Уладзімер Пічэта

(Перанакіравана з «Пічэта»)

Уладзі́мер Іва́навіч Пічэ́та (21 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1878, Палтава — 23 чэрвеня 1947, Масква) — савецкі беларускі і расейскі гісторык, выкладнік, першы рэктар БДУ (ліпень 1921 — кастрычнік 1929), акадэмік АН БССР (1928), акадэмік АН СССР (1946), заслужаны прафэсар БССР (1926), заслужаны навуковы дзеяч Узбэцкай ССР (1943).

Уладзімер Пічэта
Дата нараджэньня 9 (21) кастрычніка 1878
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 23 чэрвеня 1947(1947-06-23)[1] (68 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак гісторык, прафэсар унівэрсытэту, славіст
Навуковая сфэра гісторыя
Месца працы
Сябра ў Акадэмія навук СССР[d]
Навуковая ступень доктар гісторыі[d] (1918), акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР[d] (1929) і акадэмік АН СССР[d] (1946)
Навуковы кіраўнік Мацьвей Любаўскі
Вучні Канстантын Кернажыцкі
Узнагароды

Біяграфія

рэдагаваць

Уладзімер Іванавіч Пічэта нарадзіўся 21 кастрычніка [ст. ст. 9 кастрычніка] 1878 у Палтаве. Яго бацька, Іван (Ёван) Хрыстафоравіч (1844—1920), ураджэнец горада Мостар у Герцыгавіне, быў рэктарам Віцебскай з 24 лютага 1888 г., а затым Палтаўскай духоўнай сэмінарыі з 27 жніўня 1890 г. да 16 жніўня 1902 г. Маці навукоўца, Марыя Рыгораўна Грыгарэнка (1846—1911), украінка паводле паходжаньня, была дачкой кіеўскага чыноўніка Казённай палаты. [2]

Скончыў Палтаўскую гімназію. У 1901 годзе завяршыў навучаньне на гісторыка-філялягічным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту з дыплёмам 1-й ступені. З 1901 па травень 1902 году выкладаў у сярэдніх навучальных установах Масквы. Пасьля, да 1905 году, працаваў ва Ўкраіне. З 1905 году зноў у Маскве.

У 1910 годзе здаў магістарскі іспыт і быў зацьверджаны прыват-дацэнтам Маскоўскага ўнівэрсытэту. Аднак ужо ў 1911 годзе пакінуў яго, пратэстуючы супраць палітыкі ўнівэрсытэцкага кіраўніцтва. У выніку кастрычніцкага перавароту 1917 году Пічэта стаў выкладчыкам у МДУ. 18 лютага 1918 году пасьпяхова абараніў дысэртацыю на ступень магістра расейскай гісторыі. 19 траўня гэтага ж году абараніў дысэртацыю на ступень доктара расейскай гісторыі. У 1919 годзе быў прафэсарам Тамбоўскага і Смаленскага ўнівэрсытэтаў. У 1921 быў прызначаны рэктарам і прафэсарам расейскай гісторыі БДУ. Адзін са стваральнікаў Інбелкульта. У 1921—1925 гадох абіраўся ў ЦВК БССР. З 1928 — чалец АН БССР. У 1930 годзе быў арыштаваны ў Ленінградзе па сфабрыкаванай справе, пазбаўлены званьня акадэміка і сасланы на пяцігадовы тэрмін у Вятку. У 1935 годзе справа Пічэты была перагледжана (існуе легенда, што гэтаму спрыяў прэм’ер-міністар Чэхаславаччыны, зь якім Уладзімер Іванавіч у свой час навучаўся), і яму дазволілі жыць у Маскве. З 1937 году працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР. У 1946 годзе стаў акадэмікам АН СССР.

Памёр у чэрвені 1947 году. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Рэктар БДУ

рэдагаваць

У лютым 1919 году Наркамат асьветы ў Менску стварыў адмысловую камісію, якая мусіла займацца пытаньнем арганізацыі БДУ. Крыху пазьней, вясною гэтага ж году, была створана яшчэ й маскоўская камісія, якая ўзяла на сябе тыя ж функцыі. У лютым 1921 году ў Маскве было арганізавана часовае праўленьне Белдзяржунівэрсытэту, у якое ўвайшлі У. І. Пічэта, З. Р. Грынберг, Ф. Ф. Турук.

8 ліпеня, згодна з пастановай Наркамасьветы ССРБ, было зацьверджана паўнамоцнае праўленьне БДУ ў складзе У. І. Пічэты (на пасадзе рэктара), Ф. Ф. Турука, У. М. Ігнатоўскага, М. Я. Фрумкінай. Важна адзначыць прысутнасьць у складзе праўленьня студэнтаў, але рэальны ўдзел іх у кіраваньні ўнівэрсытэтам зьяўляўся мізэрным. Акрамя праўленьня існаваў яшчэ Савет БДУ. Ягоныя чальцы абіраліся на агульным сходзе супрацоўнікаў.

У кастрычніку 1921 году было зацьверджана «Палажэньне аб вышэйшых навучальных установах РСФСР». У адпаведнасьці зь ім 17 студзеня 1922 году было абрана новае праўленьне ў складзе: У. І. Пічэты (рэктар), У. М. Іваноўскага, С. З. Кацэнбогена, У. І. Корсака і студэнта-ваенкома мэдфака С. І. Буркусевіча. Факультэты ўзначальвалі вядомыя на той час навукоўцы, усе, без выключэньня, прафэсары.

Першапачаткова матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне ўнівэрсытэту магло задаволіць ягоныя патрэбы, аднак ужо праз год, пасьля новага прыёму студэнтаў, умовы навучаньня значна пагоршыліся: будынкі, ў якіх месьціўся ўнівэрсытэт, не зьмяшчалі ўсіх студэнтаў, не хапала падручнікаў, мэблі, месцаў у інтэрнатах.

Каб выйсьці з такога становішча было вырашана ўвесьці ва ўнівэрсытэце платную форму навучаньня, што і было зроблена ў сакавіку 1922 году. Акрамя таго, БДУ атрымліваў сродкі непасрэдна з Масквы ў выглядзе крэдытаў, значную дапамогу аказваў ЦВК ССРБ, важную ролю грала благачыннасьць. Толькі празь некалькі гадоў пасьля заснаваньня ўнівэрсытэт стаў атрымліваць неабходныя сродкі для існаваньня, зьявіўся сталы бюджэт.

Фактычна адначасова з БДУ пачала працаваць ягоная бібліятэка. Ужо ў канцы 1922 году ў ёй налічвалася больш за 100 тысячаў тамоў. Штогод ЦВК выдзяляў значныя суммы на набыцьцё новых кнігаў, бо бібліятэка ўнівэрсытэту зьяўлялася адначасова і дзяржаўнай.

У 1925 годзе былі падрыхтаваныя першыя маладыя адмыслоўцы. Першую ў гісторыю БДУ дыплёмную работу абараніў У. М. Каракулька на тэму «Ножницы (фабрично-заводская промышленность и сельскохозяйственный рынок СССР)».

Значным дасягненьнем Пічэты стала прыняцьцё ўрадам ў 1928 годзе рашэньня аб будаўніцтве студэнтцкага гарадка, якое, зрэшты, адбудзецца ўжо пры іншых рэктарах.

Такім чынам, па стане на 1 кастрычніка 1927 году на чатырох факультэтах БДУ (рабочы, пэдагагічны, права і гаспадаркі, мэдыцынскі) навучалася 2672 студэнты, працавала 257 навукоўцаў, сярод іх 49 прафэсароў і 51 дацэнт. Летам 1928 году было прынята рашэньне аб стварэньні хіміка-тэхналягічнага факультэту. Беларусізацыя дасягнула значных посьпехаў. Так на пэдфаку ў 1927 годзе 65% вучэбных гадзінаў выкладалася на беларускай мове, 20% — на расейскай, 15% — на габрэйскай.

У 1929 годзе, ва ўмовах барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам, У. І. Пічэта быў адхілены ад пасады, а праз год арыштаваны па справе акадэміка Платонава.

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

Аўтар амаль 500 працаў, зь якіх блізу 150 напісаны на беларускую тэматыку. Стваральнік навуковай школы гісторыкаў-мэдыявістаў. Сярод яго вучняў быді Дзяніс Дудкоў, Канстантын Кернажыцкі, Тодар Забэла, Аксіньня Таўсталес, Андрэй Бурдзейка.

Савецкае замоўчваньне

рэдагаваць

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Ўладзімера Пічэты прадугледжвалася «спальваць»[3].

Бібліяграфія

рэдагаваць
Папярэднік
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
ліпень 1921 — кастрычнік 1929
Наступнік
Язэп Каранеўскі

Літаратура

рэдагаваць
  • А. А. Яноўскі, А. Г. Зельскі. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. — Мн.: БДУ, 2001. — 320 с.
  • ПІЧЭТА Уладзімір Іванавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Pičeta, Uładzimir // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Памяти академика В. И. Пичеты // Вопросы истории : часопіс. — 1947. — № 9. — С. 158, 159.