Раман Рагінскі
Рама́н Рагі́нскі (па-польску: Roman Rogiński; 29 лютага 1840, Ловіцкі павет, Мазавецкая губэрня, Царства Польскае, Расейская імпэрыя — 15 лютага 1915, Сенява, Галіцыя, Аўстра-Вугоршчына) — паўстанец 1863—1864 гадоў.
Біяграфія
рэдагавацьСын Юзэфа і Ізабэлы, у дзявоцтве Мадзелеўскай, Рагінскіх. Бацька служыў інтэндантам у сьледчай вязьніцы ў Варшаве. Пасьля заканчэньня Варшаўскай рэальнай гімназіі, у якой уваходзіў у патрыятычнае колка, у 1861 годзе ўдзельнічаў у патрыятычных маніфэстацыях у Варшаве і на правінцыі, у арганізацыі пратэсту супраць выбараў органаў самакіраваньня і ў зьезьдзе ў Гародлі (Грубешаўскі павет Люблінскай губэрні). Як агент Камітэту Руху засноўваў каморкі, якія падпарадкоўваліся яму, у Радаме і Сухеднюве (Келецкая губэрня і павет). З-за пагрозы арышту ў студні 1862 г. падаўся праз Парыж у Польскую вайсковую школу ў італьянскім горадзе Генуі. Там яго абралі сакратаром Таварыства Моладзі. Па заканчэньні школы праз Парыж вярнуўся ў Варшаву і ў кастрычніку 1862 г. Цэнтральным нацыянальным камітэтам у Варшаве быў адразу прызначаны памочнікам, а ў лістападзе 1862 г. камісарам па Падляскім ваяводзтве. Першым ён заарганізаваў Бельскі павет, затым люстраваў ваяводзтва. Неаднаразова са справаздачамі наведваў Варшаву. Напярэдадні выбуху паўстаньня меў загад збройнага авалоданьня павятовым горадам Бела (цяпер Бяла-Падляска) Бельскага павету. У ноч з 22 на 23 студня 1863 г. зрабіў няўдалую спробу авалодаць Белай, але з-за паднятага па трывозе гарнізону рэтыраваўся адтуль з 60 людзьмі. Неўзабаве сканцэнтраваў іх больш за тысячу, з пачатку на Берасьцейскай шашы, затым у мястэчку Янаў. 29 студня 1863 году ўступіў у Белу, якую пакінуў расейскі генэрал Мамаеў. 1 лютага 1863 году правёў пад Белкай ноччу сутычку з расейскім душыцелем Каўказу Сьвіты Ягонай Вялікасьці генэрал-маёрам графам Іванам Рыгоравічам Носьціцам, які падыйшоў з Брэста-Літоўскага. Адыходзячы на поўнач 4 лютага 1863 году Рагінскі перайшоў праз раку Заходні Буг. З рапарту Носьціца ад 31 студня 1863 году: «Хэўра Рагінскага, якая перайшла праз Буг пасьля нанесенага ёй паражэньня войскамі даручанага мне атраду 23 чысла пры пераправе ў Няміраве, была 24-га ў Высока-Літоўску (цяпер мястэчка Высокае ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі) і намервалася накіравацца да Камянцу (цяпер цэнтар Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці Беларусі), але даведаўшыся, што я выслаў з Брэст-Літоўску батальён пры 2-х гарматах 25 чысла пасьпяшаліся адступіць». 7 лютага 1863 г. Рагінскі ўдзельнічаў у бітве пад мястэчкам Сямятычы Бельскага павету Гарадзенскай губэрні. З рапарту Носьціца ад 31 студня 1863 году: «Хэўра Рагінскага спазьнілася ў Сямятычы і не прынесла аніякай карысьці разьбітым мяцежнікам, пасьпешна адступіла адтуль і хацела ізноў накіравацца на Высока-Літоўск, але, бачачы што прамы шлях перагароджаны, хутка павярнула ў бок, ля вёскі Верпеле. Нягледзячы на стомленасьць войск, я адразу паслаў падпалкоўніка Янішэўскага з 3 ротамі, адной гарматай і ўсімі казакамі ў пагоню за мяцежнікамі. Хэўры гнаў ён да Зубачэй (цяпер вёска ў Бярозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі), захапіўшы некалькі палонных і павозку зь ядомымі прыпасамі ды гарэлкаю». Ня жадаючы «нікому падлягаць» Рагінскі зь невялікім аддзелам у 150 чалавек рушыў на ўсход па паўднёвых паветах Гарадзенскай губэрні. Панёс страты на Каралёвым Мосьце. З рапарту Носьціца ад 31 студня 1863 году: «Тут даведаўся я, што мяцежнікі ўвайшлі ў Пушчу праз Бобінку (цяпер вёска ў Камянецкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі), і Старыну (цяпер вёска ў Бярозаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі), дзе ўзялі правадніка, але стомленыя безупынным прасьледаваньнем адышлі недалёка, зрабілі прывал ва ўрочышчы Перадзел, што па дарозе са Стаўпавіскі ў Гайнаўку. Там, з-за сваркі, якая адбылася паміж Рагінскім ды Шаняўскім (памешчыкам Бельскага павету), разьдзяліліся на дзьве партыі — адна малалікая пайшла ў Арэшкава і выйшла з Пушчы ў кірунку да мястэчка Орля, другая, самая значная і якая мела больш стралкоў пад камандаваньнем Рагінскага, пайшла на поўдзень, да ўрочышча Белае, і супынілася там на начлег… Калі я дайшоў да Стаўпавіскі са ўсім атрадам, то зьмяніў першапачатковы плян дзеяньняў і рашыўся дзейнічаць са ўсёю магчымаю хуткасьцю на Каралёў Мост… Сьнег і завіруха вельмі садзейнічалі хуткаснаму руху, і мяцежнікі былі засьпеты зьнянацку і разьбітыя ўшчэнт… Войскі, якія падступалі, крычалі ім здацца, але ў адказ атрымлівалі выстралы… Я спыніў прасьледаваньні, маючы на мэце, нягледзячы на зроблены ўжо пераход у 30 вёрстаў па гразі і балоце, прайсьці яшчэ 16 вёрстаў да Белавежы, куды магла прыбыць партыя, якая аддзялілася ад Рагінскага і накіравалася пад камандаю Шаняўскага ў Орлю… Сялянамі і лясною вартаю Белавескай пушчы я вельмі задаволены — яны ловяць уцекачоў і параненых».
13 лютага 1863 году ноччу Рагінскі ўвайшоў у Пружаны, дзе захапіў зброю і амуніцыю. З рапарта палкоўніка Паўлава вядома што «хэўра мяцежнікаў, якая разрабавала 9 лютага параконную эстафэту і пошту, якая ехала зь Пінску, напярэдадні таго дня ў колькасьці 50-ці чалавек, узброеных аднадубальтовымі стрэльбамі, рэвальвэрамі, нажамі і шаблямі, сустрэлі ў маёнтку Невелі пяцісоцкага Берасьневіча, павесілі яго на дрэве, потым, зьняўшы і пасадзіўшы на мароз паўмёртвым, далі ў яго чатыры выстралы; па адбыцьці адтуль нагналі іх яшчэ некалькі чалавек, інсургентаў узброеных і, злучыўшыся, рушылі разам, а 9 лютага, калі зайшлі ў маёнтак Стаховічы да памешчыка Рачынскага і патрабаваўшы харчоў, ўзялі з сабой насільна сына яго Рачынскага Эдварда і двух служкаў, а потым, спыніўшы параконную эстафэту, забіўшы пры гэтым выпадку, параніўшы ў шыю, наглядчыка Колберга, які суправаджаў эстафэту, схаваліся ў карчму, дзе па прачытаньні ўсе пакеты спалілі; пасьля гэтага дачакаўшыся пошты разрабавалі яе, параніўшы вазьніцу ў руку; пры гэтым забралі высланыя зь Пінскага павятовага казначэйства 41 т. руб. І пяць штук серій, усяго ж на суму 55460 руб. 58 кап. Мост, які стаяў на паштовай дарозе, спалілі».
На Пінск з-за малалікасьці свайго аддзела напасьць не рашыўся, таму павярнуў на поўнач. У Слуцкім павеце Менскай губэрні на хутары Баркі быў 25—26 лютага 1863 году ноччу атакаваны пераўзыходзячымі сіламі карнікаў і разьбіты. Толькі зь невялікай купкай супольнікаў Рагінскі сышоў Пінскімі балотамі. 3 сакавіка 1863 году ён трапіў у рукі карнікаў у мястэчку Тураў Мазырскага павету Менскай губэрні. Быў прывезены ў павятовы горад Брэст-Літоўск Гарадзенскай губэрні, а затым у Варшаву дзе 1 красавіка 1864 г. пачаў даваць праўдзівыя паказаньні, у якіх пацьвердзіў вінаватасьць шматлікіх асобаў, пра якіх хоць што-кольвек ведаў. У выніку тых сьведчаньняў і заступніцтва генэрал-маёра Носьціца сьмяротны прыгавор ад 23 жніўня 1863 г. быў заменены на 20 гадоў катаргі, якую Рагінскі адбываў на Іркуцкім саляварным заводзе ва Ўсольлі Іркуцкай губэрні. Ужо ў 1868 годзе, ізноў па хадайніцтве Носьціца, быў пераведзены на пасяленьне, жыў у слабадзе Віцім Кірэнскай акругі Іркуцкай губэрні (цяпер пасёлак у Ленскім раёне Рэспублікі Саха (Якуція)), акруговым горадзе Верхнеудзінску Забайкальскай вобласьці, у Іркуцку. Вырабляў ды прадаваў вяндліны, быў загадчыкам складу сьпірта. Пабраўся шлюбам з настаўніцай Людвікай Неўман (Нейман) ад якой меў сына Вацлава і дачку Галіну-Іаанну (1884—1972), пісьменьніцу. У 1892 г. вярнуўся ў Прывісьлінскі край Расейскай імпэрыі, спачатку пасяліўся ў павятовым горадзе Грубешаве Люблінскай губэрні, потым працаваў бугальтарам у маёнтку Браніцкіх Кумейках. Быў у пашане ў вэтэранаў паўстаньня, якія ня ведалі пра ягоныя паказаньні на сьледзтве. Па прапанове Аляксандра Краўсгара напісаў свае ўспаміны пра падзеі 1861—1863 гадоў у якіх моцна прыкрасіў ўласную ролю, а недружалюбных да яго людзей паказаў з дрэннага боку. Памёр у мястэчку Сенява ў Галічыне.
Творы
рэдагаваць- Kartki z pamiętnika (1861—1863). // Powstanie styczniowe na Lubelszczyźnie. Pamiętniki. 1966.
Літаратура
рэдагаваць- Zieliński S. Bitwy i potyczki 1863-1864. Na podstawie materyałów drukowanych i rękopiśmiennych Muzeum Narodowego w Rapperswilu. Rapperswil. 1913. S. 314, 321
- Виленский временник. Кн. VI Архивные материалы Муравьевского музея, относящиеся к польскому восстанию 1863-1864 г.г. в пределах Северо-Западного края. Ч. ІІ. Переписка о военных действиях с 10-го января 1863 года по 7-е января 1864 года. Вильна. 1915. С. 54-57, 67-68, 73-74
- Миско М. В. Польское восстание 1863 года. Москва. 1962. С. 189
- Kieniewicz S. Rogiński Roman. // Polski słownik biograficzny. T. XXXI/3. Z. 130. Wrocław, Warszawa, Kraków, Gdańsk, Łódź. 1988. S. 426-430
- Кісялёў Г. На пераломе дзвух эпох. Паўстаньне 1863 года на Міншчыне. Мінск. 1990. С. 10
- Рагінскі (Rogiński) Раман. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8 С. 43—44
- Хурсік В. Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 г. г. Гістарычны нарыс і спісы. Мінск. 2001. С. 78.