Старая Рудня (Гомельская вобласьць)
Стара́я Ру́дня[1] — вёска ў Беларусі. Уваходзіць у склад Стараруднянскага сельсавету Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 848 чал. (2010). Знаходзіцца за 22 км на паўднёвы ўсход ад места Жлобін і за 68 км ад Гомелю.
Старая Рудня | |
Першыя згадкі: | XVIII ст. |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Жлобінскі |
Сельсавет: | Стараруднянскі |
Насельніцтва: | 848 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2334 |
СААТА: | 3218868036 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°50′12″ пн. ш. 30°16′31″ у. д. / 52.83667° пн. ш. 30.27528° у. д.Каардынаты: 52°50′12″ пн. ш. 30°16′31″ у. д. / 52.83667° пн. ш. 30.27528° у. д. |
± Старая Рудня | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гісторыя
рэдагавацьПаводле пісьмовых крыніцаў вядомая з XVIII стагодзьдзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. Паводле рэвізіі 1816 году вёскі Старая Рудня і Новая Рудня. Пазьней гэтыя вёскі аб’ядналіся і паводле рэвізіі 1858 году ва ўладаньні Антонавых-Жукоўскіх. Празь вёску праходзіла паштовая дарога з Гомелю ў Жлобін. Мясцовыя майстры славіліся гафтам, у тым ліку расшыўкай жаночых галаўных убораў бісерам і дробнымі пацеркамі. Дваране Сеняжыцкія валодалі ў 1861 годзе 8106 дзесяцінамі зямлі, карчмой, вадзяным млынам, валюшняй і дзёгцевым заводам. З уводам у эксплюатацыю ў лістападзе 1873 году чыгункі Бабруйск — Гомель пачала працаваць чыгуначная станцыя. Дзейнічалі Мікалаеўская царква (перабудаваная ў 1854), хлебазапасная крама і народнае вучылішча (у 1889 — 30 вучняў). У 1885 годзе дзейнічалі царква, школа. Цэнтар Стараруднянскай воласьці (да 9 траўня 1923 году), у склад якой у 1890 годзе ўваходзілі 39 вёсак з агульнай колькасьцю 947 двароў, у 1910 годзе — 85 паселішчаў з 1547 дварамі. З 1892 году працаваў бровар. Паводле перапісу 1897 году знаходзіліся мэдычны пункт, 4 ветракі, кузьня, алейня, крама. З 1900 году працавала 3-летняя школа, пры якой мелася бібліятэка. У 1909 — вінная крама, 1750 дзесяцін зямлі. У аднайменным фальварку 70 жыхароў, 4300 дзесяцін зямлі. У 1912 годзе створана спажывецкае таварыства. Дзейнічаў рэктыфікацыйны завод (у 1913 годзе 41 працоўны).
З 20 жніўня 1924 году цэнтар Стараруднянскага сельсавету Жлобінскага раёну Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 году) акругі, з 20 лютага 1938 году Гомельскай вобласьці. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Рудня», працавалі 2 кузьні і вятрак. 4 жыхара загінулі ў часе савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў створаны атрад народнага апалчэньня. З 1942 году дзейнічала падпольная група (кіраўнікі А. П. Капусцін і М. Г. Маршын). Акупанты спалілі 49 двароў і забілі 17 жыхароў. Вызваленая 4 сьнежня 1943 году. У лютым 1944 у вёсцы разьмяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войскаў. У баях каля вёскі ў 1941 і 1944 гадох загінуў 121 савецкі салдат (пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі; у ліку пахаваных генэрал-лейтэнант Л. Г. Пятроўскі, які ў жніўні 1941 году загінуў у баі каля вёскі Рудзенка, яго імем названая вуліца і сярэдняя школа ў вёсцы, вуліца ў Жлобіне). 178 жыхароў загінулі на фронце.
У 1966 годзе да вёскі далучаныя пасёлкі Верны, Зарэчча, Талстоўскі. Цэнтар калгасу імя С. М. Кірава. Працуюць сярэдняя школа, Палац культуры, бібліятэка, фэльчарска-акушэрскі пункт, вэтэрынарны ўчастак, аддзяленьне сувязі, 2 крамы.
У склад Стараруднянскага сельсавету ўваходзілі да 1966 году пасёлкі Верны, Зарэчча, Талстоўскі (у наш час не існуюць).
Інфраструктура
рэдагавацьТранспартныя сувязі па прасёлкавай, а затым аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Гомель. Пляніроўка складаецца з трох падзеленых чыгункай і ракою частак: паўночнай (да просталінейнай, мэрыдыянальнай арыентацыі вуліцы далучаюцца 2 кароткія вуліцы), паўднёвай (да кароткай просталінейнай мэрыдыянальнай вуліцы далучаюцца 2 кароткія просталінейныя вуліцы) і ўсходняй (просталінейная шыротная вуліца і невялікая адасобленая забудова каля чыгуначнай станцыі). У 1986 годзе пабудаваныя цагляныя дамы на 50 кватэраў, у якіх месьціліся перасяленцы зь вёскі Акопы і іншых населеных пунктаў Нараўлянскага раёну, якія пацярпелі ад радыяцыйнага забруджваньня пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Насельніцтва
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1816 — у вёсцы Старая Рудня: 20 двароў, 79 жыхароў, у вёсцы Новая Рудня: 23 двары, 128 жыхароў; 1858 — 49 двароў, 366 жыхароў; 1897 — 138 двароў, 924 жыхары (паводле перапісу)
- XX стагодзьдзе: 1909 — 904 жыхары; 1925 — 259 двароў; 1940 — 405 двароў, 1700 жыхароў; 1959 — 1062 жыхары (паводле перапісу); 1999 — 1043 жыхары
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 442 гаспадаркі, 982 жыхары[2]; 2010 — 848 жыхароў
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.