Камароўскі рынак

рынак Менску

Каардынаты: 53°55′11″ пн. ш. 27°34′38″ у. д. / 53.91972° пн. ш. 27.57722° у. д. / 53.91972; 27.57722

Камароўскі рынак — рынак Менску, заснаваны ў траўні 1980 году ў мікрараёне Камароўка.

«Менскі Камароўскі рынак»
наркам. Мінскі Камароўскі рынак
Тып унітарнае прадпрыемства
Заснаваная 20 траўня 1980 (43 гады таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Савецкі раён, вул. Веры Харужай, д. 8[1]
Ключавыя фігуры Мікалай Хмяльніцкі
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі арэнда памяшканьняў і складзкое захоўваньне
Матчына кампанія Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт
Даччыныя кампаніі філія «Курасоўшчынскі рынак», УП «Чыжоўскі рынак», «Купалаўскі» гандлёвы цэнтар, падразьдзяленьне «Ўзьлянка» (Мядзельскі раён)

На 2020 год Камароўскі рынак улучаў крыты павільён плошчай 1,3 гектару і сэзонны рынак зь 5 частак. Першыя 3 часткі сэзоннага рынку зьмяшчалі 700 гандлёвых месцаў для гародніны і садавіны. У 4-й частцы было 100 месцаў продажу сьвежамарожанай рыбы і прэсэрваў. У 5-й знаходзіліся фірмовыя крамы вытворцаў. Рынак працаваў з аўторка па нядзелю зь 9-й па 19-ю гадзіну. Таксама на Камароўскім рынку працавалі радыёвузел для абвестак, пункт аховы здароўя і дзіцячы пакой. Пры рынку дзейнічалі майстэрні ключоў, акуляраў і рамонту вопраткі, аптэка, цырульня і абменьнікі валюты. Камароўскі рынак меў уласную страўню «Камароўка» і кандытарскі цэх. У склад УП «Менскі Камароўскі рынак» уваходзілі: філія «Курасоўшчынскі рынак» (Кастрычніцкі раён, вул. Каржанеўскага, д. 2), УП «Чыжоўскі рынак» (Заводзкі раён, Ташкенцкі праезд, д. 4), «Купалаўскі» гандлёвы цэнтар (Кастрычніцкая плошча, д. 2) і падразьдзяленьне «Ўзьлянка» ўМядзельскім раёне (в. Пузыры) Менскай вобласьці[2].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1972 годзе пабудавалі кіраўніча-гаспадарчы корпус Камароўскага рынку. У 1979 годзе адчынілі Камароўскі цэнтральны калгасны рынак. На пачатку 1980 годц паводле праекту Вальмена Аладава ўзьвялі крыты рынак з купалам са зборных бэтонных панэляў. Краі даху сьцягнулі 37 канатамі дыямэтрам 4 см. Кожны канат зьмяшчаў па 124 драты са сталі. Разрыўная магутнасьць каната складала 300 тонаў. 20 траўня 1980 году адкрылі будынак Камароўскага рынку з гандлёвай плошчай 1,3 гектару. Ягоны купал меў вышыню 26 мэтраў[3]. 27 студзеня 1997 году Менскі гарвыканкам зацьвердзіў Рашэньне № 55 аб стварэньні ўнітарнага прадпрыемства «Менскі Камароўскі рынак». У 2002 годзе на плошчы перад рынкам узьвялі вадаграй з трыма бронзавымі скульптурамі Ўладзімера Жбанава «Конь і верабей», «Паненка з сабакам» і «Фатограф», а таксама скульптуру Алега Купрянава «Гандлярка насеньнем»[4]

На лістапад 2013 году Камароўскі рынак займаў 5,4 гектару і налічваў каля 2000 гандлёвых месцаў. Рынак меў уласную страўню «Камароўка» на 60 месцаў, кавярню «Любавушка» на 30 месцаў, кандытарскі цэх і краму «Камароўскія ласункі». Сярод 50 найменьняў штодзённай выпечкі (батоны, булачкі, караваі, печыва і пірожныя) 90% выраблялі безь хімічных напаўняльнікаў. У склад прадпрыемства «Менскі Камароўскі рынак» уваходзілі ўласна Камароўскі рынак, «Курасоўшчынскі рынак», «Менскі вернісаж», «Чыжоўскі рынак» і сельская гаспадарка «Ўзьлянка» ў Мядзельскім раёне (в. Пузыры). На крытым рынку Камароўкі прадавалі бакалею, булкі і хлеб, мясныя і малочныя вырабы, у тым ліку масла, сыр, тварог і сьмятану з асабістых падворкаў. У 3-х частках сэзоннага рынку прапаноўвалі гародніну, грыбы, садавіну і ягады. У 4-й частцы сэзоннага рынку прадавалі сьвежамарожаную рыбу і прэсэрвы. У 5-й частцы месьцілася 50 фірмовых крамаў вытворцаў харчаваньня. Пры рынку працаваў бясплатны «Дзіцячы пакой» з выхавальніцамі для догляду дзяцей ва ўзросьце 3-7 гадоў на час пакупак[3]. У 2019 годзе каля рынкавага вадаграю ўсталявалі скульптуру Мікалая Байрачнага «Карова».

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Кантакты (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
  2. ^ Рынак сёньня (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.
  3. ^ а б Вікторыя Целяшук, Валяр'ян Шкленьнік, Аляксандар Фурсаў. Месца, куды хочацца вяртацца // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Гісторыя (рас.) // УП «Менскі Камароўскі рынак», 2020 г. Праверана 20 лютага 2020 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Камароўскі рынаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў