Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі
Міжнаро́днае аге́нцтва а́тамнай энэ́ргіі (МАҐАТЭ) (па-ангельску: International Atomic Energy Agency) — арганізацыя, якая займаецца разьвіцьцём міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстоўваньня атамнай энэргіі. Штаб-кватэра агенцтва знаходзіцца ў Вене (Аўстрыя), дадаткова існуе два рэгіянальныя бюро ў Таронта (Канада) і ў Токіё (Японія), а таксама лябараторыі ў Сэбэрсдорфе і Вене (Аўстрыя), Манака і Трыесьце (Італія).
Гісторыя
рэдагавацьМАҐАТЭ была заснавана як асобная арганізацыя 29 ліпеня 1957 году згодна з рашэньнем ААН ад 3 сьнежня 1955 году, а яе першым кіраўніком стаў Стэрлінг Коўл (ЗША). Статут МАҐАТЭ быў зацьверджаны на канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку 23 кастрычніка 1956 году. Ад 1997 да 2009 году генэральным дырэктарам агенцтва быў Махамад аль-Барадэі (Эгіпет), які ў 2005 годзе атрымаў для МАҐАТЭ Нобэлеўскую прэмію міру.
Арганізацыйная структура
рэдагавацьМАҐАТЭ уваходзіць у склад ААН, але не знаходзіцца пад яе непасрэдным кантролем, яе даклады прадстаўляюцца на разгляд Генэральнай Асамблеі ААН, а таксама Радзе Бясьпекі. Будова і функцыі МАҐАТЭ апісаны ў статуце агенцтва. Агенцтва складаецца з трох частак: Сакратарыят, Рада Кіраўнікоў, Генэральная Канфэрэнцыя.
Сфэра дзейнасьці
рэдагавацьМАҐАТЭ арганізоўвае міжнародныя навуковыя форумы для абмеркаваньня пытаньняў разьвіцьця ядзернай энэргетыкі, накіроўвае ў розныя краіны сваіх спэцыялістаў для дапамогі ў дасьледчай працы, аказвае пасьрэдніцкія паслугі пры перадачы ядзернага абсталяваньня і матэрыялаў, назірае за тым, каб дапамога, якая прадстаўляецца агенцтвам не выкарыстоўвалася ў вайсковых мэтах. Значная ўвага ў дзейнасьці МАҐАТЭ ўдзяляецца пытаньням забесьпячэньня бясьпекі ядзернай энэргетыкі.
Не распаўсюджваньне ядзернай зброі
рэдагавацьВажнай мэтай дзейнасьці МАҐАТЭ зьяўляецца прадухіленьне распаўсюджваньня ядзернай зброі. Згодна з «Дамовай пра нераспаўсюджаньне ядзернай зброі», МАҐАТЭ кантралюе выкананьне абавязкаў яе ўдзельнікаў. Кантроль МАҐАТЭ мае мэту не дапусьціць у краінах, якія не валодаюць ядзернай зброяй, выкарыстоўваць ядзерную энэргетыку для стварэньне ядзернай зброі. Удзельнікі дамовы, якія не валодаюць ядзернай зброяй, павінны заключыць з агенцтвам пагадненьне, якое дазволіць кантроль МАҐАТЭ у адносінах да ўсіх відаў іх атамнай дзейнасьці.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт агенцтва (анг.)