322-і паліцэйскі батальён

322-і паліцэ́йскі батальён (па-нямецку: Polizei-Bataillon 322) — узброенае падразьдзяленьне нацысцкай паліцыі парадку (ням. Ordnungspolizei) у часе Другой сусьветнай вайны. Батальён браў актыўны ўдзел у Галакосьце.

Стварэньне

рэдагаваць

Батальёны з нумарамі 301—325 былі сфармаваныя на загад райхсфюрэра СС і шэфа нямецкай паліцыі Гайнрыха Гімлера ад 11 кастрычніка 1939 року. У іх былі прызваныя жыхары акупаваных Вэрмахтам тэрыторыяў 1909—1912 рокаў нараджэньня, якія атрымалі званьні «вахмістар батальёну» (ням. Wachtmeisterbataillone). Навабранцам было паабяцанае вызваленьне ад праходжаньня вайсковай службы і магчымасьць хуткага прасоўваньня[1].

322-і батальён быў сфармаваны ў Вене 15 красавіка 1941 року з вучэбнага батальёну «Вена-Кагран»[2]. 6—10 чэрвеня пераведзены ў Варшаву, з 3 ліпеня — у Востраве-Мазавецкім.

Дзейнасьць

рэдагаваць

Беласток

рэдагаваць

Батальён зь першых дзён браў удзел у баявых дзеяньнях супраць Савецкага Саюзу. Уночы з 5 на 6 ліпеня ён увайшоў у Беласток, пакінуты 309-м паліцэйскім батальёнам некалькімі днямі пазьней. Першапачаткова на 322-і батальён была ўскладзеная ахова 185-га транзытнага лягеру (ням. Durchgangslager) за 4 км ад места. 11—14 ліпеня паліцыянты забілі ў лягеры 73 ваеннапалонных і жыдоў. Акрамя таго, ужо 8 ліпеня батальён пачаў сыстэматычныя аблавы ў жыдоўскім квартале Беластоку, падчас якіх былі забітыя 22 чалавекі. Яшчэ 16 былі арыштаваныя, але пазьней таксама замардаваныя. Акрамя гэтага, батальён адказваў за ахову дарог у акрузе.

11 ліпеня 1941 быў выдадзены загад пра зьнішчэньне ўсіх габрэяў мужчынскага полу ва ўзросьце ад 17 да 45 рокаў. Наступным днём разам з 316-м паліцэйскім батальёнам была зладжаная акцыя па акружэньні, вывазе і ліквідацыі, у часе якой на ўскрайку Беластоку былі забітыя каля 3000 жыдоў[3].

17—19 ліпеня, прачэсваючы тэрыторыю між Беластокам і Бярозай-Картускай, паліцыянты захапілі ў палон жаўнераў разьбітых частак Чырвонай Арміі[4].

Белавеская пушча

рэдагаваць

23 ліпеня батальён перадысьлякаваны ў Белавежу і падпарадкаваны непасрэдна вышэйшаму начальніку СС і паліцыі групэнфюрэру фон Баху. 24 ліпеня перад батальёнам была пастаўленая задача ў кароткі тэрмін вызваліць для Германа Герынга паляўнічыя ўгодзьдзі, што падразумявала пад сабой эвакуацыю (высяленьне) населеных пунктаў у Белавескай пушчы. Эвакуацыя зьдзяйсьняецца абозам зь нявыселеных вёсак і аўтатранспартнымі сродкамі батальёну, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі хворых, дзяцей і старых людзей.

Акцыя па эвакуацыі населеных пунктаў распачатая 25 ліпеня. У гэты дзень 921 насельнік вёсак Буды, Цераміскі і Пагарэльцы (за 4—9 км ад Белавежы) былі эвакуяваныя ў вёскі Захарцы (?) і Смаляны (за 8—11 км на ўсход ад Пружаны).

26 ліпеня эвакуяваныя 200 сем’яў (1240 чалавек) зь вёсак Новае і Старое Масева, Ланожына (Ланьчына?), Чолы (?) і Замошша (~13 км на поўнач ад Белавежы). Яны перавезеныя ў вёскі Грушанавічы, Ласкі, Навасады і Савоні (~45 км на поўнач ад Белавежы).

28 ліпеня эвакуяваныя 160 сем’яў (945 чалавек) з населеных пунктаў Броўск, Плесы, Ціхаволя, Тушамлянка, Немяржанка, Язьвіны (за 20 км на поўнач ад Белавежы). Яны былі перавезеныя ў раён вёскі Грыневічы (за 55 км на поўнач ад Белавежы).

29 ліпеня эвакуяваныя 100 сем’яў (577 чалавек) з населеных пунктаў Тушамля, Вароні Бор, Доўгі Барок (за 15—20 км на паўночны ўсход ад Белавежы). Яны перавезеныя за 7—12 км на поўнач ад Поразава.

30 ліпеня эвакуяваныя 320 сем’яў (1133 чалавекі) з населеных пунктаў Альхоўка, Заброды, Міклашова (за 18 км на поўнач ад Белавежы). Перавезеныя ў раён вёскі Заблудаў (за 50 км на паўночны захад ад Белавежы).

31 ліпеня эвакуяваныя 1619 чалавек з 12 населеных пунктаў вакол вёскі Нараўка Малая (за 15—20 км на паўночны ўсход ад Белавежы). Яны расьселеныя ў раёне вёскі Заблудаў.

На працягу гэтага пэрыяду былі эвакуяваныя 6446 жыхароў; 34 пакінутыя вёскі пасьля сканчэньня эвакуацыі былі спаленыя. Забітыя ад 163 да 166 чалавек (камуністы, жыды, страйкоўцы)[5].

2 жніўня батальён атрымаў загад неадкладна выступіць двума ротамі ў раён Баранавічаў. 3-я рота атрымала загад працягваць эвакуацыю, а перад сыходам правесьці ліквідацыю жыдоў. 5 жніўня былі эвакуяваныя 57 сем’яў (169 чалавек) ліквідаваных раней жыхароў Белавежы.

Падчас акцыі 5—6 жніўня ў Белавежы былі забітыя 54 чалавекі, у Сухопалі, Мураве, Пружанах, Каралёвым Мосьце, Салавусе (?), Більле (?), Плянце, Камянюках і Дворышчы схопленыя і перададзеныя ў лягер для ваеннапалонных у Белавежы 41 чалавек.

8 жніўня былі забітыя яшчэ 18 чалавек з ваколіц Белавежы. 9 жніўня ўсе ацалелыя жыды былі арыштаваныя, пасьля 77 чалавек зь іх забітыя, астатнія (каля 10 чалавек) дэпартаваныя ў Кобрынь. 11 жніўня забіты яшчэ адзін жыд і два селяніна[6].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Torsten Schäfer. Jedenfalls habe ich auch mitgeschossen // Das NSG-Verfahren gegen Johann Josef Kuhr und andere ehemalige Angehörige des Polizeibataillons 306, der Polizeireiterabteilung 2 und der SD-Dienststelle von Pinsk beim Landgericht Frankfurt am Main 1962—1973. — Hamburg: LIT-Verlag Dr. Hopf, 2007. — С. 59f. — (Dissertationsreihe des Evangelischen Studienwerks e. V. Villigst, Band 11).
  2. ^ Stefan Klemp. Nicht ermittelt // Polizeibataillone und die Nachkriegsjustiz. Ein Handbuch. — 2. — Essen: Klartext Verlag, 2011. — С. 301ff. — ISBN 978-3-8375-0663-1
  3. ^ Wolfgang Curilla. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weißrussland. — С. 532.
  4. ^ Wolfgang Curilla. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weißrussland. — С. 550.
  5. ^ Wolfgang Curilla. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weißrussland. — С. 550f.
  6. ^ Wolfgang Curilla. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weißrussland. — С. 552.

Літаратура

рэдагаваць
  • Curilla, Wolfgang. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weissrussland, 1941—1944. — München; Wien; Zürich: Ferdinand Schöningh, 2006. — 1041 с. — ISBN 9783506717870

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць