Язэп Руцкі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Руцкі.
Язэп Руцкі[a] (сьвецкае імя: Іван Велямін-Руцкі[b]; 1573 або 1574[4], маёнтак Рута каля Наваградку — 5 лютага 1637, Дэрмань, цяпер Ровенская вобласьць Украіны, спачыў у Вільні) — царкоўны і грамадзкі дзяяч, пісьменьнік і багаслоў. Стваральнік Ордэна базылянаў сьвятога Язафата, яго першы протаархімандрыт (1617—1621), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (з 1613).
Язэп Руцкі. Невядомы мастак, XIX ст. | |
Герб Букраба (Шэліга) | |
III мітрапаліт кіеўскі, галіцкі й усяе Русі | |
---|---|
1613 — 1637 | |
Папярэднік | Іпаці Пацей |
Наступнік | Рафал Корсак |
Асабістыя зьвесткі | |
Імя пры нараджэньні | Ян |
Нарадзіўся | не раней за 1 красавіка 1574 і не пазьней за 1 красавіка 1575[1] або 1574 |
Памёр | 5 лютага 1637 |
Пахаваны | |
Род | Руцкія |
Бацькі | Фэлікс Руцкі Багуміла з Корсакаў |
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, грэка-каталіцкі сьвятар |
Язэп Руцкі — аўтар ідэі стварэньня з Кіеўскай мітраполіі асобнага патрыярхату, які б аб’ядноўваў усіх вернікаў грэцкага абраду (уніятаў і праваслаўных) і быў бы адначасна ў сулучнасьці як з Рымам, так і з Канстантынопалем.
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьЗ шляхецкага роду Велямінаў-Руцкіх гербу Букраба (Шэліга)[5], сын Фэлікса (Шчаснага) (? — 1590) і Багумілы з Корсакаў. Прозьвішча Руцкі паходзіць ад назвы маёнтку Руты. Доўгі час лічылася, што карані роду Велямінаў выводзяцца з тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы, адкуль прадстаўнікі роду трапілі ў ВКЛ у час Інфлянцкай вайны. Пазьней час зьяўленьня Велямінаў на беларускіх землях быў «адсунуты» на першую палову XVI ст. Новаадшуканыя беларускім архівістам Германам Брэгерам дакумэнты, а таксама аналіз пячатак дазволілі гісторыку Дзянісу Лісейчыкаву скласьці генэалёгію роду і зрабіць выснову, што Веляміны (альбо Велямінавічы) пражывалі на Наваградчыне ўжо ў канцы XV стагодзьдьзя[5]. Бацькі будучага ўніяцкага мітрапаліта вызнавалі ўжо кальвінскую веру і свайго сына Івана (Яна) ахрысьцілі, верагодна, паводле абраду менавіта гэтай плыні пратэстантызму.
У 1580-я гады навучаўся ў наваградзкіх анабаптыстаў Ліцынія, Майсея, Цімоха, потым — у Віленскай кальвінскай школе. Пазьней навучаўся ў Празе ў Карлавым унівэрсытэце (ад 1590). Там, у 1592 годзе, пад уплывам езуітаў перайшоў у каталіцтва, за што маці пазбавіла яго спадчыны. Стаў навучацца на сьвятара і свае філязофскія студыі праходзіў у 1593—1596 гадох у Вюрцбурскім унівэрсытэце. Каля 1600 году дзеля працягу сваіх багаслоўскіх студыяў паступіў у Грэцкі калегіюм ў Рыме і на асабістую просьбу папы Клімэнта VIII, верагодна, на падставе таго, што яго продкі раней вызнавалі праваслаўе, прыняў там усходні абрад дзеля служэньня справе Уніі.
У 1603 годзе прызначаны рэктарам Віленскае ўніяцкае сэмінарыі[6]. У 1605 годзе падрыхтаваў навукова-пэдагагічны трактат «Дыскурс», у якім абгрунтаваў патрэбу сур’ёзных рэформаў у галіне адукацыі й выхаваньня Ўніяцкай Царквы. Прапанаваў пераймаць досьвед замежных адукацыйных установаў і імкнуцца стварыць магчымасьці для атрыманьня добрай адукацыі ў межах Вялікага Княства Літоўскага, удасканальваючы свае адукацыйныя ўстановы. У 1606 годзе выехаў у Маскву да гаспадара Дзьмітрыя, прапаноўваў яму накіроўваць юнакоў у ВКЛ для навучаньня. Тады ж разам з кармэлітам Паўлам няўдала спрабаваў зьдзейсьніць місіянэрскае падарожжа ў Пэрсію, па чым вярнуўся ў ВКЛ.
Царкоўная дзейнасьць
рэдагавацьУ Вільні зблізіўся з манахам уніяцкага манастыра Сьвятой Тройцы Язафатам Кунцэвічам. Верагодна, пад яго ўплывам 6 верасьня 1607 году надумаў пайсьці ў манастыр і стаць манахам, каб прысьвяціць сябе справе абнаўленьня ўсходняга манаства і пашырэньню уніі. 1 студзеня 1608 году прыняў манаскі пострыг пад імем Язэп. У тым самым годзе быў высьвячаны на дыякана, потым на прасьвітара. Выдаў «Тэзісы», скіраваныя супраць пратэстанцтва.
У ліпені 1608 году Кіеўскі мітрапаліт Іпаці Пацей намінаваў Язэпа Руцкага сваім намесьнікам у Віленскім манастыры Сьвятой Тройцы, што выклікала канфлікт зь ераманахамі — Самуэлем Сянчылам і Баўтрамеем Рашкоўскім. У 1609 годзе прызначаны архімандрытам Віленскага Траецкага манастыра, мусіў абараняць яго ад нападаў праваслаўных. За місіянэрскую дзейнасьць Я. Руцкага віленскі месьціч Максім Шэмбель учыніў на яго замах.
Схіліў да ўніяцтва Рыгора Трызну й Яна Мялешку. Зь іх дапамогаю разам зь Язафатам Кунцэвічам стварыў уніяцкія манастыры ў Быцені, Жыровічах, Наваградку. 16 лістапада 1611 году архімандрыт Язэп Руцкі абраны на каад’ютара Кіеўскага ўніяцкага мітрапаліта. 16 чэрвеня 1613 году як каад’ютар Кіеўскага мітрапаліта атрымаў прывілей і быў высьвячаны на біскупа Галіцкага. Далучыў да уніі Менскі Ўзьнясенскі манастыр.
Па сьмерці Іпація Пацея ў 1613 годзе стаў 3-м уніяцкім мітрапалітам Кіеўскім. 8 жніўня 1613 году атрымаў годнасьць архібіскупа-мітрапаліта Кіеўскага. 5 красавіка 1614 году атрымаў булу ад папы Рымскага Паўла V, паводле якой быў зацьверджаны Кіеўскім уніяцкім мітрапалітам.
Яго галоўнай заслугай зьяўляецца рэфармаваньне ўсходняга манаства і заснаваньне ў 1617 годзе Ордэну базылянаў. Да гэтага часу Зьяднаная (унійная) Царква мела ўжо сваю супольнасьць манахаў у пяці манастырах, якія падтрымлівалі місійныя намаганьні мітрапаліта Язэпа Руцкага і архімандрыта Язафата Кунцэвіча. Гэта былі манастыры ў Вільні, Быцені, Жыровічах, Наваградку і Менску, дзе пражывала каля ста манахаў. Уласна яны былі пакліканыя для ажыцьцяўленьня пляну мітрапаліта Язэпа Руцкага па адраджэньні заняпалай Усходняй Царквы і для працы над падвышэньнем асьветы сярод вернікаў грэцкага абраду. У Вільні, Наваградку і ў Менску былі адкрытыя школы для моладзі, у Жыровічах адноўлена паломніцкае месца, а ў манастыры ў Быцені пад духоўным кіраўніцтвам айцоў езуітаў створаны навіцыят і распачалася фармацыя тых, хто абраў для сябе шлях манаства і служэньня еднасьці. Дзякуючы намаганьням мітрапаліта Язэпа Руцкага Зьяднаная Царква перад яго сьмерцю мела на 1636 год 160 манахаў у 36 манастырах (пераважна на землях сучаснай Беларусі). Пры ім Уніяцкая Царква па-сапраўднаму ўмацавалася і пачала разьвівацца.
Памёр у манастыры ў Дэрмані на Валыні. Спачыў у Вільні, дзе яго магіла стала аб’ектам глыбокай пашаны. У 1655 годзе, па захопе Вільні маскоўскімі войскамі, труну зь яго парэшткамі захопнікі вывезьлі ў невядомым кірунку. У 1937 годзе Грэка-Каталіцкая Царква распачала падрыхтоўку да працэсу бэатыфікацыі мітрапаліта Язэпа Руцкага.
Творы
рэдагавацьАктыўна браў удзел у літаратурнай палеміцы зь Мялеціем Сматрыцкім, у адказ на палемічныя трактаты якога выдаў «Двайную вайну» і «Экзамэн абароны» (абодва 1621). Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах[6].
Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну, бараніў ідэі хрысьціянскай еднасьці.
Галерэя
рэдагаваць-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Невядомы мастак, 1890 г.
Папярэднік — |
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Язафата 1617—1626 |
Наступнік Рафал Корсак |
Папярэднік Іпаці Пацей |
мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі 1613—1637 |
Наступнік Рафал Корсак |
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ https://www.academia.edu/8725023/%D0%9C%D1%96%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%82_%D0%86%D0%BE%D1%81%D1%96%D1%84_%D0%92%D0%B5%D0%BB%D1%8C%D1%8F%D0%BC%D1%96%D0%BD-%D0%A0%D1%83%D1%86%D0%BA%D1%96_%D1%96_%D1%8F%D0%B3%D0%BE_%D1%82%D0%B0%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D1%82_%D0%90%D1%81%D0%BE%D0%B1%D0%B0_%D1%96_%D1%87%D0%B0%D1%81_%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B1%D1%96%D1%8F%D0%B3%D1%80%D0%B0%D1%84%D1%96%D1%87%D0%BD%D1%8B_%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D1%85._%D0%92%D1%8B%D0%BF._2._%D0%9C%D0%BD._%D0%9B%D1%96%D0%BC%D0%B0%D1%80%D1%8B%D1%83%D1%81_2010._%D0%A1._33_49
- ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Bulhakaŭ V. Geopolityczne miejsce Białorusi w Europie i świecie. 2006. ISBN 978-83-60694-02-2. — S. 11.
- ^ Кароткі У. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 522.
- ^ а б Лісейчыкаў Д. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі і яго тастамент // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 2. — Менск: Лімарыус, 2010. С. 33—49.
- ^ а б Кароткі У. Руцкі (Велямін-Руцкі) Іосіф // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 С. 523.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Лісейчыкаў Д. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі і яго тастамент // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 2. — Менск: Лімарыус, 2010. С. 33—49.
- Саверчанка І. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. — Менск: «Навука і тэхніка», 1994. ISBN 5-343-1330-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8