Этнічная самасьвядомасьць

(Перанакіравана з «Самасьвядомасьць»)

Этнічная самасьвядомасьць — неад’емны кампанэнт этнасу, адзін з найважнейшых этнічных вызначальнікаў, які дазваляе меркаваць пра наяўнасьць этнасу як асобнай супольнасьці.

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя вывучэньня этнічнай самасьвядомасьці пачынаецца з замацаваньня дадзенага паняцьця ў навуковай літаратуры ў канцы 40-х гг. XX ст. Адным зь першых, хто зьвярнуў увагу на гэтую праблему, быў П.І. Кушнер. Да канца 60-х гг. этнічнай самасьвядомасьці адводзілася другаснае месца сярод кампанэнтаў этнасу, што тлумачыцца яе вытворнасьцю ад аб’ектыўных характарыстык этнасу, такіх, як мова, тэрыторыя і інш. Імкненьне захаваць чысьціню матэрыялістычнага падыходу ў этнічнай сфэры не дазваляла паставіць этнічную самасьвядомасьць у цэнтар увагі. Зьмены адбыліся ў канцы 60-х гг. Большасьць навукоўцаў тады прызнала, што этнічная самасьвядомасьць, нягледзячы на сваю суб’ектыўную прыроду, зьяўляецца важным кампанэнтам этнасу.

У 70-80-я гг. тэарэтычныя пытаньні этнічнай самасьвядомасьці вывучалі Ю. Брамлей, І. Казлоў, М. Крукаў, Л. Дробіжава. Яе вылучылі як асобны прадмет дасьледаваньня. Важным этапам у яе асэнсаваньні зрабіўся сыстэмны аналіз. Этнічная самасьвядомасьць пачала разглядацца як сыстэма канкрэтных элемэнтаў.

Ю. Брамлей вылучаў наступныя элемэнты этнічнай самасьвядомасьці:

1) усьведамленьне прыналежнасьці да пэўнага этнасу,
2) уяўленьне пра характэрных рысы свайго этнасу,
3) усьведамленьне яго этнічных інтарэсаў,
4) уяўленьне пра агульнасьць паходжаньня чальцоў этнасу.

Характарыстыка этнічнай самасьвядомасьці

рэдагаваць

Этнічная самасьвядомасьць узьнікае сярод чальцоў этнічнай групы (супольнасьці). Вылучэньне этнічнай супольнасьці грунтуецца на сукупнасьці прыкметаў біялягічнага, геаграфічнага, сацыяльнага, культурнага, псыхалягічнага характару. На пачатку фармаваньня этнасу (этнічнай супольнасьці) самасьвядомасьць ахоплівае ня ўвесь масіў, а толькі кола асобаў, для якіх этнічная самасьвядомасьць зьяўляецца найбольш актуальнай. Распаўсюджаньне самасьвядомасьці на астатніх чальцоў супольнасьці — гэта працяглы працэс. Эвалюцыя этнічных супольнасьцяў ускладняе этнічную самасьвядомасьць. Кожнае новае пакаленьне ня толькі ўзнаўляе яе, але і пераасэнсоўвае згодна з новымі ўмовамі разьвіцьця.

На фармаваньне этнічнай самасьвядомасьці асобы ўплывае шэраг фактараў:

1) этнічнае асяродзьдзе (этнічная прыналежнасьць бацькоў і людзей, якія жывуць у дадзеным рэгіёне),
2) этнакультурныя традыцыі,
3) этнакультурная і этнапалітычная сытуацыя ў грамадзтве.

Станоўчыя адносіны да сваёй этнічнай супольнасьці садзейнічаюць фармаваньню трывалай этнічнай самасьвядомасьці.

Асобнае месца этнічнай самасьвядомасьці ў сыстэме кампанэнтаў этнасу зьвязанае з найбольшай у параўнаньні зь іншымі кампанэнтамі этнічнай вызначанасьцю. Гэта значыць, што наяўнасьць этнічнай самасьвядомасьці ў найбольшай ступені сьведчыць пра прыналежнасьць асобы да пэўнага этнасу. Асоба можа не валодаць мовай свайго этнасу, не характарызавацца асаблівасьцямі яго культуры ў поўнай меры, але пры наяўнасьці этнічнай самасьвядомасьці (бярэцца перш за ўсё самаідэнтыфікацыя, адлюстраваная ў этноніме) астатнія прыкметы адыходзяць на другі плян. Зьмяненьне этнічнай самасьвядомасьці разглядаецца як пераход у іншую этнічную супольнасьць.

Разам з тым, этнічная самасьвядомасьць не валодае стопрацэнтнай дакладнасьцю як этнавызначальнік. Вызначанасьць яе зьмяншаецца ў выпадку яе шматзначнасьці (складанасьці, неаднастайнасьці). Этнічная самасьвядомасьць будзе складанай, калі асоба адносіць сябе адначасова да дзьвюх ці болей этнічных супольнасьцяў. Такое магчыма пры актуальнасьці разам з этнічнай і субэтнічнай або метаэтнічнай самасьвядомасьці. Напрыклад, расейскае казацтва ўсьведамляе сябе асобнай групай у межах расейскага этнасу і адлюстроўвае гэта праз самасьвядомасьць. Адсюль вынікае, што казакі валодаюць расейскай этнічнай самасьвядомасьцю і казацкай субэтнічнай самасьвядомасьцю.

Актуалізацыя ж, напрыклад, славянскай самасьвядомасьці можа яшчэ больш ускладніць самасьвядомасьць субэтнічных групаў у межах славянскіх этнасаў. Пачуцьцё агульнаславянскай еднасьці будзе дапаўняць этнічную самасьвядомасьць тых жа беларусаў, расейцаў, палякаў, баўгараў, чэхаў, славакаў і іншых прадстаўнікоў славянства метаэтнічнай самасьвядомасьцю. Шматзначнай этнічная самасьвядомасьць асобы можа быць і ў выпадку рознай этнічнай прыналежнасьці бацькоў. Асоба, выхаваная ў сытуацыі этнакультурнай неаднароднасьці, будзе характарызавацца наяўнасьцю ў сыстэме самасьвядомасьці элемэнтаў, уласьцівых розным этнасам, што абцяжарвае яе этнічнае самаадчуваньне.

Этнічная самасьвядомасьць суіснуе зь іншымі формамі групавой самасьвядомасьці. Назіраецца цесная ўзаемасувязь паміж этнічнай самасьвядомасьцю і тэрытарыяльна-дзяржаўнай, рэлігійнай, клясавай і інш. Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі дзяржаўныя межы фармавалі ня толькі тэрытарыяльнае, але і культурнае, моўнае адзінства, замацаванае ў сьвядомасьці. Дзяржаўнае адзінства стварае ўмовы для этнічнай кансалідацыі. Прыкладам можа служыць насельніцтва Беларусі, якое на пачатак XX ст. не вызначалася адзінай этнічнай самасьвядомасьцю. Набыцьцё дзяржаўнасьці станоўча паўплывала на працэс станаўленьня адзінай беларускай этнічнай самасьвядомасьці. Асабліва ўражвае працэс распаўсюджаньня беларускай самасьвядомасьці ў Беларускай ССР у першыя дзесяцігодзьдзі яе існаваньня ў параўнаньні з сытуацыяй, якая склалася ў сфэры этнічнай самасьвядомасьці ў насельніцтва Заходняй Беларусі 20-30-х гг. Заходнія беларусы ня мелі магчымасьці разьвіваць уласную культуру на дзяржаўным узроўні, а іх самасьвядомасьць адлюстроўвалася праз назву «тутэйшыя».

Значная сувязь існуе і паміж этнічнай і рэлігійнай самасьвядомасьцю. Прыклад актыўнага ўзьдзеяньня рэлігіі на ход этнічнага разьвіцьця дае гісторыя праваслаўя і каталіцтва на тэрыторыі Беларусі. За часамі Расейскай імпэрыі пэўны час беларусам навязвалася канфэсійнае этнавызначэньне накшталт «праваслаўны — расеец», «католік — паляк». Дадзеныя этнаканфэсійныя стэрэатыпы адмоўна паўплывалі на фармаваньне беларускага этнасу.

Этнічная самасьвядомасьць адлюстроўвае ўсе асноўныя рысы этнасу. Яна ўяўляе складаную ў структурным пляне зьяву. Этнічную самасьвядомасьць можна вызначыць як сыстэму ўяўленьняў этнічнага суб’екта (этнас, этнафор) пра свае характэрныя асаблівасьці, якія вылучаюць яго сярод іншых аналягічных утварэньняў.

Сыстэма этнічнай самасьвядомасьці

рэдагаваць

Сыстэма этнічнай самасьвядомасьці мае наступныя кампанэнты:

  • этнічная самаідэнтыфікацыя (выяўляецца праз этнонім);
  • уяўленьні пра агульнасьць паходжаньня чальцоў этнасу, іх адзіным гістарычным мінулым;
  • уяўленьні пра тыповыя рыса свайго этнасу (мова, духоўная, матэрыяльная культура, стэрэатыпы паводзінаў, адносінаў);
  • усьведамленьне ўласных этнічных інтарэсаў.

У сыстэме этнічнай самасьвядомасьці цэнтральнае месца займае этнічная самаідэнтыфікацыя (усьведамленьне прыналежнасьці да пэўнага этнасу). Усе іншыя кампанэнты, якія фіксуюць рысы дадзенай супольнасьці і ўсебакова яе характарызуюць, выконваюць функцыі этнічных толькі пры наяўнасьці супрацьпастаўленьня «мы — яны» («свае — чужыя»).

Этнічная самасьвядомасьць можа быць уласьціва і асобе, і супольнасьці. Этнічная самасьвядомасьць асобы — гэта від індывідуальнай самасьвядомасьці, у якой сканцэнтраваныя ўяўленьні асобы пра сваю этнічную спэцыфіку. Гэты від самасьвядомасьці значна больш набліжаны да рэальнай сыстэмы прыкметаў у параўнаньні з этнічнай самасьвядомасьцю супольнасьці. Менавіта на ўзроўні індывіда пачынаецца ўсьведамленьне новых зьяваў у жыцьці этнасу, якія пазьней могуць перайсьці ў этнічную самасьвядомасьць супольнасьці. Апошняя ўяўляе больш высокі ўзровень абагульненьня і адлюстроўвае толькі найбольш значныя рысы этнасу. Этнічная самасьвядомасьць супольнасьці — гэта від грамадзкай самасьвядомасьці, якая ўласьціва этнічнай супольнасьці.

Грамадзкая самасьвядомасьць мае ўзроўні — звычайны і тэарэтычны, грамадзкай псыхалёгіі і ідэалёгіі. Этнічная самасьвядомасьць таксама можа аналізавацца з гледзішча дадзеных узроўняў, паколькі сама яна ўяўляе слой грамадзкай сьвядомасьці.

Звычайная этнічная самасьвядомасьць фармуецца стыхійна, у працэсе штодзённай практыкі жыцьцядзейнасьці этнасу. Яна ахоплівае досьвед чальцоў этнасу, замацаваны ў традыцыях і звычаях. Тэарэтычная этнічная самасьвядомасьць зьвязаная з навуковым пазнаньнем. Яна адлюстроўвае сутнасьць этнічных зяяваў і міжэтнічных дачыненьняў. Абодва ўзроўні цесна зьвязаныя паміж сабой.

Калі разглядаць этнічную самасьвядомасьць ня толькі як адлюстраваньне асаблівасьцяў этнічнага аб’екта ў выглядзе пэўных ведаў, а ўлічваць яе эмацыянальна-ацэначны характар, то ўяўляецца магчымым вылучаць узроўні этнічнай псыхалёгіі і ідэалёгіі. Этнічная псыхалёгія ахоплівае асаблівасьці псыхічнага складу этнасу, псыхалёгію міжэтнічных адносінаў, стэрэатыпы мысьленьня і адлюстроўвае эмацыянальны бок усіх кампанэнтаў этнічнай самасьвядомасьці. Этнічная псыхалёгія цесна зьвязаная са звычайнай этнічнай самасьвядомасьцю. Этнічная ідэалёгія ўяўляе сыстэму ідэяў і поглядаў, якія выказваюць галоўныя інтарэсы этнічнай супольнасьці. Этнічная ідэалёгія суадносіцца з тэарэтычнай этнічнай самасьвядомасьцю.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Т.М. Мікуліч Гісторыя развіцця этнічнай самасвядомасці беларусаў: Вучэбны дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 1998. — 40 с. — С. 4—11.
  • Ю.В. Бромлей. Этнос и этнография. — М., 1973; Очерки теории этноса. — М., 1983.
  • В.И. Козлов. Проблема этнического самосознания и её место в теории этноса // Советская этнография. — 1974. — №2. — С. 79—92.
  • М.В. Крюков. Эволюция этнического самосознания и проблема этногенеза // Расы и народы. Вып. 6. М., 1976.
  • Л.М. Дробижева. Национальное самосознание: база формирования и социально-культурные стимулы развития // Советская этнография. — 1986. — №5. — С. 3—16.