Тутэйшыя (п’еса)
«Тутэйшыя» — сатырычная трагікамэдыя Янкі Купалы (у вызначэньні аўтара — «трагічна—сьмяшлівыя сцэны ў 4-х дзеях»). П’еса завершаная ў жніўні 1922 году.[1]
«Тутэйшыя» | |
Вокладка мюнхенскага выданьня п’есы, 1953 | |
Жанр: | камэдыя |
---|---|
Аўтар: | Янка Купала |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | жнівень 1922 |
Публікацыя: | 1924 |
Электронная вэрсія | |
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору |
Творчая задума
рэдагавацьЯркі камэдыйны фарс спалучае народныя беларускія сцэнічныя традыцыі і адметную мэтафарычную стылістыку.[2] У аснове п’есы — роздум аўтара пра гістарычныя шляхі і будучыню беларускага народу.[1] У п’есе Я. Купала мэтафарычна паказвае Беларусь як быццам бы ўкрыжаваную паміж Расеяй і Польшчай.[3] Ён выказвае глыбокую трывогу за духоўную спадчыну беларускага народу, яго нацыянальную сьвядомасьць. Я. Купала сваім творам заклікае змагацца з тутэйшасьцю — беспрынцыповасьцю, недастаткова разьвітай сьвядомасьцю, пасіўнасьцю, скоранасьцю.[4]
Апісаньне
рэдагавацьПадзеі ў п’есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народу час — 1918—1920 гады, калі адна акупацыя зьмянялася другой. Цэнтральная фігура ў творы — былы вясковец Мікіта Зносак, які пры царызьме быў калескім рэгістратарам. У новых умовах жыцьця гэты чалавек забывае сваё паходжаньне, мову, радзіму і пачынае жыць па прынцыпе: «Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацьвёртае». Таму для Мікіты ўсё роўна, пры якой уладзе ён жыве (польскай, нямецкай, царскай, савецкай), хто ён сам (беларус ці не беларус), абы толькі была ежа, вопратка і добрая служба. Палітычная сытуацыя ўплывае нават на імя галоўнага пэрсанажу, які называе сябе то па-польску (Нікіціўш Знасілоўскі), то па-расейску (Никитий Зносилов).[4]
У вобразе галоўнага герою Я. Купала ўвасобіў тып нацыянальнага нігіліста, здрадніка. Сапраўднае сваё аблічча Мікіта Зносак выяўляе ў час гутарак з настаўнікам Янкам Здольнікам, якога ён з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, калі гаворыць пра «адзіны непадзельны рускі язык», які б ён «завёў ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну».[4]
У п’есе Я. Купала зьедліва і іранічна выкрывае ня толькі Зноска, але і іншых падобных «тутэйшых» пэрсанажаў. Вучоныя Ўсходні і Заходні зьяўляюцца ў п’есе ў часы крутых паваротаў гісторыі, зьмены ўлады. Адзін другому яны спрабуюць давесьці, што тэрыторыя Беларусі належыць або да Расеі, або да Польшчы. Згаджаюцца вучоныя толькі ў адным: Беларусь ня можа быць самастойнай. Вобразамі вучоных аўтар імкнецца паказаць згубны ўплыў на людзей невуцтва, псэўдавучонасьці, нацыянальнага нігілізму.[4]
Усіх герояў менскай «брахалкі» можна назваць кампаніяй учорашніх гаспадароў жыцьця, якіх бурлівыя падзеі выкінулі на сьметнік гісторыі. Шукаючы цёплага месца пад сонцам, імкнучыся да асабістай нажывы, яны зракліся сваёй мовы, роднай зямлі, нават саміх сябе.[4]
Адмоўным пэрсанажам проціпастаўляюцца ў п’есе вобразы, якія прадстаўляюць беларускі народ: Янка Здольнік, яго вучаніца і пасьлядоўніца, пазьней жонка Алена, яе бацька Гарошка. Кожны зь іх разумее па-свойму падзеі, якія адбываюцца, і шукае сваё месца ў складаных абставінах часу. Гэтыя вобразы раскрываюць такія рысы беларускага нацыянальнага характару, як працавітасьць, сумленнасьць, шчырасьць, мужнасьць. Станоўчыя імкненьні беларускага народу ўвасабляе Янка Здольнік. Гэта чалавек перадавых поглядаў, зь цьвёрдымі жыцьцёвымі прынцыпамі, які адмаўляе старыя парадкі і хоча далучыцца да грамадзкай працы. Аднак у творы Здольнік — не палітычны дзяяч, а хутчэй рамантычна настроены ідэяліст, поле дзейнасьці якога вельмі нешырокае.[4]
Сцэнічная і друкаваная гісторыя
рэдагавацьУпершыню п’еса была надрукаваная ў часопісе «Полымя» у 1924 годзе (нумары 2 і 3).[1] Сцэнічнае жыцьцё п’есы пачалося ў Беларускім дзяржаўным тэатры ў 1926 годзе пастаноўкай расейскага рэжысэра М. Папова. Але хутка п’еса была зьнятая з рэпертуару як твор нацыяналістычны.[4]
У 1927 годзе, неўзабаве пасьля выхаду ў сьвет, быў забаронены трэці том першага «Збору твораў» Купалы, дзе была надрукаваная п’еса[5].
У 1953 годзе п’еса была надрукаваная ў Мюнхэне выдавецтвам «Бацькаўшчына».
Напачатку 1980-х у выдавецтве «Мастацкая літаратура» быў рассыпаны набор зборніку «Спадчына», дзе пасьля больш як паўвекавога замоўчваньня была зробленая спроба надрукаваць «Тутэйшых».[5]
Толькі ў 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры галоўны рэжысэр тэатру В. Масьлюк паставіў адзін са сваіх найлепшых спэктакляў, спалучыўшы тэкст п’есы з паэмай Я. Купалы «Адвечная песьня» і асабіста выканаўшы ролю Янкі Здольніка.[6] Нядоўгім было сцэнічнае жыцьцё п’есы і тут: пасьля ўсяго толькі двух паказаў, у Магілёве й Менску, спэктакль вымусілі зьняць з рэпертуару.[4]
У 1988 годзе твор Купалы быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» (№9).[4]
У 1990 годзе спэктакль быў пастаўлены на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Я. Купалы рэжысэрам М. Пінігіным, які перачытаў трагікамэдыю як філязофскі трагіфарс.[7] Спэктакль быў успрыняты як сэнсацыя і сапраўднае сцэнічнае адкрыцьцё[6] і стаў вялікай перамогай мастацтва над забаронамі і цэнзурай.[7] Зь перапынкамі спэктакль ішоў на сцэне тэатру да 2010 году.[4]
Значнасьць п’есы
рэдагавацьКалі б існаваў беларускі адпаведнік «Кнігі рэкордаў Гінэса», то варта было б занесьці туды й Купалавых «Тутэйшых» — як самы шматпакутны, пяцёрачы (!) забаронены твор у беларускай літаратуры. | ||
Янка Купала, наперакор усёй тагачаснай літаратурнай традыцыі, замахнуўся на нешта нябачанае, што ў беларускай літаратуры было яшчэ нулявым цыклем. Купала стварыў грандыёзны, усеабдымны, з разьлікам на гістарычную мінуўшчыну й пэрспэктыву, вобраз БЕЗНАЦЫЯНАЛА. Вось у гэтым найбольшая прысутнасьць «Тутэйшых» у нашым часе. [...] Чаму героі «Тутэйшых» вечна актуальныя? Таму, што рэчаіснасьць няўмольна піша для Беларусі адзін і той жа тэкст. І пакуль гэты тэкст ня будзе напісаны нашай уласнаю рукою, з нашай прапісной літары, «Тутэйшыя» будуць заставацца поўным тэкстуальным заменьнікам рэчаіснасьці. | ||
Творы Янкі Купалы былі ў розны час непажаданыя, таму што яны нам самім, беларусам, не заўсёды псыхалягічна камфортныя. У гэтых творах, у тым ліку ў «Тутэйшых», утрымліваецца тая вялікая праўда пра нас, якую нам не заўсёды хочацца ведаць. У Зноску мы пазнаем сябе, пазнаем сваю недалужнасьць, зь якой мы павінны вылузвацца, луску гэтую, што ўрасла ў нашую скуру, мы павінны зь сябе зьдзіраць! | ||
Гэта сьведчыць пра геніяльнасьць Купалы, калі ён не пасаромеўся высьцебаць нацыю — у асобе Мікіты Зноска. Купала стварыў геніяльны псыхалягічны тып беларуса. Канфармізм — вельмі тыповая рыса беларуса — прыстасавацца, каб выжыць. Гэта вынік жыцьця «на скрыжаваньні». Купала не абвінавачвае, ён шкадуе чалавека. Гэта самае галоўнае, што ёсьць у п’есе. І потым — там адлюстраваная ўся беларуская гісторыя, усе рысы беларускай мэнтальнасьці. «Тутэйшыя» — вельмі жорсткі й праўдзівы погляд аўтара на беларускую мінуўшчыну, на беларускую сучаснасьць, і, на жаль, на беларускую будучыню. | ||
«Тутэйшыя» — вось бясконцая клясыка. П’еса на ўсе часы. | ||
Бібліяграфія
рэдагаваць- Янка Купала. Тутэйшыя. Трагічна-сьмешлівыя сцэны Менскага нядаўняга жыцьця. У 4-х дзеях. // Полымя : часопіс. — 1924. — № 2 (10). — С. 33—74.
- Янка Купала. Тутэйшыя. Трагічна-сьмешлівыя сцэны Менскага нядаўняга жыцьця. У 4-х дзеях. // Полымя : часопіс. — 1924. — № 3 (11). — С. 3—36.
Літаратурная крытыка, рэцэнзіі
рэдагаваць- Глыбоцкі, Тодар. З літаратурнага блёк-ноту. «Тутэйшыя». // Савецкая Беларусь : газэта. — 1928, 1 студзеня. — № 1 (2189). — С. 3.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Тутэйшыя (беларуская) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 598.
- ^ Спэктакль «Тутэйшыя» Театральный Лягушатник Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ «Тутэйшыя» Русский Архипелаг Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і П’еса «Тутэйшыя» (вэб-сайт) Янка Купала Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ а б в г д е Пінігін: «Састарэлыя дэкарацыі ў «Тутэйшых» - гэта хлусьня» Радыё Свабода Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ а б Усе мы — тутэйшыя (часопіс) Мастацтва Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ а б Сучасная беларуская драматургія. Традыцыі і наватарства (Слова складальніка) (Беларуская інтэрнэт-бібліятэка) Камунікат Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ Па-за сцэнай (газэта) Народная Воля Праверана 1 лістапада 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Тутэйшыя». — C. 598.
- Васючэнка, П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Вопыт сучаснага прачытання. — Мн., 1994.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- П’еса «Тутэйшыя» на сайце Янка Купала
- «Тутэйшыя» (кароткі зьмест) на сайце Слово.ws