Раян Гігс

валійскі футбаліст, трэнэр

Раян Джозэф Гігс (па-ангельску: Ryan Joseph Giggs; нарадзіўся 29 лістапада 1973 году, Кардыф, Ўэйлз) — ўэйлскі футбаліст, які на працягу ўсёй сваёй кар’еры гуляе толькі за адзін ангельскі клюб «Манчэстэр Юнайтэд», за які правёў больш за 900 афіцыйных гульняў. Раян зьяўляецца самым тытулаваным гульцом брытанскага футболу[1]. Ён, таксама, зьяўляецца першым гульцом хто здолеў забіць у 11 розыгрышах Лігі чэмпіёнаў запар. 21 траўня 2008 году, выйшаўшы на пляцоўку ў фінальным матчы Лігі чэмпіёнаў супраць лёнданскага «Чэлсі», Гігс пераўзышоў рэкорд Бобі Чарлтана па колькасьці матчаў, згуляных за «Манчэстэр Юнайтэд»[2]. 5 сакавіка 2013 году, выйшаўшы на гульню Лігі чэмпіёнаў супраць мадрыдзкага «Рэалу», правёў свой тысячны афіцыйны матч у кар’еры[3].

Раян Гігс
Раян Гігс
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 29 лістапада 1973 (51 год)
Кардыф, Ўэйлз
Рост 179 см
Вага 68 кг
Пазыцыя паўабаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1990—2014 Манчэстэр Юнайтэд 672 (114)
Зборныя
1991—2007 Ўэйлз 64 (12)
Трэнэрскія клюбы
2014 Манчэстэр Юнайтэд
2018—2022 Зборная Ўэйлзу па футболе

На міжнародным узроўні Гігс выступаў за зборную Ўэйлзу, стаўшы самым маладым гульцом, які выходзіў у асноўным складзе зборнай, ягоны дэбют адбыўся ў 1991 годзе. Гігс быў уключаны ў сьпіс 100 легендаў Футбольнай лігі, а 11 сьнежня 2007 году на ўрачыстай цырымоніі ў Бэкінггэмскім палацы Гігс быў удастоены тытула афіцэра ордэна Брытанскай імпэрыі[4]. У студзені 2011 году паводле вынікаў галасаваньня сярод заўзятараў Раян быў прызнаны найвялікшым гульцом у гісторыі «Манчэстэр Юнайтэд»[5].

Кар’ера

рэдагаваць

Раян Гігс нарадзіўся ў Кардыфе, але разам зь сям’ёй пераехаў у Манчэстэр. Пасьля пераезду Гігс пачаў выступаць за аматарскі клюб «Дынз», які трэніраваў скаўт «Манчэстэр Сіці» Дэніс Скофілд. Пасьля гэтага Раян бы ўзалічаны ў акадэмію «Манчэстэр Сіці», аднак дзякуючы назіраньням за юнаком разносчыка газэтаў і ст’юарда стадыёну «Олд Трафард» Гаралда Ўуда, які наўпрост зьвярнуўся да Алексу Фэрг’юсана, Гігс быў запрошаны ў «Манчэстэр Юнайтэд».

Гігс дэбютаваў за «Манчэстэр Юнайтэд» у сэзоне 1990—1991 гадоў, 29 лістапада 1990 году ў свой сямнаццаты дзень нараджэньня Гігс падпісаў свой першы прафэсійны кантракт. Да таго часу многія называлі яго самым таленавітым брытанскім гульцом з часоў Джорджа Бэста. Дэбют Гігса ў чэмпіянаце адбыўся 2 сакавіка 1991 году ў матчы супраць «Эвэртану» на «Олд Трафард», Гігс выйшаў на замену Дэнісу Ірвіну. 4 траўня 1991 году ў манчэстэрскім дэрбі Гігс выйшаў на поле ў стартавым складзе й забіў пераможны гол у браму «Манчэстэр Сіці». З сэзону 1991—1992 гадоў Раян стаў рэгулярным гульцом асновы, працягваючы паралельна выступаць за моладзевы склад «Юнайтэд», у якім ён быў капітанам. Юнак часьцяком зьвяртаўся па параду да больш дасьведчаных гульцоў, Браяна Робсана й Пола Інса[6].

 
Раян у 2006 годзе

Большую частку сэзону «Юнайтэд» ачольваў турнірную табліцу чэмпіянату, але ў выніку заняў толькі другое месца, саступіўшы чэмпіёнскі тытул «Лідс Юнайтэд». Гэта быў апошні сэзон у гісторыі старога Першага дывізіёну. У наступным годзе быў створаны новы турнір, Прэм’ер-Ліга. Менавіта талент гульца, а таксама прыход у клюб Эрыка Кантаны шмат у чым забясьпечылі «Юнайтэд» будучае дамінаваньне ў Прэм’ер-лізе. Алекс Фэрг’юсан стараўся абараніць юнага Гігса ад прэсы, забараняючы яму даваць інтэрвію да 20-гадовага ўзросту. Сваё першае інтэрвію Гігс даў рэпартэру BBC толькі ў сэзоне 1993—1994 гадоў.

 
У гульні супраць «Эвэртану»

Неверагодная папулярнасьць Раяна адзначыла нараджэньне новага пакаленьня футбольных заўзятараў, а самога Гігса аднойчы назвалі «хлопцам, які зьвярнуў мільёны нявінных душаў падлеткаў у заўзятараў „Юнайтэд“»[7]. Фэномэн Гігса выявіўся ў той час, калі футбол стаў у большай ступені гульнёй для масаў, чым толькі для працоўнай клясы. Гігс даказаў, што акрамя выдатнай тэхнікі працы зь мячом, ён таксама здольны забіваць галы. Многія зь ягоных галоў былі асабліва запамінальнымі й уключаліся ў розныя сьпісы «галоў сэзону», напрыклад галы ў браму «Кўінз Парк Рэйнджарз» ў 1993 годзе, «Тотэнгэму» ў 1994, «Эвэртану» ў 1995, «Ковэнтры Сіці» ў 1996, а таксама надзвычайны сольны праход, які завяршыўся голам у браму лёнданскага «Арсэналу» ў перагулёўцы паўфіналу Кубка Ангельшчыны 1999 году.

У сэзоне 1994—1995 гадоў з-за траўмы Гігс правёў у чэмпіянаце толькі 29 матчаў, а сам клюб бяз Раяна правёў сэзон няўдала, саступіўшы тытул «Блэкбэрн Ровэрз». У фінале Лігі чэмпіёнаў 1999 году Гігс зрабіў галявую перадачу на Тэдзі Шэрынггэма. Перамогшы ў Прэм’ер-Лізе, Кубку Ангельшчыны й Лізе чэмпіёнаў, «Манчэстэр Юнайтэд» заваяваў унікальны «трэбл», які не скараўся раней ніводнаму ангельскаму клюбу. Гігс таксама быў прызнаны «гульцом матчу» ў розыгрышы Міжкантынэнтальнага кубка 1999 году. «Юнайтэд» атрымаў перамогу ў гэтым матчы супраць бразыльскага клюбу «Палмэйрас» зь лікам 1:0. У гэты час прэса пераключыла фокус сваёй увагу на новых герояў, у першую чаргу на Дэйвіда Бэкгэма.

Пасьля сыходу з клюбу Дэніса Ірвіна ў траўні 2002 году Гігс стаў адным з самых досьведных гульцоў у складзе «Манчэстэр Юнайтэд», не зважаючы на тое, што яму было ўсяго толькі 28 гадоў. 22 траўня 2004 году ён згуляў у фінале Кубка Ангельшчыны й у чацьверты раз атрымаў перамогу ў гэтым турніры, стаўшы такім чынам адным з двух гульцоў разам з Роем Кінам, якія чатыры разы атрымлівалі перамогу ў Кубку Ангельшчыны, выступаючы за «Юнайтэд». Выйшаўшы на поле ў верасьні 2004 году ў матчы супраць «Лівэрпулу», Гігс правёў сваю 600-ю гульню ў майцы «Юнайтэд». Гэтае дасягненьне, акрамя яго, скаралася толькі сэру Бобі Чарльтану й Білу Фоўлксу. У 2005 годзе паўабаронца быў уключаны ў Залю славы ангельскага футболу ў даніну прызнаньня ягоных заслуг перад ангельскім футболам.

У сэзоне 2007—2008 гадоў Алекс Фэрг’юсан актыўна выкарыстоўваў сыстэму ратацыі гульцоў паўабароны, выпускаючы на адну пазыцыю Гігса або пачаткоўцаў каманды Нані й Андэрсана. Тым ня менш у найважнейшай гульні чэмпіянату супраць «Чэлсі» Гігс выйшаў у стартавым складзе, зрабіўшы галявую перадачу на Карляса Тэвэса, які забіў свой першы гол за «Манчэстэр Юнайтэд». З пачатку сэзона 2008—2009 гадоў Фэрг’юсан пачаў выкарыстоўваць Гігса на пазыцыі цэнтральнага паўабаронцы пад нападнікамі, замест звыклай валійцу пазыцыі на флянзе. Гігс хутка адаптаваўся да сваёй новай ролі й адзначыўся галявымі перадачамі ў гульнях супраць «Мідлзбра» й «Ольбаргам».

Паводле вынікаў пасьпяховага сэзону 2008—2009 гадоў Гігс быў уключаны ў лік кандыдатаў на атрыманьне ўзнагароды «Гулец году па вэрсіі футбалістаў ПФА»[8]. 26 красавіка 2009 году Раян атрымаў гэтую ўзнагароду, упершыню ў сваёй кар’еры[9]. 13 сьнежня Гігс быў названы найлепшым спартоўцам 2009 году паводле вэрсіі BBC, апярэдзіўшы такіх сур’ёзных канкурэнтаў, як чэмпіёна «Формулы-1» Джэнсана Батана й найлепшую лёгкаатлетку краіны Джэсыку Эніс[1]. 1 лютага 2011 году ў выніку шасьці тыдняў галасаваньня, арганізаванага афіцыйным часопісам клюбу, прыхільнікі «Манчэстэр Юнайтэд» абралі Гігса найвялікшым гульцом у гісторыі клюбу.

Міжнародная

рэдагаваць
 
У кашулі нацыянальнай зборнай

У пачатку кар’еры Гігс гуляў за школьную зборную Ангельшчыны, але затым пачаў выступаць за зборную Ўэйлзу. Ягоны дэбют адбыўся 5 чэрвеня 1991 году ў матчы супраць зборнай Нямеччыны. Гэтак Раян, якому было 17 гадоў, стаў самым маладым гульцом у гісторыі нацыянальнай зборнай. Усяго з 1991 па 2007 гады ён правёў за зборную 64 матчы, у якіх забіў 12 галоў. У 2004 годзе ён быў прызначаны капітанам зборнай Ўэйлзу.

Гігс падвяргаўся крытыцы за сваё нежаданьне ўдзельнічаць у таварыскіх матчах нацыянальнай зборнай. З моманту свайго дэбюту ў 1991 годзе, Гігс на працягу дзевяці гадоў не гуляў у таварыскіх матчах за Ўэйлз, прапусьціўшы 18 такіх матчаў запар. Афіцыйнай прычынай адсутнасьці Гігс у такіх гульнях ва ўсіх выпадках называліся траўмы. Тутака трэба адзначыць, што галоўны трэнэр «Манчэстэр Юнайтэд» Алекс Ферг’юсан даволі неахвотна адпускаў гульцоў свайго клюбу ў зборныя на таварыскія матчы.

30 траўня 2007 году Гігс склікаў прэс-канфэрэнцыю, на якой заявіў аб завяршэньні выступаў за зборную[10]. Галоўнай прычынай такога рашэньня ён назваў жаданьне цалкам сканцэнтравацца на клюбнай кар’еры. Апошнім матчам Гігса за зборную стаў адборны матч да чэмпіянату Эўропы 2008 году супраць зборнай Чэхіі, які прайшоў 2 чэрвеня ў Кардыфе. У гэтай сустрэчы капітан валійцаў быў прызнаны «гульцом матчу»[11].

Дасягненьні

рэдагаваць

Манчэстэр Юнайтэд:

Дысцыпліна

рэдагаваць

Гігс вельмі рэдка атрымлівае жоўтыя карткі. Акрамя таго, ён ніводнага разу не атрымліваў чырвоную картку, выступаючы за «Манчэстэр Юнайтэд», і толькі адзін раз быў выдалены ў матчы нацыянальных зборных. Гэта здарылася ў 2001 годзе, калі Ўэйлз гуляў супраць зборнай Нарвэгіі. У лістападзе 2003 году Футбольная асацыяцыя прызнала Гігса вінаватым ў неадпаведных паводзінах пасьля матчу супраць «Арсэналу». На тым жа тыдні Гігс атрымаў двухматчавую дыскваліфікацыю ад гульняў за зборную пасьля наўмыснага ўдару локцем у твар гульца зборнай Расеі Вадзіма Яўсеева. Арбітар матчу не заўважыў гэтае парушэньне, але яно было ўстаноўлена пасьля па відэазапісе інцыдэнту.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць