўскі сельсавет, Віцебскі раён), дзе знайшоў некалькі пластоў парэшткаў мужчынаў і жанчынаў, расстраляных у 1930-я гады[14]. У большасьці раскапаных парэшткаў каля 200 чалавек былі адтуліны ад куляў у патылічнай і цемянной частках чарапоў. Іх перапахавалі ў брацкай магіле на станцыі «Лужасна»[15].
Пры канцы 2017 году 52-і асобны пошукавы батальён разьмясьцілі ў вёсцы Бароўка (Лепельскі раён, Віцебская вобласьць)[16].
Камандзіры
рэдагаваць- Аляксандар Трубека, падпалкоўнік (са жніўня 2012 году)[4]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ 52-і асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён (рас.) // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 15 сакавіка 2018 г.
- ^ а б 52 асобнаму спэцыялізаванаму пошукаваму батальёну – 20 гадоў // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 25 лютага 2015 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 1994 г. № 231 «Аб паляпшэньні працы па ўвекавечаньні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў у Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Юрыдычная бібліятэка «Навіны Беларусі», 1 кастрычніка 2008 г. Праверана 15 сакавіка 2018 г.
- ^ а б Н. Міхайлава. На Дзятлаўшчыне вяліся палявыя пошукавыя работы // Перамога : газэта. — Дзятлава: жнівень 2013. — № 62.
- ^ Разьдзел 8-ы. Пастановы Нацбанка, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіраваньня (с. 38) (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 26 траўня 2004 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Леанід Мальцаў. Загад Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2005 г. № 12 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб асобнай спэцыяльнай пошукавай вайсковай частцы» (рас.) // Прававы партал Валерыя Леванеўскага, 28 сакавіка 2007 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ На Барысаўшчыне пройдзе жалобная цырымонія па жаўнерах Напалеона // Эўрарадыё, 23 лістапада 2008 г. Архіўная копія ад 23 лістапада 2008 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Тацяна Ўласенка. Гомельскія Курапаты // Новы час : газэта. — 21 студзеня 2011. — № 3 (226). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
- ^ Фотафакт: кадры з дакумэнтальнага фільма «Лес сьмерці», які расказвае пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў // БелаПАН, 4 студзеня 2008 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Вячаслаў Будкевіч. У 2010 годзе ваеннаслужачыя 52-га пошукавага батальёна знайшлі астанкі больш чым 1.300 загінулых падчас войнаў на тэрыторыі Беларусі // БелаПАН, 30 лістапада 2010 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Канстанцін Антановіч. Батальён і мэдальёны // Культура : газэта. — 18 чэрвеня 2011. — № 25 (996). — С. 15. — ISSN 2218-2244.
- ^ Алена Дзядзюля. Невядомым салдатам вяртаюцца імёны // Зьвязда : газэта. — 22 чэрвеня 2012. — № 119 (27234). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Пошукавы батальён узброеных сіл пачынае новы сэзон // Белтэлерадыёкампанія, 1 сакавіка 2016 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ 15 фактаў пра «віцебскія Курапаты», адкрытыя 3 гады таму // Радыё «Свабода», 13 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 13 лістапада 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Ігар Мацьвееў. Грэка-каталіцкі сьвятар адслужыў паніхіду па невядомых ахвярах, расстраляных пад Віцебскам // Газэта «Царква», 29 красавіка 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
- ^ Васіль Матырка. Прысяга на вернасьць «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь» // Газэта «Лепельскі край», 28 сьнежня 2017 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- 52-і спэцыялізаваны пошукавы батальён адзначыць 19 гадоў з дня фармаваньня // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 28 лютага 2014 г. Праверана 20 сакавіка 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |