Тымур
Тымур, Тамэрлан (па-чагатайску: تیمور, літаральна: жалеза, 9 красавіка 1336, вёска Ходжа-Ільгар, сучасны Ўзбэкістан — 18 лютага 1405, Атрар, сучасны Казахстан) — сярэднеазіяцкі дзяржаўны дзяяч і палітык, знакаміты палкаводзец, заснавальнік дынастыі Тымурыдаў, эмір 1370—1405 гадоў не будучы нашчадкам Чынгісхана. Тымур усё жыцьцё панаваў праз падстаўных ханаў-нашчадкаў, якія фактычна былі марыянэткамі ў ягоных руках. Сталіцай сваёй імпэрыі Тымур абраў горад Самарканд. Ён спрыяў разьвіцьцю навукі й культуры, асабліва шмат увагі надаючы будаўніцтву палацаў, мячэтаў, маўзалеяў. Валодаючы выбітнымі арганізатарскімі й вайсковымі здольнасьцямі, ён здолеў сфармаваць шматлікае, дысцыплінаванае й добра ўзброенае войска.
Тымур | |
Эмір імпэрыі Тымурыдаў | |
---|---|
1370 — 1405 | |
Каранацыя | 1370 |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 8 красавіка 1336, Шыхрысабз |
Памёр | 18 лютага 1405, Атрар |
Пахаваны | Самарканд |
Дынастыя | Тымурыды |
Сужэнец | Saray Malik Katun[d], Uljay-Turkan aga[d], Чалпан-мульк ага[d] і Dilshad aga[d] |
Тымур меў цюрскае паходжаньне[5]. Зьяўляецца прапрадзедам Бабура, заснавальнік дынастыі Вялікіх Маголаў, якія зьяўляліся кіраўнікамі імпэрыі Вялікіх Маголаў ў Індыі да 1857 году[6][7][8]. Тымур быў дзедам Улугбека, генія астраноміі й матэматыцы, які стварыў адну з самых вялікіх абсэрваторыяў у ісламскім сьвеце. А таксама збудаваў мэдрэсэ ў Самаркандзе й Бухары, ператварыўшы гэтыя гарады ў сусьветныя культурныя цэнтры навучаньня ў Цэнтральнай Азіі[9].
Таксама вядомы пад імёнамі Амір Тэмур, Тэмурленг, Тымур Кульгавы, Жалезны кульга.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў вёсцы Ходжа-Ільгар/Кешы ля Шагрэсабзу (цяпер Кашкадар’інская вобласьць, Узбэкістан). Паходзіў з атурэчанага мангольскага племені барласаў. Сын бэка Тарагая. У 1362 годзе паступіў на службу да мангольскага хана Таглук-Тымура, які захапіў уладу ў Мавэраннагры, і быў прызначаны правіцелем Кашкадар’інскага вілаету. Пасьля прызначэньня правіцелем Мавэраннагру Ільяс-Хаджы, Тымур адасобіўся і стаў самастойным уладаром. Уклаў хаўрус з правіцелем Балха і Самарканду эмірам Хусэйнам і пачаў доўгую барацьбу супраць Ільяса-Хаджы і яго бацькі. У 1362 годзе пад час адной з сутычак Тымур быў паранены ў нагу і з таго часу кульгаў (адсюль мянушка).
У 1370 годзе Тымур сам захапіў уладу над Мавэранаграм і прыняў тытул вялікага эміра. Потым скінуў з пасаду ды забіў эміра Хусэйна, ажаніўся зь ягонай удавой і прыняў тытул «гурган» (па-чагатайску азначае «зяць» дому Чынгісхана). Тымур, ня будучы нашчадкам Чынгісхану, усё жыцьцё правіў праз падстаўных ханаў-чынгізідаў (нашчадкаў Чынгісхана), якія былі марыянэткамі ў ягоных руках. Сталіцай дзяржавы Тымура стала места Самарканд. Тымур спрыяў разьвіцьцю навукі і культуры, асабліва шмат увагі надаючы будаўніцтву палацаў, мячэтаў, маўзалеяў. Валодаючы выбітнымі арганізатарскімі і вайсковымі здольнасьцямі, сфармаваў вялікае, дысцыплінаванае і добра ўзброенае войска.
У выніку шматлікіх вайсковых выпраў Тымур захапіў і далучыў да сваёй дзяржавы амаль усе абшары тагачаснага іранамоўнага сьвету за выняткам Паўночнай Індыі: у 1381 годзе заваяваў Харасан, 1384 — Гурган, 1385 — Паўночны Іран, 1386 — Азэрбайджан, 1387 — Ісфаган. Выправы Тымура мелі захопніцкі характар. У 1376—1377 гадах Тымур падтрымаў хана Гійясэдзіна Тахтамыша ў барацьбе за сынгацкі пасад, пасьля чаго апошні, аб’яднаўшы Белую і Сінюю Орды, стаў супернікам Тымура У выніку трох вялікіх выпраў супраць Тахтамыша (1389, 1391, 1394—1396) Тымур разграміў Залатую Арду, разрабаваў яе сталіцу Сарай аль-Джадзід (Сарай Бэрке), месты Хаджы-Тархан (Астрахань), Азак (Азоў) ды іншыя. Тахтамышава войска атрымала прытулак у Вялікім Княстве Літоўскім. Пад час апошняй выправы войскі Тымура двойчы набліжаліся да Вялікага Княства Літоўскага: аднаго разу, перасьледуючы эміраў Тахтамыша, дайшлі да Дняпра; пазьней войска Тымура увайшлі на Крымскую паўатоку. У 1398—1399 гадах зьдзейсьніў выправу ў Індыю, дзе захапіў Дэлі ды іншыя месты. У 1399—1400 гадах войскі Тымура захапілі і зруйнавалі Халеб ды Дамаск у Сырыі. У 1400 годзе распачаў вайну супраць турэцкага султана Баязіда І Йылдырыма («Бліскавічнага»). У 1402 годзе пад час выправы ў Малую Азію пад Анкарой Тымур разграміў турэцкае войска, узяў у палон султана і ягоных двух сыноў.
Тымур праславіўся сваёй падступнасьцю, жорсткасьцю да заваяванага мясцовага насельніцтва. Выправа Тымура ў Кітай, якая пачалася пры канцы 1404 году, была перарваная яго сьмерцю ў лютым 1405 году. Памёр у месьце Атрар (руіны яго непадалёк ад упадзеньня Арыса ў Сырдар’ю ў цяперашнім Казахстане). Пахаваны ў маўзалеі Гур-Эмір у Самаркандзе.
Тамэрлан (Амір Тэмур) лічыцца адным з нацыянальных герояў Узбэкістану, нечым накшталт нашага князя Вітаўта (які быў часткова яго сучасьнікам).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Deutsche Nationalbibliothek Record #118622803 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б в г Timur // SNAC (анг.) — 2010.
- ^ а б Tamerlane // Find a Grave (анг.) — 1996.
- ^ а б в г Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ "Timur (Turkic conqueror)." Encyclopædia Britannica. Ultimate Reference Suite. Chicago: Encyclopædia Britannica, 2011.
- ^ «Timur», Encyclopædia Britannica, Online Academic Edition, 2007.
- ^ B.F. Manz, «Tīmūr Lang», in Encyclopaedia of Islam.
- ^ «Timur» The Columbia Encyclopedia, Sixth Edition, 2001-05.
- ^ «History of mathematics». By David Eugene Smith
Літаратура
рэдагаваць- Мартаў В.М., Сьмірноў С.А. Сэрыя «Вялікія ўладары сьвету». Тамэрлан. — М.: Армада, — 1996 р.
- Tamerlane: Sword of Islam, Conqueror of the World. Justin Marozzi. Da Capo Press 2006 ISBN030681465X
- Tamerlane: The Ultimate Warrior. Roy Stier. BookPartners 1998 ISBN1885221770
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТымур — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Тамэрлан. Усходняя літаратура
- Тымур на Encyclopædia Britannica
- Біяграфія Тымура
- Жыцьцё Жалезнага Кульгі
- Войска Тамэрлана