Дынастыя Цын

колішняя дзяржава ва Ўсходняй Азіі

Дына́стыя Цын ці Імпэ́рыя Цын (па-маньчжурску: , кіт. спр. 清朝, піньінь: Qīng Cháo) — шматнацыянальная імпэрыя, якая была створаная маньчжурамі й імі кіравалася. Згодна з традыцыйнай кітайскай гістарыяграфіяй — апошняя дынастыя манархічнага Кітаю. Была заснаваная ў 1616 годзе маньчжурсім клянам Айсін Гёро на тэрыторыі Маньчжурыі, на сёньня яна завецца паўночна-ўсходнім Кітаем. Менш чым праз 30 гадоў пад ейнай уладаю апынуўся ўвесь Кітай і частка Сярэдняй Азіі.

Вялікая Цынская імпэрыя
кіт. спр. 清朝, піньінь: Qīng Cháo

1644—1912
 

 

Сьцяг Вялікай Цынскай імпэрыі
Сьцяг
Месцазнаходжаньне Вялікай Цынскай імпэрыі

Цынская імпэрыя ў 1890 годзе (з накладаньнем сучасных межаў)

Афіцыйная мова маньчжурская, кітайская, мангольская, тыбэцкая, уйгурская і г.д. (як неафіцыйныя)

Першапачаткова дынастыя звалася як «Цьзінь» (金 — золата), але пазьней назва была зьмененая на «Цын» (清 — «чысты») у 1636 годзе. У першай палове XVIII стагодзьдзя ў цынскага ўраду атрымалася наладзіць дастаткова эфэктыўнае кіраваньне краінай, адным з вынікаў гэтага было тое, што Кітай зьяўляўся краінай з найвышэйшым паказчыкам павелічэньня колькасьці насельніцтва. Цынскі двор праводзіў палітыку самаізаляцыі, што, нарэшце, прывяло да таго, што ў XIX стагодзьдзі Кітай быў сілком адчынены заходнім дзяржавам і пераўтварыўся ў паўкаляніяльную краіну.

У наступным супрацоўніцтва з заходнімі дзяржавамі дапамагло дынастыі пазьбегнуць паразы ў часы паўстаньня тайпінаў, праводзіць адносна пасьпяховую мадэрнізацыю краіны й такім чынам праіснаваць да пачатку XX стагодзьдзя, аднак гэта таксама сталася чыньнікам росту нацыяналістычных (антыманьчжурскіх) настрояў.

У выніку Сіньхайскай рэвалюцыі 1911 году імпэрыя Цын была ліквідаваная, а краіны, якія ў яе ўваходзілі, атрымалі мажлівасьць на самавызначэньне. Кітай стаў рэспублікай, а ўдава імпэратара 12 лютага 1912 году адмовілася ад стальца ад імя свайго малалетняга сына Пу І. Нягледзячы на ўзьнікненьне на тэрыторыі колішняй Цын дэ-факта незалежных дзяржаўных утварэньняў у Манголіі й Тыбэце, Кітайская Рэспубліка прэтэндавала на ўсю тэрыторыю былой імпэрыі Цын.

Гісторыя

рэдагаваць

Узьнікненьне дзяржавы

рэдагаваць

У пачатку XVII стагодзьдзя правадыр аселых у Маньчжурыі чжурчжэняў Нурхацы здолеў ня толькі аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам некалькі дзясяткаў разрозьненых плямёнаў, але й закласьці асновы палітычнай арганізацыі. Прэтэндуючы на ​​сваяцтва з чжурчжэньскай дынастыяй Цьзінь, Нурхацы абвесьціў свой клан «Залатым родам». Роду Нурхацы належала валоданьне Маньчжоў, якое знаходзілася за паўночнай мяжой Кітаю.

У 1585—1589 гадах Нурхацы, падпарадкаваўшы плямёны мінскага вэя Цьзяньчжоў, сваіх непасрэдных суседзяў, аб’яднаў іх з насельніцтвам Маньчжоў. Затым ён прыступіў да суседніх плямёнаў. За два дзесяцігодзьдзі маньчжуры зьдзейсьнілі каля 20 вайсковых экспэдыцыяў супраць суседзяў. Для ўмацаваньня свайго становішча Нурхацы распачаў паездку ў Пэкін, дзе быў прадстаўлены на аўдыенцыі імпэратару Ваньлі.

У 1589 годзе Нурхацы абвесьціў сябе ванам, то бок вялікім князем, а ў 1596 годзе — ванам дзяржавы Цьзяньчжоў. Ягоныя хаўрусьнікі — усходнемангольскія князі — паднесьлі яму ў 1606 годзе тытул Кундулэн-хана. У 1616 годзе Нурхацы абвесьціў аднаўленьне чжурчжэнскай дзяржавы Цьзінь, а сябе абвесьціў ейным ханам. Сталіцай гэтай дзяржавы стаў горад Сінцьзін. Дзякуючы дыпляматычнай і ваеннай актыўнасьці Нурхацы, да 1619 году ў межах новай дзяржавы было аб’яднана большасьць чжурчжэнскіх плямёнаў.

У 1621 годзе маньчжуры ўварваліся ў Ляадун і разьбілі кітайскія войскі. Нурхацы аблажыў і ўзяў штурмам горад Шэньян, які атрымаў маньчжурскую назву «Мукдэн», і горад Ляаян. Увесь гэты рэгіён апынуўся пад кіраўніцтвам хана Нурхацы. Вырашыўшы трывала замацавацца на захопленай тэрыторыі, ён ня стаў зганяць заваяванае насельніцтва ў Маньчжоў, пакінуўшы яго й сваё войска ў Ляадуне, а сталіцу зь Сінцьзіну перанёс у 1625 годзе ў Мукдэн.

Пасьля сьмерці Нурхацы ў 1626 годзе ўлад успадкаваў ягоны сын Абахай, вядомы таксама як Хунтайджы альбо Хуантайцьзі. Працягваючы справу бацькі, Абахай падпарадкаваў яшчэ незалежных чжурчжэнскіх правадыроў. З 1629 году да пачатаку 40-х гадоў XVII стагодзьдзя Абахай зьдзейсьніў каля дзесяці выправаў на суседнія плямёны. Пры гэтым ён працягваў будаваць дзяржаву: у 1629 годзе была ўведзеная кітайская экзамэнацыйная сыстэма для будучых чыноўнікаў і ваеначальнікаў, арганізаваны Сакратарыят, які вёў дзяржаўнае справаводзтва, а ў 1631 годзе — сыстэму «шасьці ведамстваў», аналягічнай існай у той час у Кітаі. На шэраг пасадаў былі прызначаныя кітайскія чыноўнікі-перабежчыкі.

Паход на Кітай у 1627 годзе пад кіраўніцтвам самога Абахая ня даў адчувальных вынікаў. Паколькі Карэя, як васал Кітаю, усяляк падтрымлівала дынастыю Мін, маньчжуры ўварваліся ў гэтую краіну й пачалі зьдзяйсьняць масавыя забойствы й рабаваньні. Карэйскі ван быў вымушаны саступіць сіле, скласьці дамову на мір з Маньчжоў, выплаціць ім даніну й наладзіць гандаль зь пераможцамі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць