Тэзэ (супольнасьць)
Тэзэ́ (па-француску: Communauté de Taizé) — міжнародная хрысьціянская экумэнічная супольнасьць, якая знаходзіцца ў бургундзкай вёсцы Тэзэ, на ўсходзе Францыі.
Заснаваньне
рэдагавацьСупольнасьць Тэзэ заснаваў у 1940 годзе сын пратэстанцкага пастара і швайцарац з паходжаньня брат Ражэ (Ражэ Шуц),[1]. У гады вайны брат Ражэ дапамагаў уцекачам і габрэям хавацца ад нацыстаў. Увосень 1944, па вызваленьні Францыі, да яго далучыліся яшчэ тры браты (таксама пратэстанты). Іх жыцьцё складалася з працы ды малітваў, яны дапамагалі дзеткам-сіратам, а таксама нямецкім палонным[2]. Ужо з самага пачатку яны праводзілі экумэнічныя сустрэчы, а ў 1949 браты Ражэ і Макс бралі ўдзел у Другім Ватыканскім саборы ў якасьці назіральнікаў. У 1964 ўлады Каталіцкай Царквы дазволілі сваім вернікам удзельнічаць у жыцьці Супольнасьці Тэзэ[3], а ў 1969 да супольнасьці ў Тэзэ далучыўся першы брат-каталік[4]. У наш час Супольнасьць Тэзэ аб’ядноўвае каля сотні братоў з усяго сьвету, якія абралі жыцьцё ў простых умовах.
Супольнасьць у Тэзэ
рэдагавацьУ 2014 годзе супольнасьць у Тэзэ складалася з прадстаўнікоў каля трыццаці нацыянальнасьцяў і розных хрысьціянскіх кірункаў. Жыцьцё ў супольнасьці сканцэнтравана на малітве і разважаньнях. Важнае месца ў службах займаюць моманты мэдытацыі[5][6]. Браты жывуць за кошт сваёй працы: яны вырабляюць гаршчкі, біжутэрыю (крыжыкі), вітражы і прадаюць іх у сваёй краме.
Некаторыя браты Супольнасьці жывуць далёка ад Тэзэ, часьцей за ўсё сярод самых бедных. Яны жывуць маленькімі брацтвамі, працуюць зь вязьнямі ў Сэуле, дапамагаюць глуханямым ў Бразыліі, падтрымліваюць інвалідаў у Бангладэшы, апякуюцца многімі дзецьмі ў Дакары. Існаваньне гэтых маленькіх брацтваў заснавана на сумеснай малітве і братэрскім жыцьці.
Маладыя людзі з усіх кантынэнтаў наведваюць Тэзэ ў Францыі на працягу ўсяго году, каб прыняць удзел у жыцьці гэтай экумэнічнай супольнасьці.
Штогод пад Новы год Супольнасьць Тэзэ ладзіць міжнародныя экумэнічныя малітоўныя сустрэчы моладзі ў адным з гарадоў Эўропы, у якіх бяруць удзел дзясяткі тысячаў маладых людзей з розных краінаў, розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў. Зьверхнік Супольнасьці Тэзэ традыцыйна скіроўвае да моладзі сваё пасланьне з тэмамі для малітвы і разважаньня. Чатыры разы на год Супольнасьць выдае таксама «Ліст з Тэзэ».
Па сьмерці брата Ражэ (2005) прыёрам Супольнасьці Тэзэ стаў каталік брат Алёіс, які паходзіць зь Нямеччыны (паводле статуту Супольнасьці Тэзэ, яго яшчэ пры жыцьці прызначыў на гэтую пасаду сам брат Ражэ).
Жыцьцё ў Тэзэ
рэдагавацьДзённы распарадак у супольнасьці:
- 8:15 Ранішняя малітва, пасьля якой адразу — сьнеданьне
- 10:00 Біблійныя ўводзіны, затым — дыскусія ў групах
- 12:20 Паўдзённая малітва, пасьля якой адразу — абед
- 15:15 Супольная праца
- 17:15 Падвячорак
- 17:45 Тэматычныя сэмінары (г.зв. скрыжаваньні)
- 19:00 Вячэра
- 20:30 Вячэрняя малітва
Рытм жыцьця супольнасьці задаюць малітвы, якія добра падыходзяць і для моладзі[7]. Біблійныя ўводзіны[8], разьлічаныя звычайна на цэлы тыдзень, рыхтуюцца братамі. Пасьля тлумачэньняў, якія доўжацца ад 30 да 60 хвілінаў, браты арганізуюць групы ад 5 да 15 чалавек, у якіх моладзь дзеліцца зь іншымі ўдзельнікамі, як яны зразумелі прапанаваны тэкст і як яны выкарыстоўваюць гэта ў сваім штодзённым жыцьці. Найчасьцей гэтыя мерапрыемствы праводзяцца па-ангельску.
«Скрыжаваньні» звычайна прысьвечаны якой-небудзь грамадзкай тэме, асобнай культуры, пытаньням веры. Супольную працу падзяляюць у залежнасьці ад патрэбаў канкрэтнага тыдня, а таксама працу ў інтарэсах усёй грамады (прыборка сьмецьця, прыгатаваньне ежы і да т. п.).
Маладыя паломнікі звычайна жывуць у бараках ад 6 да 12 чалавек. Браты рэкамэндуюць прабыць у Тэзэ адзін тыдзень: ад нядзелі да нядзелі.
Сьпевы Тэзэ
рэдагавацьМалітва Тэзэ мае свой унікальны характар, утвораючы новы стыль царкоўнай музыкі. Зьмест тэкстаў тлумачыцца духоўнай прыродай супольнасьці. Нягледзячы на тое, што супольнасьць заснавана ў Заходняй Эўропе, яна спрабуе аб’яднаць людзей розных традыцыяў з усіх канцоў сьвету. Супольнасьць пачала шукаць простых формаў царкоўнай музыкі, каб у малітве маглі сьвядома ўдзельнічаць усе. Сьпевы пабудаваныя на кароткіх фразах, узятых з псалмоў або іншых кніг Сьвятога Пісаньня, якія паўтараюцца некалькі разоў. Гэта робіць іх лёгкімі для запамінаньня. Гэтыя паўторы прызначаныя для таго, каб дапамагчы разважаньням і малітве. Да таго ж, зважаючы на міжнародны і шматнацыянальны характар супольнасьці, часта яны сьпяваюцца на розных мовах. У 1975 годзе супольнасьць замовіла некалькі дзясяткаў сьпеваў у арганіста з Парыжу Жака Бэрцье.
Міжнародныя сустрэчы Тэзэ
рэдагавацьДа падзеньня Бэрлінскага муру браты Тэзэ таемна наведвалі краіны Ўсходняй Эўропы — з таго часу кантакты з маладымі хрысьціянамі гэтых краінаў зьяўляюцца асабліва шчыльнымі.
З 1978 году Тэзэ ладзіць штогод пад Новы год міжнародныя сустрэчы моладзі ў адным з эўрапейскіх гарадоў, якія маюць называюць Пілігрымкай даверу на зямлі. Працягваюцца падобныя сустрэчы 5 дзён, звычайна да 1 ці 2 студзеня. Дзясяткі тысячаў маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 35 гадоў ажыцьцяўляюць пілігрымкі на гэтыя сустрэчы (але рабіць гэта прадстаўнікам іншых узроставых катэгорыяў таксама не забаронена). Раней гэта былі пераважна католікі і пратэстанты, аднак у апошнія гады заўважнай робіцца прысутнасьць і праваслаўнай моладзі.
Лідэрамі паводле колькасьці пілігрымаў звычайна зьяўляецца француская, нямецкая, італійская, гішпанская і польская моладзь. У апошнія гады ўсё больш заўважнай зьяўляецца і колькасьць пілігрымаў зь Беларусі. У 2013 годзе каля 1000 беларусаў прыехалі на сустрэчу ў Страсбург, а беларуская дэлегацыя трапіла ў пяцёрку найбольш прадстаўнічых.[9].
Сьпіс Эўрапейскіх сустрэчаў моладзі
рэдагавацьТаксама ў 2009 годзе была праведзеная травеньская рэгіянальная сустрэча ў Вільні, а 28—30 верасьня 2012, як чарговы этап Пілігрымкі даверу на зямлі, у Хэльсынкі (Фінляндыя) адбылася экумэнічная сустрэча моладзі краінаў Скандынавіі і Балтыі. Плянуецца, што ў красавіку 2015 маладыя пілігрымы з розных краінаў, на чале з братам Алёісам, наведаюць некалькі гарадоў ва Ўсходняй Эўропе, у т. л. — Менск[10].
Пілігрымкі даверу на зямлі ў сьвеце
рэдагавацьСупольнасьць Тэзэ ладзіць таксама рэгіянальныя экумэнічныя сустрэчы моладзі і на іншых кантынэнтах. Яны часта праводзяцца ў краінах, якія адчуваюць эканамічныя або палітычныя цяжкасьці.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ L’unité espérance de vie, 1962.
- ^ Jean-Claude Escaffit et Moïz Rasiwala, Histoire de Taizé, Paris, Editions du Seuil, 2008, p. 37-39
- ^ Jean-Claude Escaffit et Moïz Rasiwala, Histoire de Taizé, Paris, Editions du Seuil, 2008, p. 69
- ^ Jean-Claude Escaffit et Moïz Rasiwala, Histoire de Taizé, Paris, Editions du Seuil, 2008, p. 93-94
- ^ Мэдытацыйныя сьпевы на сайце супольнасьці
- ^ Важнасьць цішыні
- ^ Моладзь і малітвы ў Тэзэ
- ^ Біблійныя тэксты з камэнтарамі на сайце Тэзэ
- ^ 30,000 молодых европейцев являют “огромную общину друзей”
- ^ Артыкул «Европейская встреча молодёжи в Валенсии» (пляны на 2015 год)