Ліры́чны геро́й — умоўны тэрмін, якім абазначаюць вобраз, што ўзьнікае ў сьвядомасьці чытача ў выніку знаёмства зь лірычнай творчасьцю таго ці іншага паэта. Лірык выяўляе ў вершах свае думкі і пачуцьці, настрой і перажываньні, свае адносіны да зьяваў і падзеяў навакольнай рэчаіснасьці. Але формы гэтага выяўленьня могуць быць розныя, падчас нечаканыя. Таму вобраз лірычнага героя нельга просталінейна атаясамліваць з асобай паэта, перажываньні лірычнага героя — з пачуцьцямі і думкамі аўтара. Разам з тым нельга лічыць, што паміж асобай паэта і яго лірычным героем значная розьніца. Суадносіны паміж імі — гэта, кажучы некалькі спрошчана, суадносіны прататыпа і мастацкага вобраза-пэрсанажа, які ствараецца, як і вобраз лірычнага героя, з дапамогай адбору жыцьцёвага матэрыялу, мастацкага вымыслу, тыпізацыі. Лірычны герой раскрывае тыповыя перажываньні ў тыповых абставінах. Менавіта таму ў лірычнай творчасьці асабліва вялікае значэньне набываюць грамадзянская пазыцыя, палітычны кругагляд, адукацыйны і культурны ўзровень, маральны воблік пісьменьніка.

Літаратура

рэдагаваць