Чаротаўка вяртлявая

Вяртля́вая чаро́таўка, вяртлявая чараця́нка[1] (па-лацінску: Acrocephalus paludicola) — дробная пявучая пералётная птушка сямейства чароткавых (па-лацінску: Acrocephalidae), від роду чаротавак (па-лацінску: Acrocephalus).

Вяртлявая чаротаўка
Вяртлявая чаротаўка (Acrocephalus paludicola)
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаПтушкі
АтрадВераб’інападобныя
ПадатрадПявучыя птушкі
СямействаЧароткавыя
РодЧаротаўкі
ВідВяртлявая чаротаўка
Бінамінальная намэнклятура
Acrocephalus paludicola

Распаўсюджаньне

рэдагаваць

Арэал вяртлявай чаротаўкі даволі шырокі, нягледзячы на яе агульную нешматлікасьць. Яе гнезьдзішчы сустракаюцца па ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе: у Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, Італіі, Нямеччыне, Вугоршчыне, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Летуве, Украіне, Даніі, Фінляндыі.

Зімуе ў заходняй Афрыцы, на абодва бакі Ля-Маншу і ў Біскайскай затоцы[2].

Найбуйнейшая папуляцыя ў сьвеце пражывае на Спораўскім балотным масіве ў Беларусі[3]. Тут гняздуе 60% сусьветнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі[4].

Зьнешні выгляд

рэдагаваць
 
Вяртлявая чаротаўка на беларускай паштовай марцы 1998 году

Уяўляе сабой невялікую, памерам зь вераб’я птушку. Памер крылаў складае каля 6,5 сантымэтру, хвасту — каля 5 сантымэтраў, дзюбы — крыху болей за сантымэтар. Хвост ступеневы з крыху загостранымі канцамі стырнавых пёраў. Памеры самцоў і саміцаў аднолькавыя[5].

Афарбоўка сьпіны бэжава-аліўкавая зь цёмнымі, амаль чорнымі надствольлямі. Бліжэй да хваста выражаецца рудаватае адценьне. Пасярод галавы праходзяць дзьве чорныя палоскі, падзеленыя вузкай аліўкава-жоўтай палоскай. Брушка афарбаванае ў сьветла-руды колер і становіцца больш сьветлым да сярэдзіны. Ногі жоўтага колеру[5][6].

Увосень у вяртлявых чаротавак адбываецца лінька, пасьля чаго афарбоўка набывае ярчэйшыя адценьні. Маладыя асобіны адрозьніваюцца большай колькасьцю сьветлых участкаў пер’я[5][6].

 
Acrocephalus paludicola

Экалёгія

рэдагаваць

Вяртлявая чаротаўка адносіцца да стэнатопнага тыпу, то бок пражывае толькі ў нямногіх, вельмі падобных адно на адну мясьцінах. Тыповымі месцамі яе пражываньня зьяўляюцца раўнінавыя вільготныя і забалочаныя ўчасткі з густой травой вышынёй ад 50 сантымэтраў і рэдкім вербалозам. Пераважаюць у поймах рэк, на асаковых і пажарніцавых балотах у разводзьдзях рэк і на зарослых травой сажалках, дзе глыбіня воды не перавышае 10 сантымэтраў. Падчас пералётаў на зімоўлю абірае ўзьбярэжныя раёны сажалак і рэк у зарасьніках травы і хмызьняку[5][6][7][8][9].

Вяртлявая чаротаўка зьяўляецца недастаткова вывучаным відам, працягласьць яе жыцьця і ўзрост полавага высьпяваньня невядомы. У пэрыяд распладненьня назіраецца некаторая перавага самак, што тлумачыцца асаблівасьцямі полігінійных шлюбных зносінаў птушак, калі адзін самец на сваёй тэрыторыі ўтварае адразу некалькі часовых параў з саміцамі.

Месцы гняздоўлі непастаянныя, мяняюцца штогод і пачынаюцца ў пачатку чэрвеня. Будуе гняздо, выседжвае яйкі і корміць птушанят толькі саміца. Месца для гнязда выбірае на сухім месцы ў высокай асацы ці ў зарасьніку ля асновы кустоў вербалозу. Гнёзды маюць шараападобную форму і складаюцца з сухіх сьцяблінаў травы[5][6][7][10].

 
Вяртлявая чаротаўка, выява 1897 году

У кладцы звычайна ад чатырох да шасьці яек памерам 1,6 на 1,2 сантымэтры паўшарападобнай формы аліўкава-жоўтага колеру з бляклымі крапінкамі, сьветлыя ля вострага канцу і цямнейшыя да асновы, на якой можа ўтварацца венца. Шкарупа моцная, гладкая і крыху бліскучая. У выпадку гібелі нявылупленых нашчадкаў звычайна кладкі паўтараюцца. Гняздо птушаняты пакідаюць на 14-ы — 15-ы дзень, пасьля чаго яшчэ каля месяца трымаюцца побач зь ім[5][7][9][10].

Харчуюцца разнастайнымі казуркамі, больш дакладных зьвестак няма ў сувязі з кепскай дасьледаванасьцю віду[5][7].

Напрыканцы лета — у пачатку восені пачынаецца пералёт вяртлявых чаротавак на зімоўлю[6].

Колькасьць і ахоўны статус

рэдагаваць

Меркаваная колькасьць папуляцыі вяртлявай чаротаўкі складае каля 15—25 тысячаў. Прычым, сыходзячы са сталых назіраньняў, колькасьць віду стала скарачаецца[7].

Асноўнай прычынай скарачэньня папуляцыі лічыцца супадзеньне арэалу чаротаўкі з выгаднымі для землекарыстаньня надзеламі. Мэліярацыя, выпальваньне травы і стварэньне вадасховішчаў прыводзяць да скарачэньня прыдатных для гэтай птушкі месцаў пражываньня. Акрамя таго, на скарачэньне арэалу ўплывае рост шчыльнасьці вясковага насельніцтва і наступнае засваеньне земляў, упадабаных птушкай. Пашырэньне пустыннай зоны ў Афрыцы таксама зьяўляецца нэгатыўным фактарам праз павелічэньне пералётнай дыстанцыі[6][7][9].

Птушка занесеная ў Чырвоны сьпіс міжнароднага Зьвязу аховы прыроды, у Дадатак 2 Бэрнскай канвэнцыі, Дадаткі 1 і 2 Бонскай канвэнцыі, а таксама ў Чырвоную кнігу Беларусі[3].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць