Шляхам жыцьця (зборнік)
«Шляхам жыцьця» — трэці зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца». Першы тыраж зборніку склаў 3 тысячы асобнікаў.[1] Купала прысьвяціў зборнік доктару Аляксандру Ярэмічу, які выдаў кнігу Купалы за свае ўласныя сродкі.[2]
«Шляхам жыцьця» | |
па-беларуску: Шляхам жыцьця | |
Вокладка зборніку «Шляхам жыцьця» (Санкт-Пецярбург, 1913) | |
Жанр: | верш, паэма |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Публікацыя: | 1913 |
Выдавецтва: | Загляне сонца і ў наша аконца |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
Апісаньне
рэдагавацьУ зборнік увайшлі больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 1910—1913 гадох, шэраг перакладаў і некаторыя вершы з папярэдніх зборнікаў Купалы «Жалейка» і «Гусьляр». Зборнік складаецца зь сямі асобных разьдзелаў:
І. «Бацькаўшчына» (вершы «Песьня мая», «З кутка жаданьняў», «Маладая Беларусь», «Песьня сонцу», «Выйдзі...» і інш.)
ІІ. «Па межах родных...» (напоўнены філязафічнымі настроямі і пэйзажнымі малюнкамі («Над Сьвіслачай», «Сельскія могілкі», «Дуб», «Вярба» ды інш.), міталягічнымі вобразамі («Ваўкалак», «У вечным боры...», «Чорны бог» і інш.))
ІІІ. «Для Яе» (вобраз жанчыны ў вершах разьдзелу экзальтаваны («Абнімі...», «З зорак усходніх, заходніх, з бліскучай»), апраменены надзвычайнай замілаванасьцю («Ты прыйдзі...»), фальклёрызаваны («Русалка», «Ястраб»))
ІV. «Наша вёска» (цыклы вершаў «Аб мужыцкай долі», «Зь песень безьзямельнага» і інш.)
V. «Сваім і чужым» (пераважна публіцыстычны разьдзел, вершы «Гэй, капайце, далакопы...», «Ворагам Беларушчыны», «Зь мінуўшых дзён» і інш.)
VI. «Байкі і аповесьці» (пераважна эпічны разьдзел, паэмы «Курган», «На куцьцю», драматычная паэма «На папасе», верш «На Дзяды», урывак з індыйскае кнігі «Магабгарата» «Паляўнічы і пара галубкоў» і інш.)
VII. «Пераклады з польскай» (пераклады твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, Ул. Сыракомлі і інш.).[1]
Адметнасьць і значэньне зборніку
рэдагавацьЗборнік лічыцца этапным у творчасьці Купалы і ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодздзьдзя. Творы зборніку падсумоўвалі здабыткі Купалы на ніве нацыянальнае паэзіі, сьцьвярджалі ў ёй прынцыпы народнасьці і высокага мастацтва і праз тое праграмавалі шляхі разьвіцьця нацыянальнае паэзіі і ўвогуле ўсяе беларускае літаратуры. Зборнік стаў паэтычным гімнам Маладой Беларусі і перадавых сілаў нацыянальнага грамадзка-палітычнага руху пачатку ХХ стагодздзьдзя. Філязофскай заглыбленасьцю, шырока распрацаванымі матывамі больш інтымнага пляну зборнік знаходзіцца каля вытокаў беларускае нацыянальнае філязофскае і любоўнае лірыкі. Зборнік стаў узорным, клясычным па багацьці сваіх мастацкіх формаў, культуры верша, замацаваньні ў нацыянальнае паэзіі як асацыятыўна-рамантычнага стылю, так і клясычна-анталягічнага, народна-песеннага.[1]
У зборніку выявіўся якасны новы ўзьлёт Купалы-лірыка. У параўнаньні са зборнікам «Жалейка» тэма сялянскага жыцьця зь пераважнай і стрыжнявой — пры тым жа яе вычарпальным вырашэньні — стала ўпоравень зь іншымі, нагэтулькі ж значнымі тэмамі. Узвышаўся гэты зборнік і над зборнікам «Гусьляр», зь яго крыху гіпэртрафіраванай фальклёрнай стылізацыяй, абстрактнымі рамантычнымі пошукамі маральных ідэалаў, т.зв. «сусьветнаю тугой». Для зборніку «Шляхам жыцьця» ўласьцівыя маштабнасьць лірычных і эпічных вобразаў, паказ жыцьця як гістарычнага руху народу з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню, зь вітаньнем яе, прысьпешваньнем і набліжэньнем.[1]
Асноўным лірычным героям кнігі — паперадзе сумарнага і індывідуалізаванага вобраза мужыка — становіцца рамантычны вобраз песьняра-змагара, прарока сьветлай будучыні народу. Выдатнае мастацкае адкрыцьцё Купалы — гістарызм «Шляхам жыцьця». З усьведамленьня славы і няславы, гераічнае велічы і трагедыйнасьці гістарычнага мінулага лірычны герой зборніку вырастаў у фігуру незвычайнага маштабу, якая ўмяшчала ў сабе вялікую сілу аўтарскіх перажываньняў, выказаных па-мастацку раскавана, з бліскучай паэтычнай віртуознасьцю.[1]
Крытычныя водгукі
рэдагавацьПершым і найбольш вядомым водгукам на трэці зборнік Купалы стаў артыкул Антона Луцкевіча ў «Нашай Ніве». Крытык акцэнтуе ўвагу на ўсеабдымнасьці паказу народнага жыцьця ў кнізе Я. Купалы, на добрую тэхніку пісьма, калі «у пекных, зычных, шчыра і з размахам напісаных вершах адбіваецца жыцьцё нашага народу»[3]. А.Луцкевіч заўважае:
Кніжка цешыць душу кожнага шчырага беларуса. Гэта ўжо сур’ёзны здабытак беларускай літаратуры. <...> Мы можам сьмела казаць, што пясьняр Маладой Беларусі займець пачэснае месца ў гісторыі беларускага адраджэньня. <...> У вершах Купалы ўсё часьцей і часьцей – поруч з сумнымі настраеньнямі — зьвініць нотка бойкая, жывая; відаць, што сіла кіпіць і рвецца да дзела. Чуваць радасьць жыцьця — радасьць, каторая абыймае душу здаровага сільнага чалавека. Даючы сумныя абразы гора і нядолі народнай, кніжка Купалы родзіць веру, што будзе лепей, што папраўдзе блізка ўжо часіна адраджэньня забытых і забітых беларусаў. <...> «Шляхам жыцьця» ідзе Купала, але ў кніжцы яго відаць, што той шлях цягнецца далёка—далёка ў будучыну, і пясьняр прарочым словам прымушае верыць, што, ідучы сваей дарогай, мы дойдзем урэшце да лепшай долі.[4] | ||
Выданьні
рэдагаваць- Першае, 1913, Санкт-Пецярбург, выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».
- Другое, 1923, Вільня, Беларускі аддзел «Віленскага выдавецтва Б.Клецкіна».
- Трэцяе, 1935, Вільня, выдавецтва Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры.
- Факсымільнае, 2012, Менск, выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкулы «Шляхам жыцьця». — С. 666—668.
- ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Ярэміч». — С. 701.
- ^ Анатоль Сідарэвіч. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы : Часопіс. — 2003. — № 7. — С. 163-226. — ISSN 1506-6576.
- ^ Антон Луцкевіч. Янка Купала «Шляхам жыцьця». / Газэта «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 году.
Літаратура
рэдагаваць- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Тры артыкулы «Шляхам жыцьця» / Аўтар — А.Лойка. — С. 666—668.
- Луцкевіч, Антон. Янка Купала «Шляхам жыцьця» / Газэта «Наша Ніва». — 26 красавіка 1913 году.