Усохі (Барысаўскі раён)
Усо́хі[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 3 км на паўночны ўсход ад Іканаў і шашы Р3. Усохі ўваходзяць у склад Іканскага сельсавету.
Усохі | |
трансьліт. Usochi | |
Першыя згадкі: | 19 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Іканскі |
Вышыня: | 190 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 9 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222135 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°31′7.00″ пн. ш. 28°14′58.99″ у. д. / 54.5186111° пн. ш. 28.2497194° у. д.Каардынаты: 54°31′7.00″ пн. ш. 28°14′58.99″ у. д. / 54.5186111° пн. ш. 28.2497194° у. д. |
± Усохі |
Гісторыя
рэдагавацьБылыя часы
рэдагавацьВядома, што ў 20-х — 30-х гадах ХІХ стагодзьдзя Ўсохі ўжо існавалі. Па стане на 1870 год у іх жыло 22 чалавекі. Адносіліся яны да Будзеніцкага сельскага таварыства. У 1890 годзе тут было шэсьць сялянскіх гаспадарак. Вёска адносілася да Зэмбінскай воласьці.
Галоўная і адзіная вуліца Ўсохаў была вельмі гразкая. Таму на пачатку ХХ стагодзьдзя было вырашана яе палепшыць. Для гэтага мясцовыя жыхары з навакольляў на конях звозілі камяні і імі выбрукавалі вуліцу.
У сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя ва Ўсохах жыло 27 чалавек. Перад самай вайной вёска пашырылася за кошт перасяленьня ў яе сялянаў з навакольных хутароў у сувязі зь іх зьліквідаваньнем. Так утварыўся ля ўсходу вёскі невялічкі пасёлак, які мясцовыя жыхары назвалі прыточкай. Перад вайной у вёсцы было 40 хат. У яго апошнюю хату сьвятло правялі толькі гадоў дваццаць таму.
На пачатку вайны празь вёску адступала шмат вайскоўцаў Савецкай Арміі. Але ля Бярэзіны яны былі ўсе зьнішчаны. Загінула ў вайну шмат і мясцовых жыхароў.
Пасьляваеннае жыцьцё ў вёсцы Ўсохі мала чым адрозьнівалася ад жыцьця іншых тутэйшых вёсак.
Школа
рэдагавацьУ савецкія часы ва Ўсохах была ўтворана школа. Дзетак спачатку вучылі па хатах. Потым для гэтых мэтаў быў пабудаваны адмысловы будынак. У вайну ён згарэў. Пасьля яе заканчэньня для школы была ўзьведзена новая школа. Аднак, паколькі вёска была невялікай, у далейшым яе перавезьлі ў Іканы. Вучняў пачалі вазіць туды на аўтобусе. Потым у былым будынку ўсоскай школы пры іканскай школе быў зроблены музэй.
Традыцыі
рэдагавацьУсохі, у адрозьненьне ад большасьці іншых тутэйшых вёсак, традыцыі правядзеньня кірмашоў ня мелі. Больш за тое, у савецкія часы тут вельмі строга сачылі, каб мясцовыя жыхары не адзначалі Купальле і іншыя народныя сьвяты.
Але ніякія забароны не прымусяць забыць даўнія традыцыі. Так, калі мясцовыя жыхары, якія хацелі пахрысьціць сваіх дзяцей, везьлі іх для гэтага ў Барысаў. Прычым, каб ніхто пра гэта не даведаўся, рабілі гэта ноччу.
У дасавецкія часы ні цэркваў ні капліц ва Ўсохах не было. Найбліжэйшыя цэрквы знаходзіліся ў Іканах і Будзенічах. Дарога, якая вяла зь вёскі на гасьцінец зь Іканаў на Будзенічы, раней называлася Крыжовай дарогай. Сваю назву яна атрымала ад таго, што ля яе выезду на шлях з даўніх часоў ставілі крыжы, прывязвалі да яго фартушкі. Традыцыя гэта ўжо даўно страчана, але назва дарогі захавалася ў памяці людзей. Захаваўся і шэраг іншых мясцовых назваў. Лагчынку за гасьцінцам раней называлі Начовачкамі. Ёсьць у навакольлях вёскі і Кучынскі лес, Маргі, Куць і іншыя ўрочышчы.
Рака
рэдагавацьВажнае значэньне для вёскі адыгрывае невялічкая рака, якая працякае ля яе (Пуста-Мсьціская). Возера на рэчцы ля вёскі штучнае. У пасьляваенныя гады на ёй ля гасьцінца быў зроблены млын. Малолі на ім як калгас, так і мясцовыя жыхары. Аднак прастаяў млын нядоўга. Яго разабралі, а абсталяваньне млына перавезьлі на склад у Іканы.
Пазьней возера паглыбілі экскаватарамі (дарэчы, у яго навакольлях вельмі шмат крыніц). Пры калгасе ў возера запусьцілі карпа. Потым яго вылоўлівалі і прадавалі на сьвяты. Аднак праз пэўны час плаціну прарвала, і ўвесь карп «сышоў» уніз.
Вёска зараз
рэдагавацьВа Ўсохах цяпер усяго сем пастаянных жыхароў. Астатнія — дачнікі.
Насельніцтва
рэдагаваць- 1870 год — 22 жыхары
- 1890 год — 6 двароў
- 1935 год — 27 жыхароў
- 1999 год — 23 жыхары
- 2008 год — 7 жыхароў
- 2010 год — 9 жыхароў
Інфармацыя для турыстаў
рэдагавацьСтрачаная спадчына
рэдагаваць- Млын
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 72
Літаратура
рэдагаваць- Усохі — вёска на паўночным захадзе Барысаўшчыны(недаступная спасылка) // Міхась Мацельскі, Гоман Барысаўшчыны