Юры Бандажэўскі
Ю́ры Іва́навіч Бандажэ́ўскі (нар. 1957, п. Радунь Воранаўскага раёну[1], цяпер Беларусь) — беларускі лекар і навуковец. Доктар мэдычных навук (1987), прафэсар (1989), правадзейны чалец Нью-Ёрскай акадэміі навук. Заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту (1 лістапада 1990 — 18 чэрвеня 2001).
Юры Бандажэўскі | |
Дата нараджэньня | 9 студзеня 1957 (67 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | лекар, прафэсар унівэрсытэту, імуноляг, патоляг |
Навуковая сфэра | мэдыцына |
Месца працы | |
Вядомы як | дасьледнік уздзеяньня малых доз апрамяненьня на чалавека |
Навуковая ступень | доктар мэдычных навук[d] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьСкончыў Гарадзенскі дзяржаўны мэдінстытут. У 31 год стаў самым маладым у СССР доктарам мэдыцыны (1987 год), а ў 33 — прафэсарам. Вядомы дасьледаваньнямі на тэму ўплыву на здароўе чалавека малых доз радыяцыі. Аўтар больш 240 навуковых працаў.
У 1994 г. на запрашэньне Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (Вена, Аўстрыя) азнаёміўся ў Парыжы (Францыя) з замерамі ўсплёску цэзу радыёлягічнымі станцыямі з пачатку 1960-х гадоў у Эўропе. Бэльгійскія радыёлягі паказалі яму кампутарную мапу замераў, дзе ўсплёск цэзу ў 1965—1966 гадах за Масквой (на паўночны ўсход) адлюстроўваўся мацней, чым пры Чарнобыльскай катастрофе 1986 году[2].
У траўні 1999 г. паказаў у парлямэнце Беларусі мапу забруджваньня краіны цэзам-137 у 1960-я гады з маскоўскай кнігі 1974 году «Глябальныя выпадзеньні цэзу-137 і чалавек»[3]. У той манаграфіі дасьледнікі зь Інстытуту біяфізыкі Міністэрства аховы здароўя СССР[4] згадалі забруджваньне малака звыш 1 нанакюры/літар у Лунінецкім, Пінскім і Столінскім раёнах Берасьцейскай вобласьці і Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларускай ССР у сувязі зь ядравымі выбухамі 1961—1962 гадоў[5].
На пачатку ліпеня 1999 г. прачытаў даклад пра шкоднасьць малых дозаў радыяцыі на канфэрэнцыі ў Варшаве (Польшча)[6]. Адразу па вяртаньні ў Беларусь 13 ліпеня быў арыштаваны. 18 чэрвеня 2001 Вайсковая калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь прызнала яго вінаватым у атрыманьні хабару ад студэнтаў й асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці[7]. «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня, лічачы, што Бандажэўскага пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС[8]. У 2001 годзе Бандажэўскі стаў 25-м уладальнікам Пашпарту волі, які дае права выбіраць у якасьці месца жыхарства любую краіну эўрапейскага кантыненту. Пасьля вызваленьня па амністыі 5 жніўня 2005 году жыве ў Францыі.
Асабістае жыцьцё
рэдагавацьУ 1978 годзе ажаніўся з Галінай Бандажэўскай, лекарам-пэдыятарам. Мае дзьвюх дачок.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Сёньня онлайн‑канфэрэнцыя з прафэсарам Бандажэўскім // Газэта «Наша ніва», 23 красавіка 2007 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
- ^ Уладзімер Пернікаў. Юры Бандажэўскі: «Мы жывём у радыяцыйным акружэньні задоўга да Чарнобыля» // Зьвязда : газэта. — 9 лютага 1999. — № 16 (23617). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Абламейка. Бандажэўскі: 50 гадоў радыяцыйнай экспансіі ў Беларусі // Радыё «Свабода», 26 красавіка 2012 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
- ^ Тацяна Равяка. Да ісьціны шлях складаны // Дзеяслоў : часопіс. — Лістапад-сьнежань 2005. — № 6 (19). — С. 226-240.
- ^ Аляксандар Марэй, Рудольф Бархудараў, Натальля Новікава. Глябальныя выпадзеньні цэзу-137 і чалавек = Глобальные выпадения цензия-137 и человек / рэд. Е.В. Авалава. — Масква: Атамвыдавецтва(ru), 1974. — С. 94, 102. — 168 с. — 1655 ас.
- ^ Тацяна Жалезка, «Наша газэта». Чарнобыль вачыма прафэсара Бандажэўскага // Беларуская Салідарнасьць, 2 сьнежня 2010 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
- ^ Падумайце, што будзе заўтра // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 7 кастрычніка 2005 г. Праверана 14 чэрвеня 2015 г.
- ^ Call for the release of medical academic Professor Bandazhevsky, Belarus (анг.)